Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭР РАСЕЙСКІХ ПРАФСАЮЗАЎ ШМАКАЎ ВЫКАЗАЎ ПАДТРЫМКУ ГАНЧАРЫКУ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньняшняя сустрэча прафсаюзных лідэраў Беларусі й Расеі праходзіла ў межах нядаўніх дамоўленасьцяў пра каардынацыю дзеяньняў. Між тым, цяперашняе партнэрства, як прагучала на паседжаньні Каардынацынай рады, стрымліваюць антыпрафсаюзныя дзеяньні беларускіх уладаў.

(Шмакаў: ) "Мы надаем вялікае значэньне дзейнасьці нашай Каардынацыйнай рады ў справе аднаўленьня правоў беларускіх прафсаюзаў. З гэтай прычыны часта спрабуюць як у Беларусі, так і ў Расеі, запляміць маю рэпутацыю. У прыватнасьці, я маю на ўвазе пасквілі, што распаўсюджвала беларуская амбасада ў Расеі", — зазначыў лідэр расейскіх прафсаюзаў".

Прафсаюзная рада падтрымала чэрвеньскае рашэньне Міжнароднай арганізацыі працы аб прыняцьці да Беларусі адмысловага параграфу. Але, як вынікае з тлумачэньняў спадароў Ганчарыка і Шмакава, беларускія ўлады працягваюць ігнараваць міжнародныя працоўныя стандарты.

Таму намер лідэра беларускіх прафсаюзаў балятавацца ў прэзыдэнты Міхаіл Шмакаў разглядае як крок да станоўчых пераменаў. Паводле ягоных словаў, расейскія прафсаюзы зьбіраюцца ўважліва сачыць за прэзыдэнцкай кампаніяй у Беларусі.

(Шмакаў: ) "Я лічу, што неабходная праца назіральнікаў ад розных кандыдатаў за дзейнасьцю выбарчых камісіяў. У нас у Расеі падчас прэзыдэнцкіх выбараў дзейнічаюць вялікія групы міжнародных назіральнікаў. Спадзяюся, што так будзе і ў Беларусі, бо гэта міжнародная практыка.

У нас ёсьць шэраг дэпутатаў, вылучаных прафсаюзамі, якія працуюць у Дзяржаўнай думе. І калі будзе фармавацца дэлегацыя для назіраньня за выбарамі ў Беларусі, то мы з задавальненьнем папросім нашых сяброў увайсьці ў гэтую групу", — зазначыў Міхаіл Шмакаў.

Ён таксама паведаміў, што калі незалежныя назіральнікі прызнаюць выбары прэзыдэнта ў Беларусі недэмакратычнымі, то такая ж пазыцыя будзе і ў расейскіх прафсаюзаў.
XS
SM
MD
LG