Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬЕЗД БЕЛАРУСАЎ СЬВЕТУ ЗАКЛІКАЎ ЗАМЕЖНЫЯ ЎРАДЫ ПАДТРЫМАЦЬ БЕЛАРУСКІХ НЕЗАЛЕЖНІКАЎ


Валянціна Аксак, Менск

Пайсьці ў Савет міністраў маглі ўсе ахвотныя. Такіх знайшлося блізу 40 чалавек, якія прадстаўлялі пераважна суполкі беларусаў з краінаў постсавецкае прасторы. Зь імі сустрэліся тры міністры — адукацыі Стражаў, фінансаў Корбут і прадпрымальніцтва й інвэстыцыяў Скорбеш; старшыня Дзяржкамітэту ў справах друку Падгайны і намесьнік Дзяржкамітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Яновіч, а таксама намесьнік міністра культуры Гедройц. Іх ачольваў намесьнік кіраўніка ўраду Міхаіл Дзямчук.

Як сказаў нам сябар аргкамітэту зьезду Мікола Люцко, які браў удзел у сустрэчы ад ЗБС "Бацькаўшчына", ніякіх канкрэтных вынікаў яна ня мела, ні на адно з пастаўленых пытаньняў пэўнага адказу з вуснаў урадоўцаў не прагучала. На думку спадара Люцка, чыноўнікі проста выканалі нечае даручэньне ды стварылі бачнасьць клопату пра замежных суродзічаў. А яшчэ падаравалі ўсім кнігу матэрыялаў "усебеларускага народнага сходу".

Хто даў даручэньне, стала зразумела на дзённым пленарным паседжаньні, калі ў залі зьявіўся супрацоўнік прэзыдэнцкае адміністрацыі спадар Міхееў. Пасьля чаго намесьнік старшыні Дзяржкамітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў спадар Яновіч агучыў прывітальнае слова зьезду Аляксандра Лукашэнкі. У ім, у прыватнасьці, паведамлена, што ў Менску ў лістападзе гэтага году будзе скліканы кангрэс суайчыньнікаў.

Гэтая навіна была ўспрынятая дэлегатамі як афіцыйнае прызнаньне ўладаў у расколе дыяспары. Тым ня менш, яны лічаць, што асноўную мэту кансалідацыі замежных суродзічаў дзеля захаваньня незалежнасьці краіны Трэці зьезд беларусаў сьвету выканаў. Што і адлюстравана ў выніковых дакумэнтах.

У прынятай рэзалюцыі, у прыватнасьці, адзначаецца, што "Згуртаваньне беларусаў свету "Бацькаўшчына" будзе далей працягваць і пашыраць сваю дзейнасьць, скіраваную на ажыцьцяўленьне асноўных статутавых мэтаў: адраджэньня Беларусі як сувэрэннай дзяржавы, кансалідацыі беларусаў як нацыі і фізычнага захаваньня беларускага народу".

А ў прынятай дэклярацыі "Беларуская дыяспара і сьвет" зьезд заклікаў урады іншых краінаў, міжурадавыя арганізацыі, дабрачынныя фонды аказваць дапамогу беларускім дэмакратычным, незалежніцкім структурам, вольным СМІ, культурніцкім грамадзкім і гуманітарным арганізацыям на бацькаўшчыне і ў замежжы з тым, каб дапамагчы нацыі паскорыць вяртаньне краіны на шлях законнасьці і актывізаваць працэс фармаваньня грамадзянскае супольнасьці ў Беларусі.

Зьезд прыняў таксама праграму асноўных дзеяньняў па кансалідацыі і дапамозе беларускай дыяспары на пэрыяд да наступнага, чацьвертага зьезду, гэта значыць да 2005 году.

Прэзыдэнтам згуртаваньня беларусаў сьвету абраны прафэсар Анатоль Грыцкевіч, старшынёй рады Алена Макоўская.
XS
SM
MD
LG