Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ ЗАМЕЖЖА СПАДЗЯЮЦЦА НА ПЕРАМОГУ ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Cябар аргкамітэту Трэцяга зьезду беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" Аляксей Кароль лічыць, што нэгатыўнае стаўленьне ўладаў да правядзеньня такіх зьездаў стала ўжо заганнай традыцыяй.

Але калі ў 1993-м годзе ўлада асабліва не перашкаджала, але й не дапамагала ў арганізацыі зьезду, то ў 1997-м годзе й сёлета фактычна рабілася ўсё, каб беларусы сьвету не змаглі сабрацца ў Менску. Гаворыць Аляксей Кароль:

(Кароль: ) "Тое, што загадам правядзеньне зьезду было перанесенае ў Дом літаратараў, гэта, думаю, трэба разглядаць у палітычным рэчышчы.

Што тычыцца сустрэчаў замежнікаў з прадстаўнікамі міністэрстваў і ўладаў, то гэта — для вырашэньня набалелых пытаньняў, зьвязаных зь візавым рэжымам, з разьвіцьцём суполак за мяжою, і гэта ня можа нагадваць змову з рэжымам. Гэта супраць тэндэнцыі палітыкі ўладаў на разьмежаваньне дыяспары, на раскол дыяспары на сваіх і чужых. На ляяльных і не ляяльных да рэжыму Лукашэнкі".

А спробы падзяліць беларусаў на ляяльных і неляяльных да цяперашніх уладаў адбываюцца, і асабліва сярод беларускай дыяспары ў Расеі. Гаворыць кіраўнік Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу Валянцін Грыцкевіч:

(Грыцкевіч: ) "Калі мы ня будзем трымацца арыентацыі на нацыянальныя каштоўнасьці, а менавіта на мову, культуру, незалежнасьць, дэмакратыю, то нуль нам цана. Бо непрыхільныя да нашай справы сілы робяць усё, у першую чаргу ў Расеі, каб нас уключыць у гэтак званую культурна-нацыянальную аўтаномію Расеі. Якая зьбярэцца на іншы паралельны зьезд, як вы ўжо чулі, і будзе ляпаць у ладкі таму, што ім скажуць зьверху.

Мы зрабілі міжрэгіянальнае аб'яднаньне "Беларусы Расеі". Амбасада зрабіла свой ход, і вось, калі мы будзем толькі трымацца свайго — зможам захаваць сваю беларускую прысутнасьць у сьвеце".

А як ставяцца дэлегаты зьезду да прапановы сустрэцца з чыноўнікамі міністэрстваў і ведамстваў? Такая сустрэча мае адбыцца заўтра.

Гаворыць дырэктар Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель:

(Кіпель: ) "Асабіста я на гэтае спатканьне не пайду. Мяне сёньняшнія беларускія ўлады цікавяць выключна з аднаго стану — як могуць біялягічныя беларусы быць нагэтулькі варожа настроеныя да беларускасьці.

Тое, што яны супраць — гэта мяне ня дзівіць. Яны гадаваліся ў чужых умовах, прысабечылі чужую ідэалёгію. Але, што яны пачалі гэтак зьнішчаць беларускую культуру, зьнішчаць беларускую дзяржаўнасьць, для мяне гэта дзіўна".

Спадар Кіпель лічыць, што адносіны да дыяспары стануць іншыя толькі пасьля зьмены ўлады ў Беларусі.

Адзін зь лідэраў беларускае дыяспары ў Польшчы Яўген Вапа лічыць, што беларусы пра свае справы мусяць гаварыць, а таксама іх вырашаць самі. Гаворыць спадар Вапа:

(Вапа: ) "Для беларусаў, якія жывуць па-за межамі Беларусі, галоўным ёсьць выразны воблік нашай нацыі. Наша нацыя ёсьць тады і была (гэта відавочна з гісторыі) моцная, калі яна заяўляла пра свае справы адзіным голасам. І нават Акт 25 Сакавіка 1918 году быў тым момантам, калі беларусы заявілі ўголас пра сваю незалежнасьць.

Другая справа для беларусаў у замежжы — вельмі важным ёсьць для духоўнага камфорту і надзеі на лепшае тое, што варта працаваць, што варта быць беларусам, гэта той прыклад, які ідзе ад духоўнай Бацькаўшчыны. Спадзявацца можна толькі на сябе".

А вось чаго чакае ад Зьезду беларусаў сьвету старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька:

(Нюнька: ) "Зьезд беларусаў сьвету павінен быў спрычыніцца, нейкім чынам паўплываць на перамену ўладаў у Беларусі. Пакуль гэтага не адбудзецца, само Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" — арганізацыя настолькі слабая, мае мала магчымасьцяў, што наўрад ці што яна можа зрабіць.

Усе нашыя намаганьні павінны быць скіраваныя на тое, каб сапраўды да ўлады тут прыйшлі й беларускі парлямэнт, і беларускі прэзыдэнт. Усё тады стане на месцы".

Вельмі многія дэлегаты зьезду выказвалі спадзяваньне, што на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах пераможа дэмакратычны кандыдат і краіна вернецца на дэмакратычны шлях, што пойдзе на карысьць як жыхарам Беларусі, так і дыяспары.
XS
SM
MD
LG