Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРОБЛІСК ПУЦІНСКАЙ ДУШЫ


Сяргей Навумчык, Прага

Аўтар артыкулу піша: “Мы ўсё яшчэ спадзяемся пабачыць “пробліск душы” Пуціна, пра які прэзыдэнт Буш заявіў ў мінулым месяцы. Той самы пробліск, які пераканаў яго, што расейскі прэзыдэнт зьяўляецца “прамым і шчырым чалавекам” і цудоўным лідэрам, якому адміністрацыя Буша можа давяраць.” Але ці апраўдваюць такую характарыстыку апошнія дзеяньні Пуціна?

У панядзелак супрацоўнікі падпарадкаванай Пуціну пракуратуры высунулі абвінавачаньне супраць дырэктара невялікай тэлекампаніі, якая была апошнім прытулкам для незалежных журналістаў, выціснутых летась з НТВ. У аўторак паліцыя правяла апэрацыю супраць радыёстанцыі “Эхо Москвы” – апошняй часткі НТВ-імпэрыі, пакуль яшчэ ня зьнішчанай паплечнікамі Пуціна. У гэты самы час прэзыдэнт Пуцін заяўляў францускаму прэзыдэнту Жаку Шыраку, што пастаянны чачэнскі супраціў ягонай брутальнай ваеннай кампаніі арганізаваны (цытата) “замежнымі наймітамі з вялікай колькасьцю гераіну”. А ў Нью-Ёрку прадстаўнік Пуціна аднаасобна заблякаваў санкцыі ААН супраць Іраку, якімі адміністрацыя Буша імкнулася спыніць рэабілітацыю Саддама Гусэйна.

У адсутнасьць душэўных праяваў, якія разгледзеў прэзыдэнт Буш, нам застаецца меркаваць пра Пуціна па ягоных дзеяньнях – а гэта дзеяньні пачынаючага дыктатара, які пасьлядоўна ліквідуе свабоду прэсы ў краіне, які з нацыянальнымі меншасьцямі размаўляе мовай хлусьні і вайны ды імкнецца аднавіць расейскі уплыў праз падтрымку такіх ворагаў Злучаных Штатаў, як Ірак.

З пункту гледжаньня Пуціна, гэтыя ягоныя кампаніі ідуць лепш, чым калі-небудзь раней – пачынаючы зь ягонай сустрэчы з Бушам, заходняя крытыка ягоных дзеяньняў практычна спынілася. Возьмем для прыкладу Жака Шырака, чыя даволі рэзкая леташняя крытыка вайны ў Чачні істотна ахалодзіла расейска-францускія адносіны. Расейскі прэзыдэнт быў не асабліва пераборлівы ў сродках, калі перад візытам Шырака на “Эха Масквы”, арганізаваўшы візыт на студыю міліцыянтаў, зрабіў сумнеўную заяву пра Чачню ў той момант, калі Шырак стаяў побач. І ўсё ж Шырак, які відавочна ня схільны рамантызаваць Пуціна, як гэта робяць у Вашынгтоне – прыглынуў абразу. Замест таго, каб скрытыкаваць націск на “Эха Масквы” ды дзеяньні Пуціна ў Чачні, ён канстатаваў дасягненьне “істотнага супадзеньня” поглядаў францускага і расейскага кіраўніцтва.

Да моманту першай сустрэчы з Пуціным дарадцы Буша сьцьвярджалі, што прэзыдэнт занепакоены сытуацыяй са свабодай слова, праблемай Чачні і падтрымкай Масквой злачынных рэжымаў, і што Буш заявіць Пуціну пра тое, што амэрыканска-расейскія адносіны будуць залежыць ад вырашэньня гэтых пытаньняў. Адміністрацыя цяпер настойліва сьцьвярджае, што ня можа памяняць стаўленьне да Пуціна з прычыны Чачні і сытуацыі з дэмакратыяй ў Расеі, паколькі зацікаўленая ў супрацоўніцтве з Крамлём ў праблеме супрацьракетнай абароны. Сам Буш заявіў журналістам на мінулым тыдні, што ягонае стаўленьне да Пуціна зьменіцца, калі той “прадэманструе іншае”. Паводзіны Пуціна цягам апошніх тыдняў ставяць перад самітам на вышэйшым узроўні пытаньне – як адкажа на яго прэзыдэнт Буш?
XS
SM
MD
LG