Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЗЬЕЗД БЕЛАРУСАЎ СЬВЕТУ ПРЫЕХАЛА ТРАЦІНА ЧАКАНЫХ ДЭЛЕГАТАЎ


Валянціна Аксак, Менск

Зьезд адкрыўся незвычайна — пад гукі невядомае бальшыні прысутных музыкі, якую прэзыдэнт згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" Радзім Гарэцкі прапанаваў прызнаць гімнам згуртаваньня.

Як патлумачыў потым кіраўнік "Беларускае капэлы" Віктар Скарабагатаў, гэта апрацоўка кампазытара Вячаслава Кузьняцова дзьвюх самых старажытных мэлёдыяў з захаваных беларускіх музычных скарбаў так званага "Полацкага сшытку". "Нашаму гербу сем стагодзьдзяў, сьцягу — шэсьць, то й гімн павінен мець адпаведны ўзрост", — сказаў Віктар Скарабагатаў.

Затым агучылі некалькі вітаньняў зьезду, дасланых з-за мяжы. У прыватнасьці з Канады — ад старшыні Рады Беларускае Народнае Рэспублікі Івонкі Сурвіллы ды зь Нямеччыны ад народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава, які выказаў спадзяваньне, што зьезд паслужыць мэце сапраўднае кансалідацыі беларускае дыяспары дзеля захаваньня незалежнасьці, бо ў выпадку яе страты і ўсялякая еднасьць страціць сэнс.

На зьезд чакалі 334 дэлегатаў і блізу 150 гасьцей. Арганізатары хваляваліся, што ў залі Дома літаратара, у якой літаральна за некалькі дзён да пачатку зьезду менскія гарадзкія ўлады дазволілі яго праводзіць, ня хопіць месца. Але месца хапіла ўсім, бо прыехалі толькі 228 дэлегатаў. Яны прадстаўляюць суполкі са Злучаных Штатаў Амэрыкі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Нямеччыны, Бэльгіі, Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Казахстану, Расеі і Ўзбэкістану.

Кіраўнік згуртаваньня беларусаў Малдовы спадар Дзяржыцкі паведаміў аргкамітэту праз тэлефон, што рашэньне іхных сяброў на зьезд ня ехаць прынятае ў сувязі з тым "што ён будзе мець апазыцыйны ўладзе Беларусі палітычны характар".

А суполка беларусаў Львова спаслалася на рэкамэндацыі ня ехаць на зьезд, надрукаваныя ў газэце "Голас Радзімы" за подпісам намесьніка старшыні Дзяржкамітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў спадара Яновіча. З гэтае прычыны ня прыехалі й дэлегаты многіх рэгіёнаў Расеі.

Сам спадар Яновіч, дарэчы, быў заўважаны ў кулюарах зьезду. Зь дзяржаўных асобаў быў там яшчэ толькі намесьнік міністра культуры Валеры Гедройц.

Афіцыйных замежных гасьцей прадстаўляў амэрыканскі амбасадар Майкл Козак.

Зь неафіцыйных асобаў прысутнічалі кіраўнікі некаторых дэмакратычных партыяў і рухаў улучна з магчымым кандыдатам у прэзыдэнты Сямёнам Домашам. У сваім вітаньні зьезду спадар Домаш выклаў некалькі сваіх тэзаў пра сытуацыю напярэдадні выбараў, а таксама стаўленьне да моўнае сытуацыі, заявіўшы, што разумнае дзіцятка ад дзьвюх матак корміцца.

На вечаровым паседжаньні арганізатары прэзэнтавалі адмыслова выдадзеную да зьезду кнігу "Гістарычны шлях беларускае нацыі і дзяржавы". Гэта першая спроба скразнога гістарычнага нарысу пра дзьвюхтысячагадовы шлях нацыі, да таго ж багата ілюстраванага, выклікала надзвычайную цікавасьць дэлегатаў і гасьцей Трэцяга зьезду беларусаў сьвету.

Заўтра зьезд завершыць працу.
XS
SM
MD
LG