Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АСТРАВЕЦ – ЯК ЖЫВУЦЬ І ШТО ДУМАЮЦЬ ЛЮДЗІ?


Вольга Караткевіч, Астравец-Прага

Пры ўезьдзе ў Астравец стаіць слуп, які інфармауе, што вядомы горад ад 1468 году. Астравец належаў Гаштольдам, Карыцкім, Корсакам. З 1921 году да 39-га быў у складзе Польшчы, статус гарадзкога пасёлка атрымаў у 1958 годзе. Ад даўніны захаваліся касьцёл сьвятых Казьмы і Дзям’яна 18-га стагодзьдзя – лекараў, якія зя лячэньне грошай ня бралі.

Таксама Георгіеўскі касьцёл пачатку мінулага стагодзьдзя і праваслаўная царква. Людзі тут каталікі і праваслаўныя. Горад ціхі, пры насельніцтве каля 9 тысячаў выглядае пуставата. Тыя, зь якімі я гутарыла, асабліва сваім жыцьцём у Астраўцы ня цешацца. Мала працоўных месцаў, таму што прамысловасьць ня надта разьвітая – дрэваапрацочы камбінат і прадпрыемствы харчаваньня. Калісьці тут быў аэрапорт.

Воляй гісторыі Астравец стаў памежным горадам, але жыцьцё ад гэтага тут не зьмянілася. Прыклад суседняй Літвы ў Астраўцы не спрацоўвае.

На ганку мясцовага гатэля, у якім няма гарачай вады з сумным выглядам моўчкі сядзелі дзьве дзяўчыны – дзяжурная і яе сяброўка. Аказалася, што занятку для моладзі ў Астраўцы небагата.

(Голас: ) “Кніжкі і газэты. Са сканвордамі. Дыскатэкі для дзяцей школьнага ўзросту. Тут не цікава жыць. Вельмі. Сумна, печальнае месца”.

(Карэспандэнт: ) “Ну вось будуць выбары. Можа, цікавей будзе?”

(Голас: ) “Не, ад гэтага Астравец ня зьменіцца. Само места такое. Вялікая розьніца, што горад, што вёска. Гэта ня тое. Колькі ўжо было выбараў, нічога тут не мяняецца. Як было, так і застаецца”.

Выглядае, што пра мой візыт ужо было вядома. Каля Дому быта, дзе дамовілася сустрэцца з галоўным апазыцыянэрам Астравеччыны Іванам Крукам, стаяла міліцэйская машына. Да міліцыянтаў падышоў чалавек у цывільным, а пасьля ў нас пачалі правяраць дакумэнты – памежная зона. Праверылі, дазволілі рухацца. Пасьля яшчэ раз праверылі, іншыя міліцыянты і ўжо “запрасілі” ў Раённае аддзяленьне ўнутраных справаў. На заўвагу пра нечаканую гасьціннасьць, маладыя хлопцы ў пагонах адказалі: “Разумеем, але ж мы – людзі паднявольныя”.

У астравецкім аддзеле міліцыі маё зьяўленьне ўзрушыла супрацоўнікаў. Яны былі перакананыя, што дазволу на ўезд у зону ў мяне няма, бо з Прагі яго аформіць немагчыма. Працяглы час дзяжурны Драб правяраў, ці сапраўды існуе пункт у дакумэнце для ўнутранага карыстаньня пра тое, што ў выпадку камандзіроўкі з вызначанымі датамі дазволу ня трэба.

Я ў гэты час разглядала адзіны агітацыйны плякат “Як карыстацца гумавай палкай і куды трэба біць дзеля большага эфэкту.” Урэшце дзяжурны Драб мяне адпусьціў. Такая ўвага да маёй асобы заахвоціла пагутарыць зь мясцовым міліцыянтам, старшынём Мацкевічам, які, у адрозьненьне ад менскіх, не адмовіўся пагаварыць “для мікрафону…”

(Карэспандэнт: ) “Бясьпечна тут па вуліцах хадзіць увечары?”

(Мацкевіч: ) “У нас? Небясьпечна”.

(Карэспандэнт: ) “А як крымінагенная абстаноўка?”

(Мацкевіч: ) “Спакойная”.

(Карэспандэнт: ) “Дык бясьпечна ці не?”

(Мацкевіч: ) “Бясьпечна”.

(Карэспандэнт: ) “А можаце ўзгадаць апошняе такое злачынства ці здарэньне, якое даволі моцна ўразіла горад?”

(Мацкевіч: ) “У горадзе такіх не было”.

(Карэспандэнт: ) “Нейкія апазыцыйныя акцыі ў вас адбываюцца, што трэба кантраляваць хадзіць?”

(Мацкевіч: ) “Не было”.

(Карэспандэнт: ) “А зарабляеце Вы добра?”

(Мацкевіч: ) “Як падлічыць, добра ці нядобра. 120 тысячаў, можа 125”.

Пасьля гэтага невялікага інтэрвію старшына Мацкевіч падышоў да аўтамашыны “Аўдзі” з прыцемненымі вокнамі, нахіліўся ў адкрытае акно і нешта расказваў. Дарэчы, гэтую “Аўдзі” я бачыла ўвесь час свайго знаходжаньня ў Астраўцы.

На “цэнтральнай вуліцы”, пакуль чакала Івана Крука, запыталася ў мясцовых мужыкоў, што гавораць пра выбары. “22 кандыдаты, Крук – 23”. Вось такі быў адказ. Крука ведаюць усе – ён каля 20-ці гадоў адпрацаваў у мясцовай міліцыі, у вышуку. Цяпер ачольвае мясцовую філію Аб’яднанай грамадзянскай партыі і бароніць правы чалавека:

(Крук: ) “У мяне ёсьць структуры. Грамадзкія арганізацыі таксама, клюб выбаршчыкаў. Празь іх я працую, каб у нашым раёне выконваліся законы, каб не было чыноўнічай беспакаранасьці. Да мяне пастаянна зьвяртаюцца людзі з прававымі пытаньнямі, з сацыяльнымі пытаньнямі, нават пішуць ананімныя лісты, райвыканкам ня можа аказаць дапамогі практычнай. Я ўжо так аказваю дапамогу прававую, юрыдычную, удзельнічаю ў судах, нават у якасьці грамадзкага прадстаўніка”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна сказаць, што ў Вас тут ужо пачалася выбарчая кампанія?”

(Крук: ) “Выбарчая кампанія ў нас пачалася так, што тут створаны штаб нашага прэзыдэнта, так сказаць, Аляксандра Рыгоравіча, тут зрабілі ягоны штаб. Мы прапанавалі людзей у тэрытарыяльныя камісіі, чатыры чалавекі, салідных людзей, як гаворыцца, адзін пэнсіянэр, усе адукаваныя, нікога не ўключылі ў раённыя выбарчыя камісіі. У першую чаргу будзе Астравеччына за Домаша Сямёна Мікалаевіча, бо тут ён пачынаў тут сваю працоўную дзейнасьць. Другая частка схіляецца да Чыгіра. За ягоную сьмеласьць, за стойкасьць. Так адгукаюцца людзі”.

Мы высьветлілі, як “проста” ў Астраўцы дабіцца справядлівасьці – Іван Крук, праз суд, дабіўся публікацыі свайго артыкула ў раёнцы – “Астравецкай праўдзе”. Было гэта ў 1995 годзе. Незалежнай газэты ў Астраўцы няма. Распаўсюджваецца маладзечанская “Рэгіянальная газэта”, але пра Астравец там пішуць мала. Горад ціхі. Пацікавіцца палітычнай сытуацыяй у раёне я вырашыла і ў кіраўніка раённай вэртыкалі.

Астравец адметны тым, што помнік Леніну і будынак райвыканкаму стаяць па розныя бакі вуліцы. Помнік – у сквэры, а райвыканкам – пры дарозе, неяк у кутку. Прынамсі, ня ў цэнтры гораду. У цэнтры – цэнтральная крама.

Адам Кавалько прыехаў у Астравец з Мастоў. Тады Астравец і раён былі даволі адсталымі паводле паказьнікаў, цяпер – у сярэдзіне сьпісу раёнаў Гарадзеншчыны. Так сказаў мне спадар Кавалько. А пачалася сустрэча з таго, што Адам Кавалько высьвятляў, чаму ня зробленыя ягоныя візытоўкі

Першае пытаньне я задала пра палітычную актыўнасьць у Астраўцы:

(Кавалько: ) “Практычна я Вам скажу, што ніякай палітычнай… Ідзе ну не зусім сказаць, што там выдатнае, але нармальнае працоўнае жыцьцё вясковага і гарадзкога насельніцтва. А так, у прынцыпе, і партыяў у нас тут палітычных такіх… Крук. І ўсё. Яны неяк да мяне прыходзілі- Крук і Ўласевіч гэты – гэта два палітычныя апазыцыйныя лідэры, якія пастаянна нечым незадаволеныя. Калі яны прыйшлі да мяне ў першыя дні працы і прапанавалі свае паслугі, я сказаў: так, мужыкі. Прыхадзіце, калі вы зробіце хоць нейкую маленькую канкрэтную справу на карысьць насельніцтва”.

(Карэспандэнт: ) “У выбарчыя камісіі Астравецкага раёну і Астраўцу ці патрапілі прадстаўнікі нейкіх палітычных партыяў, арганізацыяў, ці падавалі яны заяўкі?”

(Кавалько: ) “Ад Гэльсынскага камітэту прапаноўвалася кандыдатура Крука. У нас была пададзеная заяваў – 24. Там у нас асабліва йшла спрэчка ў пытаньні аграрнай партыі. Так унесьлі прапанову першых 13-ці чалавек, узялі іх і ўключылі. Крук, калі вас цікавіць Крук. Прыходзіў, далі яму адказ. Ну, якая мне розьніца, прысутнічаеш ты ці не? У цябе ж усё роўна няма права голасу. Усё прайшло, я лічу, на дэмакратычнай аснове”.

(Карэспандэнт: ) “Ці былі нейкія рэкамэндацыі, а пра гэта шмат піша незалежная прэса, з вобласьці ці Менск, як праводзіць выбарчую кампанію, за каго агітаваць?”

(Кавалько: ) “Ну, рэкамэндацыі – каб усё адбывалася перадусім на законнай аснове. Усё законна, дэмакратычна. У вялікіх гарадах гэта значна больш складаней – там болей незадаволеных. Я папрацаваў тут паўтара году, у якіх калектывах бываю. Свае прозьбы, прапановы, насельніцтвам успрымаюцца па-нармальнаму. Зараз, здавалася б, можа і пры гэтых арганізацыйных больш увагі надаць, а ў нас усё – загатоўка кармоў, падрыхтоўка да зімы”.

Кіраўнік астравецкай вэртыкалі Адам Кавалько адзначыў, што няма праблемы забясьпечыць заробак у сто даляраў. Крыху іншую карціну намалявалі мне мясцовыя мужыкі, якія стаялі ў сквэрыку каля жоўтага будынку райвыканкаму, якога ў Астраўцы называюць белым домам:

(Карэспандэнт: ) “Як Вас завуць і дзе працуеце?”

(Голас: ) “Францкевіч Франц Дзеанізавіч. Працую грузчыкам у магазіне..”

(Голас: ) “Зарплату ў час не даюць. Мы даўжны 15-га атрымаць, а сёньня якога? 25-га!”

(Карэспандэнт: ) “А Вы дзе працуеце?”

(Голас: ) “У камунхозе. Завуць Мечаслаў”.

(Голас: ) “Сяджу на жончыных гарбах можна сказаць. Жонка корміць”.

(Карэспандэнт: ) “Дык што, няма тут працы ў Астраўцы?”

(Голас: ) “Ну, дзе шукаць? Дзе есьлі ёсьць якая праца, дык пазанімаўшы мейсцы ўжо. Ужо няма. Мейсцаў. Зарплата, па-першае, малая – 40 тысячаў, а пяты гараць”.

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар Лукашэнка абяцае 100 даляраў заробак…”

(Голас: ) “Ха, сто! Можа я ня знаю, каму абяцае…”

(Карэспандэнт: ) “Вось мы сёньня гутарылі зь кіраўніком райвыканкаму, ён гаворыць, што ўсё добра, усё адбудоўваецца…”

(Голас: ) “Хай ён гаворыць, ён адно гаворыць…”

(Карэспандэнт: ) “Хлопцы, ну вось Лукашэнка Захад ганіць, кепска. З Расеяй, паводле яго, добра, хаця там такая ж бядота. Ну Вы як на гэта?”

(Голас: ) “Там ужо лепей на Захадзе жыць, чым у Расеі”.

(Карэспандэнт: ) “У Расею ня хочаце?”

(Голас: ) “Не, у Расею ня хочацца. Не, ну зьездзіў во, як мне тут адзін распавядаў, паваяваў у Чачні на баку расіянаў і прывёз грошай. Жонцы купіў кварціру”.

(Голас: ) “Панімаеце, што. Яму добра жыць, начальніку. Ён палучае 300 тысячаў, а я цяперака раблю за 20 тысячаў. Цэлы месяц хаджу, укалываю, а нават туфлі не магу купіць…”

(Карэспандэнт: ) “За Аляксандра Лукашэнку галасавалі?”

(Голас: ) “Хто? Хто за яго галасаваў і галасаваць будзе? Не, мы ня думаем за яго галасаваць”.

(Карэспандэнт: ) “А за каго?”

(Голас: ) “А ні за кога. Усё роўна мафія была, будзе. І Домаш такі самы. Трэба ставіць такога гарбізуна-немца з плыткай, каб павыганяў усіх гэтых вось. Начальнікаў. Літва да чаго дажылася… У Літву паедзеш – мяса дзешавейшае, калбаса – дзешавейшая, хлеб – дзешавейшы. А што ў Астраўцы? Кац зажаў усіх. Таксама як і Лукашэнка, і як нашыя ў “белым доме”. Вілы ў рукі і гной кідаць у Чачню вунака. Ну, карочэ, сухары я ўжо сушу, насушыў і яшчэ ворах насушу і буду жыць. Крапівы насушу”.

(Голас: ) “Увогуле, раённы цэнтар, сталовай нету. Ужо цэлы год, ці нават болей. Толькі рэстаран. Папробуй цяперака, атрымліваючы 20- 28 тысячаў, у рэстаран схадзіць пакушаць. Тару здаць – у магазінах не бяруць. Бяры тавар, а які тавар?”

З таварамі ў Астраўцы сапраўды складана. Праблематычным аказалася купіць аўдыёкасэту – Унівэрмаг, чамусь, быў зачынены, у іншых крамах касэтаў не было. Натуральным быў шлях да камэрцайнага шапіка. Малады прадавец – Тадэвуш Целесфоравіч, уведаўшы, што я з Радыё Свабода, радасна павітаўся і паабяцаў касэту знайсьці. Праўда, ад інтэрвію адмовіўся, бо ягоны шапік у цэнтры. Тадэвуш лічыць, што калі б расказаў што для Свабоды, дык шапік перанесьлі б на ўскраек гораду… Каля шапіку “дзяжурыў” хлопчык і, як толькі я падышла, папрасіў грошай на хлеб…

(Карэспандэнт: ) “Ты – адкуль?”

(Хлопчык: ) “З Астраўца”

(Карэспандэнт: ) “А чаму ў цябе на хлеб няма?”

(Хлопчык: ) “Папа ў цюрме”.

(Карэспандэнт: ) “А мама?”

(Хлопчык: ) “А мама – дома”.

Я пайшла купляць хлопчыку хлеб і заразом паглядзела асартымэнт мясцовай крамы. Нічога надзвычайнага, як у іншых рэгіёнах. Вялікі выбар гарэлкі, некалькі гатункаў кілбасы. Наведнікаў няшмат. Жанчыны-прадавачкі адмовіліся даваць інтэрвію: заробак хоць малы – усё тыя ж 30-40 тысячаў, але працу страціць ня хочуць.

У той дзень, калі я наведала Астравец, вучні мясцовай школы рыхтаваліся да выпускнога балю. Да вечару быў час і я пайшла ў мясцовы рэстаран “Радуга”, дарэчы, кухню рэстарану вельмі хваліў Адам Кавалько, кіраўнік вэртыкалі. У рэстарацыі былі тры наведнікі, у афіцыянткі я спыталася, якія стравы самыя папулярныя:

(Голас: ) “Ну салацікі ў нас крабавымі палачкамі ёсьць, асарці з гародніны, туды ўваходзіць капуста, памідоры, агуркі. Закуска банкетная ёсьць – памідоры з часныком, маянэзам, сырам”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму ў вас усё па-расейску тут?”

(Голас: ) “Ну, так друкуюць у нас.”

(Карэспандэнт: ) “Як шмат людзей ходзяць у рэстаран?”

(Голас: ) “Ходзяць, асабліва ў выходныя, а так – банкеты. У абед многа бывае, але дзень на дзень не выпадае. Вот, можна прайсьці на кухню…”

Афіцыянтка “Радугі” паказала мне буфэт, у якім даволі багаты выбар алькагольных выбараў і цукерак. На кухні мяне сустрэла повар і мы пагаварылі пра жыцьцё:

(Голас: ) “Усяляк бывае. Зарплата ў нас невялікая”.

(Карэспандэнт: ) “Гавораць, што заробак будзе даведзены да 100 даляраў…”

(Голас: ) “Ой, што Вы. Мы пра гэта нават і ня думаем. Гэта ўжо ня знаю – мары іншапланетныя. Няма чаго рабіць, для моладзі няма куды хадзіць увогуле. У рэстаранах, знаеце што, п’юць. Два рэстараны і самі знаеце, і бардэль і ўсё такое. Прыходзяць кліенты. У нас жа ня так, як у вялікіх гарадах – кліенты. У нас могуць у спартыўным зайсьці. У нас хоць якія прыдуць, хоць у ботах сядуць у гразных.”

Пакармілі мяне вельмі смачна: тушаныя лісічкі з курыным мясам у сьмятане і смажаная бульба. У другім рэстаране “Беларусь” увечары адбываўся выпускны баль. У Астраўцы дзьве школы, гулялі выпускнікі ў Беларусі па чарзе: першая школа ў суботу 25-га, другая – у нядзелю 26-га.

Гадзіне а першай начы, натанцаваўшыся, маладыя людзі выйшлі на двор. Убачыўшы мікрафону, адзін выпускнік Павал, літаральна не адступаўся:

(Голас: ) “Ну я, ну проста вясёлы. Я выпіў шампанскага. Бо я выпускнік 11 класа. Усё харашо, усе харошыя ацэнкі…”

(Карэспандэнт: ) “А па беларускай мове што?”

(Павал: ) “Пяць. Я добра валодаю беларускай мовай”.

(Карэспандэнт: ) “А які ты апошні беларускі верш вывучыў?”

(Павал: ) “Мала сказаць прызнаю,
Біцца за праўду і выжыць, быццам, салдат у баю.
Дрэннаму не пакарацца, добрае – не празяваць,
З дробнай хлусьнёй не мірыцца, з буйнай хлусьнёй – ваяваць.
Усё больш не памятаю”.

Падыходжу да іншых маладых людзей:

(Карэспандэнт: ) “Прэзыдэнцкія выбары ў вас тут абмяркоўваюць?”

(Голас: ) “Да Лукашэнка будзе прэзыдэнтам, гэта ясна. Што толку ад гэтага прэзыдэнта. Нічога тут лепей ня будзе.”

(Карэспандэнт: ) “Пачаўся збор подпісаў, нехта зь Менску да вас ужо прыяжджаў?”

(Голас: ) “Не, не прыяжджаў ніхто”.

(Карэспандэнт: ) “Вы таксама думаеце, што Лукашэнка пераможа?”

(Голас: ) “Не, я так ня думаю. Вельмі спадзяюся, што не. Заробкі ў нас малыя і плюс затрымкі вялікія”.

Гэта быў настаўнік фізкультуры. Як патлумачылі мне выпускнікі, адзін зь любімых настаўнікаў.

Мяне запрасілі адразу за стол, я не адмовілася і была прыемна ўражаная тым, якія маладыя людзі прыгожыя і як добра апранутыя. Цяпер мае суразмоўцы – дзяўчаты:

(Голас: ) “Прыйшлося павыбіраць сукенкі…”

(Карэспандэнт: ) “А дзе куплялі, тут?”

(Галасы: ) “У Смаргоні, у Ашмянах, у Маладзечне…”

(Карэспандэнт: ) “А чаму не ў Астраўцы?”

(Галасы: ) “Тут нічога добрага няма, толькі ў аднаго, але дорага, не па кішэні. Упэўненая, што тут усе куплялі сукенкі ня ў нас, а так недзе…”

(Карэспандэнт: ) “Маеце нейкія пляны, дзе вучыцца, што рабіць?”

(Галасы: ) “Канечне, ёсьць. Хачу на парыкмахера ў Горадні вучыцца.

Доктарам хачу быць, пэдыятрам.

Я, магчыма, буду вучыцца ў Гродна на бухгальтара ці эканаміста…”

Я пагутарыла з настаўнікамі і бацькамі, яны поўныя аптымізму адносна будучыні сваіх дзяцей і вучняў, але будучыні не Астраўцы. Палітыкай яны мала цікавяцца, бо былі занятыя экзамэнамі, чытаюць, у асноўным, Савецкую Белоруссію і Астравецкую праўду.

Я ўвесь час задавалася пытаньнем, што ж можа надаць аптымізму астравіцянам – так некаторыя з жыхароў Астраўца сябе называюць. І адказ на гэтае пытаньне я атрымала каля Георгіеўскага касьцёла, калі пагутарыла з удзельнікамі ўрачыстай працэсіі

(Голас: ) “Матка Боская Фацімская, з Фацімы нясуць. Адзін раз у жыцьці прыходзіць Матка Боская да кожнай смя’і, адведвае кожную сям’ю. І вось мы молімся, просім у яе здароўя, усяго чаго мы жадаем. Цяпер нашыя вуліцы абышла і і нясем у касьцёл, там іншыя вазьмуць. Па ўсім сьвеце ходзіць. Ад адной хаты да другой. Да суседаў. Суткі яна начуе, моляцца на яе, бласлаўляюць яе і дзякуюць”.

Цуд зьяўленьня малым дзяўчынкам ў партугальскім горадзе Фаціме Маткі Боскай, якая прадказала многія гістарычныя падзеі, веру жыхарам Астраўца, тым, хто верыць…
XS
SM
MD
LG