Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІВОНКА СУРВІЛЛА: НАСТУПНЫ ЗЬЕЗД МАЕ ПРАЙСЬЦІ Ў ВОЛЬНАЙ І ДЭМАКРАТЫЧНАЙ БЕЛАРУСІ


ул. інф.

РАДА БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ

Прэзыдыюм

Дарагія Суродзічы, арганізатары і ўдзельнікі Трэцяга Зьезду Беларусаў Сьвету!

Дазвольце прывітаць Вас і пажадаць, каб Зьезд прайшоў пасьпяхова й паводле Вашых жаданьняў.

Арганізацыя сустрэчы памераў Зьезду Беларусаў Сьвету вымагае шмат высілкаў і працы. Прысутнасьць на ім – часта пасьля доўгага падарожжа спрычыняе ўдзельнікам немалыя выдаткі. Таму вельмі важна, каб ён стаўся форумам плённай працы.

Сабраліся Вы, каб разам аддаць пашану Вашай спадчыне, Вашым караням, Вашай беларускасьці. Не давайце нікому адцягнуць Вашую ўвагу ад гэтай мэты ды перарываць паседжаньні прапагандай і ўгаворамі, што нейкі там саюз прынясс нашаму народу дабрабыт. Мінула ўжо сем гадоў ад абяцанак 1994-га году, а жыцьцё ў Беларусі робіцца з кожным днём цяжэйшым. Што раз больш нашых здольных суродзічаў змушаныя пакідаць Бацькашўшчыну, каб зарабіць кавалак хлеба на чужыне. Калі нічога ня зьменіцца, дык так яно будзе, пакуль ня выедуць з Бацькаўшчыны ўсе жыцьцяздольныя сілы беларускага грамадзтва.

Дарагія мае суродзічы!

Будучыня Беларусі залежыць ад усіх нас. У сваёй кнізе “Летнія разважаньні” прэзыдэнт Чэскай Рэспублікі Вацлаў Гавэл піша: “Недасягальная толькі тая мэта, якую мы пакідаем, не пачаўшы змаганьня, каб яе дасягнуць”.

Мы можам дасягнуць нашу мэту! Мы можам зрабіць нашу краіну заможнай і шчасьлівай! Але дзеля гэтага мусім прадаўжаць змаганьне, пачатае Радай Беларускай Народнай Рэспублікі 83 гады таму за нашу волю і незалежнасьць.

Моцна прашу задумацца ўсіх над словамі чэскага прэзыдэнта, каб не прапусьціць свайго шанцу. А змагаром за беларускасьць хачу выказаць пажаданьне, каб наступны Зьезд Беларусаў Сьвету адбыўся у вольнай і дэмакратычнай Беларусі з удзелам тысячаў суродзічаў з цэлага сьвету, якія змаглі б з радасьцяй ганарыцца сваёй беларускасьцяй ды падзякваць Богу за тое, што даў нам такую цудоўную Бацькаўшчыну.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР

Ліпень 2001.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG