Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАДВЫШАЕ ШАНЦЫ ДЭМАКРАТЫЧНАГА КАНДЫДАТА СЫХОД МАШЭРАВАЙ?


Валер Карбалевіч, Менск

Спроба ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах Натальлі Машэравай і рэакцыя на гэта беларускага грамадзтва – гэта вельмі цікавы фэномэн, што сьведчыць аб тым, у якой ступені ірацыянальныя фактары ў палітычнымі жыцьці дамінуюць над рацыянальнымі. Натальля Машэрава не зьяўляецца палітыкам, палітычнай постацьцю. Яна – сымбаль. І рост яе рэйтынгу – яскравы паказчык таго, у якой ступені людзі гатовыя галасаваць за сымбаль, а не за нешта больш рэальнае. Бо Машэрава – гэта індыкатар ролі сымбаляў у беларускай палітыцы. Яна не зьяўляецца самастойным палітыкам, яна вельмі залежная ад іншых палітычных суб’ектаў. І па той інфармацыі, якая спадарожнічала вылучэньню Машэравай, і зараз зьняцьцю яе кандыдатуры з палітычнай барацьбы за пасаду прэзыдэнта, відавочна, што вялікую ролю ў гэтым адыгрывалі расейскія палітычныя колы. Усім вядома, што сваё прынцыповае рашэньне яна прыняла толькі пасьля паездак у Маскву. Што адбылося ў Маскве зараз – сказаць цяжка. Відавочна, што нейкае кола зрабіла поўны абарот і вярнулася ў папярэдні стан.

І адразу ж напрошваюцца цікавыя аналёгіі з расейскай палітыкай. У пачатку кіраваньня Пуціна віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Валянціна Матвіенка была накіраваная ў Санкт-Пецярбург, каб балятавацца на пасаду губэрнатара, а праз нейкі час Пуцін даў адбой, і Матвіенка адмовілася ўдзельнічаць у барацьбе за пасаду губэрнатара і зноў вярнулася на пасаду віцэ-прэм’ера. Мне задецца, што тое, што адбылося зараз з Натальляй Машэравай, вельмі нагадвае эпапею з Валянцінай Матвіенкай.

Што гэта азначае зараз для беларускай палітыкі? Я думаю, што гэта азначае большы шанц для Лукашэнкі, гэта несумненны плюс для сёньняшняга беларускага кіраўніка, таму што электаральныя палі гэтых двух палітыкаў, безумоўна, перасякаліся. Цяпер Лукашэнка можа ўздыхнуць з палёгкаю і ў яго стала менш праблемаў, чым гэта было, калі Натальля Машэрава балятавалася.

А што гэта азначае для апазыцыі? Прысутнасьць Машэравай у ліку кандыдатаў у прэзыдэнты была фактарам, які больш моцна падштурхоўваў апазыцыю да вылучэньня адзінага кандыдата, таму што рост рэйтынгу Машэравай ствараў вельмі верагодную магчымасьць таго, што ў другі тур выходзілі менавіта Лукашэнка з Машэравай.

Пасьля выхаду з барацьбы Натальлі Машэравай падвышаюцца шанцы дэмакратычнага кандыдата. Але адначасова падвышаецца канкурэнцыя паміж імі, аслабляецца матывацыя вылучэньня як мага хутчэй адзінага альтэрнатыўнага кандыдата, узмацняецца спакуса ісьці ў першым туры ўсім, каго зарэгістравалі, каб толькі ўжо ў другім туры падтрымаць адзінага кандыдата. Вось такія расклады зьяўляюцца пасьля сыходу з барацьбы за пасаду прэыздэнта Натальлі Машэравай.
XS
SM
MD
LG