Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНЦУ ЧАРЛЬЗУ ПЭРЫЕЛУ ВЫСУНУТАЕ АБВІНАВАЧАНЬНЕ Ў НЕЗАКОННЫМ АБАРОЦЕ НАРКОТЫКАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Амэрыканца Чарльза Пэрыелу, якога супрацоўнікі КГБ затрымалі два тыдні таму, падазраючы ў захаваньні наркотыкаў, чакае сьледзтва і суд. Гэта стала вядома пасьля прад'яўленьня спадару Пэрыелу абвінавачаньня ў незаконным абароце наркатычных сродкаў.

Паводле кіраўніка цэнтру сувязяў з грамадзкасьцю КГБ Фёдара Котава, абвінавачаньне грамадзяніну Злучаных Штатаў прад'явілі яшчэ 29 чэрвеня, а затрымка з агалошваньнем гэтых зьвестак тлумачыцца працяглым сьвяткаваньнем Дня незалежнасьці.

Як цяпер высьвятляецца, абвінавачаньне Чарльзу Пэрыелу скарэктавалі.

(Котаў: ) "Злачынства, якое прадугледжвае частка 3 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — гэта дзеяньні, прадугледжаныя 2-й часткай, але зробленыя паўторна ці групай асобаў, альбо, адносна наркотыкаў, — у вялікім памеры. Пакараньне паводле гэтага артыкулу — ад 5 да 10 гадоў турмы".

Дарэчы, паводле 2-й часткі 328-га артыкулу, якая спачатку фігуравала ў затрыманьні Пэрыелы, яму пагражала меншае зьняволеньне — ад 3 да 7 гадоў турмы.

Прадстаўнік КГБ запэўніў, што адносна амэрыканскага грамадзяніна цалкам выконваюцца ўсе прадугледжаныя законам захады. Да яго пусьцілі адваката, яго наведвалі супрацоўнікі консульскага аддзелу амбасады ЗША ў Беларусі, ягоныя ўмовы ўтрыманьня, паводле Котава, адпавядаюць усім нормам.

Прадстаўнік КГБ не бярэцца вызначыць, колькі працягнецца сьледзтва. Ён толькі пацьвердзіў, што справу амэрыканца будуць да канца расьсьледаваць супрацоўнікі КГБ. А гэта азначае, што да суду Чарльза Пэрыелу будуць трымаць у сьледчым ізалятары КГБ. Дарэчы, у народзе гэты ізалятар завецца "амэрыканка", бо ў 1930-я гады там трымалі абвінавачаных у шпіянажы на карысьць Амэрыкі "ворагаў народу".

Што ж тычыцца Чарльза Пэрыелы, які цяпер сядзіць у турме КГБ, то да яго, паводле Фёдара Котава з КГБ, "ніякіх абвінавачаньняў у шпіянажы няма".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG