Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГРУПЫ НЕКАТОРЫХ ПРЭТЭНДЭНТАЎ ЗАЯЎЛЯЮЦЬ, ШТО ДАСЯГНУЛІ ЛІЧБЫ Ў 100 000 ПОДПІСАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

У Лібэральна-дэмакратычнай партыі паведамілі, што за Сяргея Гайдукевіча ўжо сабралі і здалі ў мясцовыя выканкамы больш за 104 тысячы подпісаў. Ініцыятыўныя групы некаторых іншых прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта набліжаюцца да гэтай лічбы.

Праўда, ня ўсе паведамляюць апошнія лічбы прэсе. У прыватнасьці, кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў толькі зазначыў Свабодзе, што праца ідзе паводле графіку, асаблівых праблемаў няма, а да дробных перашкодаў уладаў ужо прывыклі. Напрыклад, зьбіральнікаў подпісаў за Пазьняка не пускалі ў студэнцкія інтэрнаты Політэхнічнай акадэміі.

Прыблізна гэтак жа адказалі і ў штабе Паўла Казлоўскага: "Усё ідзе згодна з графікам". Кіраўнік перадвыбарчага штабу Леаніда Сініцына Юры Васкрасенскі чакае, што яны ўжо на гэтым тыдні зьбяруць больш за 100 тысяч подпісаў.

У штабе лідэра ПКБ Сяргея Калякіна паведамляюць, што нядаўнія выхадныя запаволілі тэмпы збору подпісаў, цяпер камуністы маюць каля 55 тысяч подпісаў. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргея Калякіна Валеры Ўхналёў паведаміў, што асобныя зьбіральнікі адчуваюць ціск з боку адміністрацыі сваіх прадпрыемстваў.

Учора падчас сьвяткаваньняў на праспэкце Скарыны ў Менску можна было заўважыць зьбіральнікаў подпісаў усіх прадстаўнікоў пяцёркі. А пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка праехаўся на ролікавых лыжах па праспэкце, да шчытоў з партрэтамі ягоных апанэнтаў адразу паўсталі чэргі.

Ініцыятыўная група Міхаіла Чыгіра паведаміла пра 70 тысяч сабраных подпісаў, у штабе Ўладзімера Ганчарыка кажуць пра 85 тысяч. Віктар Цярэшчанка, якія мае самую вялікую ініцыятыўную групу, на сёньня сабраў толькі каля 30 тысяч подпісаў.

Больш пасьпяхова ідзе збор подпісаў за Сямёна Домаша. Гаворыць кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Яўген Лабановіч:

(Лабановіч: ) "Ужо сабрана 87 487 подпісаў выбарцаў. У нас ёсьць надзея, што ў бліжэйшыя дні мы дасягнем 100 тысячаў подпісаў. Безумоўна, мы сутыкаемся амаль што па ўсёй Беларусі зь вялікімі цяжкасьцямі й перашкодамі, якія нам стварае ўлада, у некалькіх раёнах Беларусі нават зусім адмаўляюцца завяраць подпісы ў выканкамах.

Таксама ёсьць праблемы з праваахоўчымі органамі, якія затрымліваюць нашых зьбіральнікаў, потым адпускаюць, але гэтым самым перашкаджаюць іхнай працы. У Магілёве нейкія людзі распаўсюджваюць улёткі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша, і мы лічым гэта правакацыяй, якая мае на мэце зьняцьце Домаша з рэгістрацыі".

Паводле словаў Яўгена Лабановіча, зьбіральнікі подпісаў за Домаша сутыкаліся са зьбіральнікамі з ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі толькі ў Магілёве і Віцебску:

(Лабановіч: ) "Што тычыцца Менску, то тут у нас працуе больш за 700 зьбіральнікаў подпісаў, але ніводзін зь іх не сустрэў ніводнага зьбіральніка подпісаў за Аляксандра Лукашэнку".

Праўда, прадстаўнікі іншых ініцыятыўных групаў заўважылі, што за А.Лукашэнку зьбіраюць подпісы пэнсіянэры і актывісты БПСМ, але ніхто не сумняваецца, што ў гэтай ініцятыўнай групы праблемаў ня будзе. Праўда, ейнага кіраўніка Мікалая Чаргінца знайсьці ў Менску не ўдалося — ён недзе ў рэгіёнах.

Няма ў Менску і Натальлі Машэравай, ейная сакратарка паведаміла, што ў іхным перадвыбарчым штабе адключылі тэлефон — некаторыя мяркуюць, што гэтак праявіўся адміністратыўны ціск уладаў.

Тым часам Уладзімер Ганчарык выступіў сёньня з заявай, у якой абвяргае нядаўнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на БелАЗе. Паводле Ўладзімера Ганчарыка, Аляксандар Лукашэнка ўвёў у зман грамадзкасьць адносна сыстэмы пералічэньня і выкарыстаньня прафсаюзных унёскаў.

У сваю чаргу, Уладзімер Ганчарык запатрабаваў ад Лукашэнкі рассакрэціць інфармацыю пра закрытыя прэзыдэнцкія фонды й пазабюджэтныя сродкі ягонага кіраўніцтва справаў. "Народ павінен ведаць, у чыю казну паступаюць і як расходуюцца вялізныя сродкі ад продажу, напрыклад, зброі", — зазначае Ўладзімер Ганчарык.
XS
SM
MD
LG