Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ МІЛІЦЫЯНТЫ ЗАТРЫМАЛІ ПЯЦЁХ МАЛАДАФРОНТАЎЦАЎ, ЗА ЯКІМІ САЧЫЛІ АД РАНІЦЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Каля паловы дзявятай вечара на вуліцы Карла Маркса міліцыянты спынілі пяцёх маладзёнаў. Іх даставілі ў Ленінскі райаддзел міліцыі. Падазрэньне выклікала тое, што хлопцы несьлі пачкі газэт. Непадалёк, на Савецкай плошчы, улады наладзілі масавае гуляньне для моладзі. Затрыманыя хлопцы зьбіраліся раздаць там спэцвыпуск газэты "Права на волю" і "Весьнік Маладога Фронту".

Разабраўшыся, што выданьні — зарэгістраваныя, міліцыянты нечакана для затрыманых папрасілі ў іх прабачэньня. Толькі ў аднаго зь іх — у Вадзіма Сала запатрабавалі напісаць тлумачэньне наконт налепак з выбарчай тэматыкай, якія ён меў пры сабе.

Трэба сказаць, што міліцыя з самай раніцы сачыла за сябрамі Маладога Фронту". Іх не падпусьцілі да мітынгу, які ўлады правялі каля вечнага агня ў гарадзкім парку. Маладзёны былі ў аранжавых майках з надпісам, які заахвочвае прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах.
XS
SM
MD
LG