Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ ПЕРАХОДЗІЦЬ ДА АДМЫСЛОВАГА ВЫЛІЧЭНЬНЯ ЎСКОСНЫХ ПАДАТКАЎ


Ігар Карней, Менск

У Дзяржаўным мытным камітэце Расейскай Фэдэрацыі паведамілі, што цяпер ускосныя падаткі (а гэта падатак на даданую вартасьць і акцызы) будуць уносіцца ў бюджэт той краіны, якая ёсьць імпартэрам ці спажыўцом тавару. Дагэтуль Расея прымяняла прынцып зьбіраньня такога падатку па краіне паходжаньня; іншымі словамі, грошы заставаліся ў бюджэце той краіны, якая вырабіла тавар.

Што гэтая навіна значыць для гандлёвых беларуска-расейскіх стасункаў? Расейскія экспэрты пасьпяшаліся ўдакладніць, што на двухбаковых адносінах гэта не адаб’ецца. Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" эканаміст Леанід Заіка кажа, што ідэя на ўзроўні тэорыі цалкам прымальная, але няма ўпэўненасьці, што гэтак жа цывілізавана яна будзе ажыцьцяўляцца.

(Заіка: ) "Так робіцца ва ўсім сьвеце, бо падатак на даданую вартасьць — гэта спэцыфічны падатак, безь якога цалкам можна абысьціся і які бярэцца звыш кошту тавару, для забесьпячэньня існаваньня чынавенскіх структураў. Урэшце, усё будзе вызначацца так: у якой краіне спажываюць больш імпартовых тавараў, там больш падаткаў.

Дагэтуль сапраўды большасьць краінаў СНД жыла неяк па-афрыканску. А ва ўсім сьвеце гэты падатак выплачваецца ў месцы спажываньня. Прыкладам, вы набылі тэлевізар у Нямеччыне, едзеце празь мяжу і вам 15% ягонай цаны вернуць як падатак на даданую вартасьць. Чаму? Бо вы не грамадзянін гэтай краіны, а таму няма патрэбы адлічваць у бюджэт гэтай краіны, набываючы нейкія чужыя тавары".

Я пацікавіўся ў спадара Заікі, як будзе вырашацца шэраг тэхнічных пытаньняў, у прыватнасьці, з вызначэньнем краіны паходжаньня таго ці іншага тавару. А таксама што азначае, што ў палажэньні пра ўскосныя падаткі запісана, што зьмяненьні ня тычацца гандлёвых зносінаў Расеі й Беларусі. Вось што адказаў Леанід Заіка:

(Заіка: ) "Сапраўды, ёсьць такая тэхнічная праблема. Скажам, узялі й прышылі да беларускіх гузікаў францускі пінжак. Чый пінжак у такім разе будзе, якая краіна паходжаньня? Ну, як гузікі нашыя, то ў нас хопіць розуму прэтэндаваць на ўсё астатняе. Але гэта хутчэй выключэньне з правілаў.

Тое, што Беларусь знаходзіцца ў адзінай мытнай прасторы з Расеяй, азначае, што мы не бяром дадатковых падаткаў з нашых тавараў. Але будзем браць з трэціх краінаў. А дапіска зробленая выключна, каб нагадаць, што ў нас ёсьць мытны саюз. Раптам чыноўнік пачытае й не зразумее; ніхто ж ня памятае пра саюзную краіну, ня ведае — трэба ўдакладняць", — такое меркаваньне прэзыдэнта аналітычнага цэнтру "Стратэгія" эканаміста Леаніда Заікі.

Выпрабаваньне новай падатковай схемы пачынаецца ўжо на гэтым тыдні.
XS
SM
MD
LG