Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ ІНФАРМАЦЫІ БНФ, ПАДЧАС ЭСТАФЭТЫ Ў ЛУКАШЭНКУ КІНУЛІ І ПАЦЭЛІЛІ ПАМІДОРАМ


Любоў Лунёва, Менск

Міліцыянты затрымалі 8 сяброў арганізацыі "Зубар" на праспэкце Скарыны, калі тыя раздавалі газэту "Наша свабода" і налепкі "Час выбіраць!"

Супрацоўнікам міліцыі было зручна выхопліваць "зуброў" з натоўпу мінакоў, бо яны былі ў аднолькавых футболках жоўтага колеру з надпісам "Час выбіраць!" Мінакі абураліся дзеяньнямі міліцыянтаў. Некаторыя нават кідаліся да "зуброў", каб дапамагчы.

На міліцэйскіх варанках юнакоў і дзяўчат завезьлі ў Цэнтральнае ўпраўленьне міліцыі. Высьветлілася, што ўсе затрыманыя — студэнты менскіх унівэрсытэтаў. Праз тры гадзіны іх выпусьцілі.

Гэты інцыдэнт не парушыў плянаў "зуброў". Літаральна перад самым пачаткам эстафэты з плошчы Перамогі, у якой плянаваў удзельнічаць Лукашэнка, калёна з 200 сяброў "Зубра" ў жоўтых футболках прайшла праспэктам Скарыны да Кастрычніцкай плошчы.

Служба бясьпекі й міліцыянты не чакалі такой адвагі й нават разгубіліся. Пакуль яны высьветлялі ў свайго кіраўніцтва, што рабіць, студэнты прайшлі зь лёзунгамі "Далоў дурня!", "Час выбіраць!" і "Жыве Беларусь!" пад воплескі людзей, якія стаялі ўздоўж праспэкта.

Празь некалькі хвілінаў пасьля гэтага шэсьця Лукашэнка на ровары паехаў з Кастрычніцкай плошчы на плошчу Перамогі, каб разьмяцца перад прабегам. Паводле інфармацыі Беларускага Народнага Фронту, падчас гэтай разьмінкі ў яго кінулі памідорам. Зрабіў гэта чалавек па прозьвішчы Лапцеў, якога затрымалі людзі са службы бясьпекі. Дзе ён знаходзіцца цяпер, дагэтуль невядома.

Падчас эстафэты Лукашэнку зноў чакалі непрыемнасьці — маладафронтаўцы кінулі некалькі пачкаў бел-чырвона-белых улётак "Час выбіраць!"

Як вынік, лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца затрымалі й трымаюць у Маскоўскім упраўленьні ўнутраных справаў. Сябры Маладога Фронту Павал Патапаў і Зьміцер Касьпяровіч — у Цэнтральным.

Усю ноч у Першамайскім аддзяленьні міліцыі за раздачу ўлётак трымалі сяброўку Маладога Фронту Ірыну Вяткіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG