Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ НЕ ЗАДАВОЛЕНЫЯ АРГАНІЗАЦЫЯЙ СЬВЯТА 3 ЛІПЕНЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Цягам трох апошніх дзён цэнтральны менскі праспэкт Францішка Скарыны (ад пляца Незалежнасьці да пляца Перамогі) ды некаторыя прылеглыя вуліцы закрылі для руху транспарту, што стварыла шмат праблемаў жыхарам гораду.

Людзі абураюцца, што з прычыны трохдзённага сьвята ім давялося цярпець так шмат нязручнасьцяў. Да таго ж асноўныя сьвяточныя мерапрыемствы на праспэкце адбываліся ўвечары, а днём на праспэкце няшмат народу.

Але сёньня раніцай абмежаваньні ў руху ў цэнтры Менску тычыліся ня толькі транспарту, але й мінакоў.

Адрэзак ад Кастрычніцкай да пляца Незалежнасьці быў заняты вайсковай і сельскагаспадарчай тэхнікай, якая рыхтавалася да параду. Таму выходзіць са станцыі мэтро "Кастрычніцкая" маглі толькі ўладальнікі адмысловых прапускоў на парад. Міліцыянты таксама перакрылі й выхад з мэтро на пляц Незалежнасьці.

(Міліцыянт: ) "Выхад на пляц толькі па прапусках. Толькі па прапусках!"

Тыя, хто гэтых прапускоў ня меў, спрабавалі зайсьці зь іншага боку, але й там іх чакаў міліцэйскі кардон.

(Спадарыня: ) "Вось усе стаяць, але задавальненьне малое. Навошта такія сьвяты робяць?"

(Іншая: ) "Я таксама так лічу. Вось прыехалі зь дзецьмі, і што? Нічога ня бачна, дзеці засмучаныя".

(Яшчэ адна спадарыня: ) "Непрыгожа зь іхнага боку. Людзі прыехалі зь іншых гарадоў, уся моладзь прыйшла паглядзець на парад".

(Абураны спадар: ) "Я ўвогуле абураны, узрушаны. Рэкляма была вельмі вялікая, каля мільёна даляраў патрацілі — для каго? І чаму так зрабілі, я наогул не разумею".

Тым часам прадстаўнікі апазыцыі па-свойму адзначалі дзень 3 ліпеня.

Актывісты Маладога Фронту працягвалі распаўсюджваць у цэнтры Менску свае бел-чырвона-белыя ўлёткі з заклікам абраць на выбарах новага прэзыдэнта Беларусі. Дарэчы, учора ўвечары на ганку Палаца Рэспублікі маладафронтаўцы закідалі гэтымі ўлёткамі Аляксандра Лукашэнку, калі той пакідаў урачысты сход. За ўдзел у гэтай акцыі затрымалі Аляксея Талстова, Зьмітра Касьпяровіча і Міхася Шаўцова, якіх трымалі ў пастарунку да 12-й гадзіны ночы.

Палітычная рада Аб'яднанай грамадзянскай партыі сёньня прыняла адмысловы зварот да пяцёркі апазыцыйных кандыдатаў, у якім прапануе мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата. Гэта мусіць быць альбо дамова паміж прэтэндэнтамі, альбо абраньне адзінага кандыдата пры дапамозе г.зв. калегіі выбарцаў. Калі ж сябры пяцёркі не пагодзяцца з такім мэханізмам вылучэньня, то АГП заклікае іншыя апазыцыйныя партыі адклікаць сваіх прадстаўнікоў са штабоў усіх прэтэндэнтаў.

Пасьля сябры АГП разам са сваім лідэрам Анатолем Лябедзькам, апранутыя ў футболкі з партрэтамі зьніклых, выйшлі на праспэкт Скарыны й раздавалі мінакам спэцвыпуск газэтаў "Народная воля" і "Наша свабода". Сябры АГП і актывісты "Зубра" маюць намер дачакацца, калі па праспэкце на ролікавых лыжах пабяжыць Аляксандар Лукашэнка, каб адмысловым чынам яго прывітаць.
XS
SM
MD
LG