Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАПРАШЭНЬНЕ ЛУКАШЭНКІ ПРЫНЯЛІ ДАНЬКОЎ, ГАНЧАРЫК, ГАЙДУКЕВІЧ, КАЛЯКІН І КРЫЖАНОЎСКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сваю прамову перад пачаткам вайсковага параду на плошчы Незалежнасьці ў Менску Аляксандар Лукашэнка чытаў, не адрываючыся ад тэксту, — цьвёрдым і жорсткім голасам.

Амаль адразу ён згадаў пра напады ворагаў, якія стагодзьдзямі разбуралі Беларусь. Пры гэтым пералік бакоў, адкуль прыходзілі захопнікі, Лукашэнка пачаў з усходу, а ўжо потым згадаў пра захад, поўнач і поўдзень.

У прамове не прагучалі назвы краінаў, якія б пагражалі Беларусі сёньня, але што такая пагроза існуе, прамоўца не сумняецца. "Цяпер, на сутыку часоў, зноў вырашаецца лёс Беларусі і беларусаў", — заявіў Лукашэнка і перайшоў да больш дакладных абвінавачаньняў.

(Лукашэнка: ) "Былыя хаўрусьнікі Савецкага Саюзу па антыгітлераўскай кааліцыі адкрыта ўцягваюць сьвет у новы віток гонкі ўзбраеньняў. Дыктат сілы і бомбаў для некаторых дзяржаваў сьвету сталі вырашальнымі ў дасягненьні сваіх геапалітычных інтарэсаў", — сказаў Лукашэнка, спаслаўшыся на падзеі на Балканах.

На ягоную думку, "міжнародная абстаноўка патрабуе", каб беларускае войска было "мабільнае, высокапрафэсійнае і забясьпечанае сучаснай вайсковай тэхнікай".

Вайсковы парад пачаўся з праходу па плошчы калёнаў розных частак і відаў войск. Потым уздоўж чырвонага подыюму, на якім стаяў Лукашэнка, загрукатала вайсковая тэхніка. Найбольш уражвалі ракеты С-З00, якімі ўлады Беларусі вельмі ганарацца.

Адмыслоўцы заўважаюць, што на парадзе не было ніякай новай зброі, а тая, што паказалі, прызначаная найперш для абароны. Таксама адзначаюць, што парад абышоўся без пралёту над горадам баявых самалётаў.

Паводле прэсавай службы Міністэрства абароны, ад авіяцыйнай часткі параду адмовіліся з увагі на пытаньні бясьпекі. А вось іншыя крыніцы кажуць, што проста не хапіла паліва — парад і без самалётаў каштаваў вельмі дорага. Афіцыйнай лічбы выдаткаў не называюць. Паводле дзяржаўных газэтаў, парад каштаваў прыблізна 100 тысяч даляраў. Былы прэм'ер Міхаіл Чыгір лічыць гэтую лічбу заменшанай. Ён кажа, што ў час ягонага прэм'ерства парады каштавалі да мільёна даляраў.

Дарэчы, Міхаіла Чыгіра не было сярод тых прэтэндэнтаў у прэзыдэнты, якія прынялі запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі далучыцца да ганаровых гасьцей параду. Не было на парадзе й генэрала Казлоўскага ды іншых дэмакратаў. Побач з чырвонай трыбунай заўважылі Сяргея Калякіна, Уладзімера Ганчарыка, Сяргея Гайдукевіча, Яўгена Крыжаноўскага і бізнэсоўца Юр'я Данькова.
XS
SM
MD
LG