Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНСТЫТУТ ПАКАРАНЬНЯ СЬМЕРЦЮ НА ЗАХАДЗЕ І Ў БЕЛАРУСІ


Віталь Тарас, Прага

Сёлета 11-га чэрвеня руіны Калізэя ў Рыме былі асьветленыя залацістым сьвятлом. Гэтае сьвятло запальваецца ў месцы, што служыла раней арэнай масавых крывавых расправаў, кожнага разу, калі дзесьці ў сьвеце выконваецца сьмяротны прысуд.

У той самы дзень начальнік фэдэральнай турмы ў Тэры Гот, штат Індыяна, паведаміў журналістам:

“Цімаці Джэймс Маквэй быў пакараны сьмерцю праз ін’екцыю. Ягоная сьмерць была канстатаваная ў 7:14. Цела Мэквэя будзе перадазенае ягоным сваякам”.

Цімаці Маквэй увойдзе ў гісторыю як арганізатар найбольш крывавага тэрарыстычнага акту ў ЗША: у 19915-м годзе выбухам у фэдэральным будынку ў Аклахома-сіці былі забітыя 168 чалавек, зь іх – 19 дзяцей.

Музыка

Прагучала кампазыцыя Гаральда Бада. Музыку гэтага кампазытара выкарыстала адна з амэрыканскіх радыёстанцыяў у перадачы, прысьвечанай пакараньню Маквэя.

Насуперак спэкуляцыям, якімі поўнілася напярэдадні прэса, працэдура экзэкуцыі не транслявалася ў радыёэфіры, а відэазапіс пакараньня быў паказаны толькі блізкім ахвяраў тэрарыстычнага акту, некаторым сьведкам і адвакатам Мэквэя. Пасьля гэтага відэастужка была перададзеная ягоным сваякам.

За некалькі дзён да сьмерці Маквэй упершыню выказаў шкадаваньне з прычыны гібелі людзей. У апошні дзень ён не зрабіў ніякай вуснай заявы, але пакінуў запіску, у якой працытаваў радкі з паэмы ангельскага паэта Уільяма Эрнэста Гэнлі пад назвай “Інвіктус” (Непераможны):

І am the Master of my Fate:

I am the Capitan of my Soul.

“Я гаспадар свайго лёсу, я – капітан маёй душы”.

Пакараньне Маквэя набыло вялікі міжнародны розгалас яшчэ й таму, што адбылося яно напярэдадні першага візыту прэзыдэнта ЗША Буша ў краіны Эўрапейскага Зьвязу, дзе сьмяротнае пакараньне скасаванае.

А як ставіцца да гэтага інстытуту царква? Вось меркаваньне Апостальскага візытатара беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана зь Лёндану.

(Надсан: ) “Я супраць пакараньня сьмерцю, бо ўважаю, перад усім, што гэта не пакараньне. Пакараньне павінна быць такое, каб чалавек перш за ўсё адчуў, што ён зрабіў дрэнную рэч, каб ён меў час направіцца. Калі заб’еш чалавека, то значыць, ён ужо ня можа направіцца. А чалавек, пакуль жыве, можа выправіцца.

Па-другое, большасьць з нас ніколі не заб’е чалавека – нават якога-небудзь забойцу. Мы хочам, каб нехта іншы зрабіў за нас гэтую брудную работу. У кожным выпадку, для мяне само пакараньне сьмерцю непрымальнае.

Калі йдзе пра становішча царквы, дык цяперашняя царква таксама, у асноўным, супраць пакараньня сьмерцю. Раней казалі, што гэта ёсьць апошняя магчымасьць, але царква яе дазваляла. Зь іншага боку, яна ставілася да гэтага неадназначна. Паводле катэхізісу, напрыклад, вызначалася, якія могуць быць перашкоды стаць сьвятаром. Судзьдзя, які засудзіў каго-небудзь на сьмерць, ня мог быць сьвятаром. З аднаго боку, прызнавалася сама магчымасьць, зь іншага – ўважалі, што чалавек праз удзел у пакараньні сьмерцю ўжо ня годны быць сьвятаром. Гэта было ня вельмі добра нават з маральнага гледзішча.

Цяпер, пры сучасным папе, усе маральныя багасловы каталіцкай царквы ўсё-ткі супраць пакараньня сьмецю”.

За пакараньне Маквэя сьмерцю выказаліся тры чвэрці амэрыканцаў. Аднак, калі сам інстытут сьмяротнага пакараньня шэсьць гадоў таму падтрымлівалі 80 адсоткаў, зараз за яго выступаюць дьзве траціны апытаных.

Паводле брытанскага часопісу Economist, у 1998 годзе ў ЗША адбылося 68 сьмяротных экзэкуцыяў. Гэта быў трэці паказчык у сьвеце пасьля Кітаю (1067 экзэкуцыяў) і Конга (100 экзэкуцыяў). Чацьвертае месца належала Ірану – 66 пакараньняў. Прыкладна такі самы паказчык і ў Беларусі, насельніцтва якой нашмат меней, чымся ў Іране ці ў ЗША.

Дасьледваньнем праблемы займалася карэспандэнт Радыё Свабода ў Менску Любоў Лунёва.

(Лунёва: ) “Паколькі інфармацыя пра саму працэдуру выкананьня прысуду і пра ўтрыманьне расстраляных трымаецца ў строгім сакрэце нават ад родных, у грамадзтве няма ўяўленьня пра маштаб гэтай праблемы. Калі на рэфэрэндуме 1996-га году грамадзяне Беларусі прагаласавалі за сьмяротнае пакараньне, яны ня ведалі сапраўдных наступстваў такога выбару.

У Беларусі, дзе няма й гаворкі пра незалежнасьць судоў, вельмі высокі паказчык судовых памылак. Колькасьць людзей, асуджаных да расстрэлу, сярэдні ўзрост якіх складае 19 гадоў, павялічваецца штогод. За апошні пяць гадоў дынаміка росту – недзе ад 30 да 80 чалавек.

У Беларусі суд выносіць вышэйшую меру пакараньня толькі за забойства і толькі мужчынам. Жанчынам і непаўнагадовым яе зьмяняюць на зьняволеньне. Намаганьні родных і адвакатаў дабіцца перагляду крымінальнай справы не даюць станоўчых вынікаў. Гэта закладзена ў саму працэдуру абскарджваньня справы ў судовых інстанцыях і памілаваньня. У камісію ў справах памілаваньняў уваходзяць супрацоўнікі пракуратуру й судзьдзі. Акрамя таго, нават у выпадку адзінагалоснага рашэньня на карысьць асуджанага вызначальным будзе подпіс Лукашэнкі. Ёсьць зьвесткі, што за час існаваньня камісіі ўсяго былі памілаваныя двое грамадзянаў Аўганістану і двое – Беларусі.

Мэханізм расстрэлу трымаецца ў сакрэце. Да асуджанага ў дзень расстрэлу не выклікаюць сьвятара. Ні родныя, ні спэцыяльныя назіральнікі, якія маглі б сачыць за тым, як адбываецца сьмяротнае пакараньне, пры ім не прыстунічаюць. Дату расстрэлу ні блізкім, ні асуджанаму ніколі не паведамляюць. Апроч таго, родным ня толькі не выдаюць цела нябожчыка, але й ня кажуць пра месца пахаваньня”.

Паміж іншым: на абарону Цімаці Маквэя з федэральнага бюджэту былі выдаткаваныя 10 мільёнаў даляраў і амаль столькі – на ягонае ўтрыманьне ў турме.

Сёньня ў 41-й краіне Эўрапейскага Зьвязу сьмяротнае пакараньне забароненае – таксама як і ў краінах, якія імкнуцца ўступіць у Зьвяз. Расея і Ўкраіна абвесьцілі мараторы на выкананьне сьмяротных прысудаў. Аднак, днямі ў Думу паступіў мільён подпісаў ў падтрымку прапановы аб сьмяротным пакараньні за распаўсюд наркотыкаў. Характэрна, што з такой прапановай выступіў Саюз правых сілаў. Пісьменьнік Анатолі Прыстаўкін, які ўзначальвае камісію ў справе памілаваньня пры прэзыдэнце Расеі, кажа, што расейскае грамадзтва актыўна рыхтуюць да вяртаньня інстытуту пакараньня сьмерцю ў поўным маштабе.

У Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы, неўзабаве пасьля выхаду на свабоду Нэльсана Мандэлы, які адбываў пажыцьцёвае пакараньне, у канстытуцыю краіны быў унесены запіс, што такі акт ёсьць “жорсткім, негуманным і зьневажальным”. Па зьвестках праваабарончай арганізацыі Amnesty Internacional, зараз сьмяротнае пакраньне забароненае альбо не практыкуецца ў 108 краінах.

Economist асабліва адзначае той факт, што інстытут сьмяротнага пакараньня быў скасаваны ў Вялікай Брытаніі і Францыі, нягледзячы на тое, што там большасьць грамадзтва, паводле сацыялягічных апытаньняў, выступала за яе захаваньне. Аднак, зараз у Францыі ў падтрымку пакараньня сьмерцю выступае ўжо менш як палова апытаных. У Англіі, нават пасьля таго, як лекар Гаральд Шыпмэн быў выкрыты як забойца некалькуіх сотняў пацыентаў, не было чуваць заклікаў да аднаўленьня гэтага інстытуту.

Паводле апытаньняў, усё больш людзей у ЗША лічаць альтэрнатывай сьмяротнаму пакараньню пажыцьцёвае зьняволеньне бяз права амністыі.

Сёньня нават тыя, хто тэарэтычна выступае за захаваньне сьмяротнага пакараньня, пачынаюць абмяжоўваць яе выкарстыньне на прыктыцы. Так губэрнатар штату Ілінойс, рэспубліканец Джордж Раян абвесьціў мараторы на пакараньне сьмерцю ў штаце. Калі цяперашні губэрнатар Тэхасу Джэб Буш падпіша законапраект, які забараняе караць сьмерцю людзей з разумовымі дэфектамі, гэты штат стане 15-м, дзе падобная практыка спыненая. На штат Тэхас прыпадае 35 адсоткаў усіх сьмяротных экзэкуцыяў у ЗША. У 12-і штатах гэты інстытут ужо не выкарыстоўваецца.

Але ёсьць і іншы погляд на праблему. Вось думка дырэктара Беларускай службы Радыё “Свабода” Аляксандра Лукашука.

(Лукашук: ) “Пісьменьнік з Трынідаду Відыадгар Найпол, які ўжо паўстагодзьдзя жыве ў Вялікай Брытаніі і атрымаў годнасьць рыцара за сваю творчасьць, шмат пісаў пра праблемы трэцяга сьвету. Галоўным змаганьнем, якое вядзе сучасны цывілізаваны сьвет, ён лічыць змаганьне супраць лесу ці, іншымі словамі, супраць дзікасьці, якая была нормай перад тым, як чалавецтва ўведала і прыняло каштоўнасьці грамадзянскай супольнасьці.

Амэрыканцу Маквэю падаліся недастатковымі ўсе інструмэнты і спосабы, якія прадстаўляе амэрыканскае грамадзтва дзеля давядзеньня свайго пункту гледжаньня, і ён выбраў спосаб самавыяўленьня, які ёсьць статыстычнай нормай нецывілізаванага грамадзтва – гвалт, забойства. Яго злавілі, судзілі і пакаралі. Праціўнікі гавораць пра неэфэктыўнасьць пакараньня. І статыстыка гэта пацьвярджае.

Але справа зусім не ў эфэктыўнасьці, не ў адсутнасьці папераджальнага эфэкту. Пакараньне сьмерцю Маквэя ня ёсьць, насамрэч, спробай спыніць іншых ад падобнага ўчынку – гэта спыненьне самога Маквэя. Ягоная сьмерць – ня помста, а справядлівасьць. Справядлівасьць – значна больш складаная рэч, чым помста. Помста дамінавала у палітычнай сыстэме Руанды, Аўганістану, на Балканах. На пэрсанальныя ці палітычныя крыўды там адказвалі зьнішчэньнем апанэнтаў.

Замест помсты апошнія 400 гадоў чалавецтва спрабуе пабудаваць грамадзтва, заснаванае на справядлівасьці, кіраванае законам – і гэта вельмі цяжкая задача, бо спрэчна, што ж такое справядлівасьць. Але самае галоўнае – гэтае паняцьце, у адрозьненьне ад абсалютных ісьцінаў, увесь час удакладняецца”.

Цяперашні прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падпісаў 152 сьмяротныя прысуды за 6 гадоў свайго губэрнатарства ў Тэхасе.

Джордж Буш, аднак, не хавае сваіх поглядаў і не хаваецца за сьпіны выбаршчыкаў – ён проста бярэ цяжар адказнасьці на сябе. У Беларусі ж, як мы ўжо ведаем, статыстыка пакараньняў сьмерцю хаваецца ў сакрэце. Невядома дакладна, колькі сьмяротных прысудаў падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Гэтая тэма наогул ніколі не абмяркоўваецца ў дзяржаўным друку. Вядома, аднак, што кіруецца ён перш за ўсё не законам, але вынікамі незаконнага рэфэрэндуму 96-га году, у тым ліку, і ў пытаньні аб захаваньні сьмяротнага пакараньня. І яшчэ – прысвоеным правам распараджацца лёсам людзей, цэлага народу.

Размова сёньня не аб крымінальных злачынцах і гвалтаўніках, якія заслугоўваюць – хаця б у вачах сваякоў ахвяраў – самага страшнага пакараньня. Размова аб злачыннай уладзе, аб дыктатарах з хваравітай самаацэнкай, якія ня маюць, не павінны мець права распараджацца жыцьцём людзей.
XS
SM
MD
LG