Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫСТУП ЛУКАШЭНКІ 2 ЛІПЕНЯ – ВЫСТУП КАНДЫДАТА Ў ПРЭЗЫДЭНТЫ


Валер Карбалевіч, Менск

Выступ Лукашэнкі быў даволі кароткі – у межах 30 хвілінаў, ён не адрываўся ад тэксту, што даволі незвычайна для беларускага кіраўніка. Эксплюатацыя тэмы перамогі ўжо трэці раз за апошнія два месяцы была даволі натуральнай. Першы раз гэта было 9 траўня, другі раз – 22 чэрвеня ў Брэсцкай крэпасьці, і вось зараз трэці раз.

Вельмі цікавы быў сюжэт аб двух пэрыядах у гісторыя Беларусі пасьля атрыманьня незалежнасьці. Пяршы пэрыяд – гэта 1991-95 год, па вэрсіі Лукашэнкі, пэрыяд разбуральных тэндэнцыяў, калі краіна аказалася перад безданьню. А вось пачынаючы з 1995 году, ужо пры Лукашэнку-прэзыдэнту, краіна зрабіла велізарны крок наперад, адбыўся вялікі ўздым эканомікі і ўзроўню жыцьця насельніцтва, нацыя, кажучы яго словамі, узьнялася з каленаў і пачала распраўляць плечы.

Лукашэнка казаў пра гэта і раней, але ня так пасьлядоўна і канцэнтравана. Зараз на гэта быў зроблены асаблівы акцэнт. Калі папярэднія выступы Лукашэнкі выглядалі як выступы кіраўніка краіны – ён казаў троху аб недахопах, троху аб дасягненьнях, нават у дакладзе на “Усебеларускім народным сходзе” было шмат увагі надазена недахопам. Зараз аб недахопах не было сказана амаль ні слова. Гэта сьведчыць аб тым, што сёньняшні выступ Лукашэнкі – гэта выступ не кіраўніка дзяржавы, але выступ кандыдата ў прэзыдэнты.

Цікавы момант. Калі ў пачатку свайго выступу Лукашэнка казаў пра герояў вайны, ён згадаў прозьвішча Машэрава, а вось у канцы свайго выступу, калі ён пералічваў вялікіх людзей беларускай зямлі пачынаючы ад старажытнасьці, на гэты раз прозьвішчу Машэрава ў пераліку месца не знайшлося. Хаця ў іканастасе герояў савекіх часоў аказаліся і Панамарэнка, і Мазураў, а вось Машэраву месца не знайшлося. І вядома чаму – бо адным з кандыдатаў у прэзыдэнта зьяўляецца дачка Машэрава Натальля.
XS
SM
MD
LG