Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПААБЯЦАЎ ПРАЗ ПЯЦЬ ГАДОЎ ЗАРОБАК У 250 ДАЛЯРАЎ, А Ў ПЕРАЛІКУ ГІСТАРЫЧНЫХ АСОБАЎ НЕ ЗГАДАЎ ІМЯ МАШЭРАВА


Валер Каліноўскі, Менск

Дзень незалежнасьці бадай што адзіная нагода, якая прымушае Аляксандра Лукашэнку выступаць з публічнай прамовай па-беларуску. Хаця на гэты раз нават у афармленьні сцэны Палаца Рэспублікі словы “ Дзень незалежнасьці” адсутнічалі – іх замянялі эўфэмізмам “Дзень рэспублікі”. Затое як на дзень Перамогі сцэну ўпрыгожвалі сьцягі беларускіх франтоў часоў другой сусьветнай вайны. Прамова Аляксандра Лукашэнкі таксама нагадвала ягоны выступ на дзень Перамогі і ў вялікай ступені была прысьвечаная падзеям той вайны, вызваленьню Беларусі ў 1944 годзе. На незалежнасьць Беларусі, дзясятая гадавіна якой адзначаецца сёлета, у поўгадзінным выступе Аляксандра Лукашэнкі знайшлося ўсяго некалькі хвілінаў:

(Лукашэнка: ) “11-ты год ідзе зь дня абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. За гэты параўнальна невялікі тэрмін выразна выдзяляюцца два пэрыяды ў разьвіцьці нашай краіны. Першы зь 90 па 95 год, другі – зь 95 па сёлетні год. Першы зь іх вызначаецца разбуральнымі тэндэнцыямі і пошукам шляхоў разьвіцьця”.

Другі ж пэрыяд, паводле словаў А. Лукашэнкі, вызначаецца паступовым разьвіцьцём гаспадаркі і ўздымам жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва. Аляксандар Лукашэнка абвесьціў, што цяпер будзе распачынацца трэці пэрыяд разьвіцьця незалежнай беларускай дзяржавы:

(Лукашэнка: ) “Мы падыйшлі да пачатку новага, трэцяга пэрыяду сувэрэннага разьвіцьця краіны. Галоўная яго асаблівасьць – пераход ад стабілізацыі эканомікі да стварэньня новых вытворчых сілаў эфэктыўнай дзяржавы”.

Мілітарысцкія заявы Аляксандра Лукашэнкі знайшлі сваё падмацаванне і сёньня:

(Лукашэнка: ) “Ва ўмовах пашырэньня НАТО на Ўсход, узросшай ваенна-палітычнай прысутнасьці ЗША ў непасрэднай блізкасьці з межамі Беларусі, а таксама наяўнасьці прэцэдэнтаў вядзеньня заходнімі дзяржавамі агрэсыўных ваенных дзеяньняў супраць незалежных дзяржаў, Саюз з Расеяй зьяўляецца жыцьцёва неабходным. Ствараецца адзіная абарончая прастора, рэгіянальная сытэма калектыўнай бясьпекі – гэта прыярытэтная стратэгічныя напрамкі беларуска-расейскіх сувязяў”.

Пра выбары гаворкі не было, але А. Лукашэнка шмат казаў пра посьпехі свайго кіраваньня, дзякаваў і абяцаў падтрымыку вэтэранам, моладзі, працаўнікам навукі і адукацыі, аховы здароўя і ўсім іншым сацыяльным групам. Нагадаў і пра абяцаную ім праз пяць гадоў сярэднюю зарплату ў 250 даляраў. Гаворачы пра славутых беларусаў ад Кірылы Тураўскага да Кірыла Мазурава, Аляксандар Лукашэнка на гэты раз чамусьці прапусьціў імя Пятра Машэрава, дачка якога, Натальля Машэрава, жадае стаць ягоным канкурэнтам на прэзыдэнцкіх выбарах.
XS
SM
MD
LG