Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРГОВАЯ АКЦЫЯ “ЗУБРА” Ў БАРЫСАВЕ


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Сёньня ў Барысаве аб 11-й гадізне раніцы каля 100 сяброў незарэгістраванага моладзевага руху "Зубар" сталі калёнай ды рушылі маршам ад будынка краязнаўчага музэю да чыгуначнага вакзалу. Ішлі па ходніках цэнтральнай вуліцы места — па праспэкце Рэвалюцыі.

Многія "зубры" былі апранутыя ў майкі-плякаты з надпісамі "Не — фашызму", "Час выбіраць", "Скажам дурню — не", "Дзе Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадзкі?"

Калі калёна дайшла да чыгуначнага вакзалу, яна павярнула на іншую магістраль гораду — вуліцу Працы.

Маніфэстацыя завершылася блізу чыгункі Барысаў–Менск. Тут удзельінкі маршу правялі кароткі мітынг. Выступы прамоўцаў вярталіся да аднаго: ня дзеля таго нашы дзяды і прадзеды перамаглі фашызм, каб ён сёньня пры патураньні ўладаў падымаў галаву ў Барысаве. Не для таго, каб РНЕшнікі цкавалі ды зьбівалі падлеткаў ды дзяўчат, якія жадаюць бачыць Беларусь дэмакратычнай незалежнай краінай.

Тут жа, на найбліжэйшай бэтоннай агароджы "зубры" зафарбавалі некалькі свастык і абрэвіятураў РНЕ. Мітынг завершылі спальваньнем фашыстоўскага сьцягу часоў Другой усясьветнай вайны.

Акцыя прайшла безь міліцэйскіх затрыманьняў і арыштаў.

Сёньня ж барысаўскае кіраўніцтва Беларускага Гельсынскага камітэту прыняло адмысловую заяву "Не —фашызму і палітычнаму экстрэмізму ў Барысаве".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG