Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦІСК УЛАДАЎ НА ЗЬБІРАЛЬНІКАЎ ПОДПІСАЎ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ НЕ ЗЬМЯНШАЕЦЦА


Казімер Яноўскі, Гомель

Каардынатар гомельскай групы па зборы подпісаў на карысьць Уладзімера Ганчарыка спадар Захаранка паведаміў нашаму радыё, што ў Беларускім унівэрсытэце транспарту студэнты баяцца падпісвацца за ўсіх прэтэндэнтаў, апроч Аляксандра Лукашэнкі.

У студэнцкім асяродку распаўсюдзілі інфармацыю, што падпісаўшыся за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Ганчарыка, Казлоўскага, Пазьняка ці каго іншага, можна згубіць жытло ў інтэрнаце, а могуць нават адлічыць з унівэрсытэту.

На электратэхнічным факультэце дэкан Васіль Смалянчук прымушае студэнтаў уступаць у групу падтрымкі сёньняшняга кіраўніка дзяржавы. У адваротным выпадку дэканат абяцае студэнтам вялікія праблемы са здачай іспытаў.

Падобны сцэнар уціску характэрны й для прамысловых прадпрыемстваў.

На тлушчакамбінаце адміністрацыя патрабуе ад рабочых прыносіць на працу пашпарты й падпісвацца за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты толькі Аляксандра Лукашэнкі — і нікога іншага. Тым, хто не згаджаецца, пагражаюць звальненьнем.

Такія ж уціск, паводле інфармацыі Юрася Захаранкі, зьведваюць і чыгуначнікі лякаматыўнага дэпо станцыі Гомель.

У адміністрацыі Чыгуначнага раёну гораду зьбіральнікі подпісаў за Сямёна Домаша выявілі, што падпісныя лісты выбарцаў правярае супрацоўніца арганізацыйна-кадравага аддзелу Любоў Данілава, якая ня мае ніякага дачыненьня да тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.

З нагоды абмежаваньня функцыяў сфармаванай камісіі па выбарах супрацоўнікамі вэртыкальнай адміністрацыі накіравалі скаргу ў Цэнтарвыбаркам і Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ. Пра гэта паведаміў сябар ініцыятыўнаўнай групы Сямёна Домаша спадар Варонежцаў.

Кіраўнік Сьветлагорскай суполкі БНФ "Адраджэньне" Вадзім Балбас атрымаў адказ ад старшыні Цэнтарвыбаркаму спадарыні Ярмошынай пра тое, чаму вылучэнцаў БНФ не ўключылі ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Паводле допісу, гэта здарылася нібыта таму, што прапановы ад палітычных партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў значна перавышалі максымальную колькасьць членаў тэрытарыяльных камісіяў.

Да таго ж, як сказана ў лісьце Ярмошынай, "прадстаўнічыя і выканаўчыя органы пры фармаваньні камісіяў улічвалі перш за ўсё дзелавыя якасьці прапанаваных кандыдатур, а таксама наяўнасць досьведу правядзеньня выбарчай кампаніі".

Што тычыцца заўчаснага пакватэрнага абходу членамі ўчастковых камісіяў з мэтай удакладненьня сьпісаў выбарцаў, пра што паведамляў у Цэнтарвыбаркам Вадзім Балбас са Сьветлагорску, то спадарыня Ярмошына адказала: "Гэтыя камісіі яшчэ ня ўтвораныя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG