Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКАЯ МОЛАДЗЬ ПАТРАБУЕ АД КІРАЎНІКОЎ СВАІХ КРАІНАЎ ПАЎПЛЫВАЦЬ НА ЛУКАШЭНКУ


Алена Радкевіч, Прага

Аўтары заявы асуджаюць дэкрэт Лукашэнкі, які абмяжоўвае замежную дапамогу, а таксама выказваюць заклапочанасьць заплянаваным прыняцьцем закону аб інфармацыйнай бясьпецы, які “павінен абмежаваць ужо сёньня значна ўрэзаную свабоду слова й друку на Беларусі”.

“Мы ўсьведамляем, у якой нялёгкай сытуацыі знаходзіцца беларуская моладзь, што ва ўмовах міжнародна ізаляванага рэжыму пазбаўленая пэрспэктываў уласнага разьвіцьця,” – гаворыцца ў заяве. Надзвычай трывожнымі сымптомамі чэскія моладзевыя арганізацыі лічаць “абмежаваньне на Беларусі акадэмічнай свабоды маладых людзей, забарону мірных сходаў і згуртаваньняў моладзі, у рэшце рэшт пазбаўленьня іх права на ўласнае меркаваньне”.

Аўтарамі заявы зьяўляюцца чэскія Маладыя кансэрватары, моладзевае крыло хрысьціянскіх дэмакратаў, а таксама моладзевая арганізацыя сацыял-дэмакратаў. Да яе далучыліся і іншыя вядомыя эўрапейскія моладзевыя арганізацыі – такія як YEPP, якая аб’ядноўвае моладзь, што належыць да наймацнейшай партыі Эўрапарлямэнту – Эўрапейскай народнай партыі. Заяву ўхваліла таксама арганізацыя Эўрапейскіх дэмакратычных студэнтаў, яе падтрымаў таксама Міжнародны саюз маладых сацыялістаў.

“Мы настойліва зьвяртаемся да прадстаўнікоў эўрапейскіх структураў і палітычных дзеячоў нашых краінаў з патрабаваньнем паўплываць на Аляксандра Лукашэнку, каб змусіць яго да правядзеньня дэмакратычных зьменаў на Беларусі… Мы патрабуем ад прадстаўнікоў нашых краінаў, каб яны няўхільна адсочвалі й асуджалі парушэньні правоў чалавека на Беларусі й перасьлед палітычных апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі,” – гаворыццы ў заяве.

У інтэрвію нашаму радыё першы намесьнік Маладых кансэрватараў Чэхіі Віт Шоўпал, у прыватнасьці, сказаў.

(Шоўпал :) “Наша арганізацыя цікавіцца Беларусьсю і беларускіай палітычнай дзейнасьцю ўжо працяглы час. Мы супрацоўнічаем у межах міжнародных арганізацыяў – такіх як Эўрапейскія дэмакратычныя студэнты альбо Маладыя кансэрватары – у кампаніях кшталту “Свабода для Беларусі”, “Стоп-Лука”. А паколькі сёлета набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары, і мы ўсё больш атрымліваем інфармацыі аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі, мы вырашылі падтрымаць нашыя партнэрскія арганізацыі. Мы прынялі заяву, пад якой паставілі подпісы і іншыя арганізацыі, а гэта сьведчыць, што беларускія праблемы клапоцяць ня толькі нас, як арганізацыю правага накірунку, але і іншых – маладых сацыял-дэмакратаў, хрысьціянскіх дэмакратаў”.

(Кар.: ) “А якімі яшчэ маглі б быць формы падтрымкі беларускіх дэмакратычных моладзевых арганізацыяў?”

(Шоўпал :) “Мы маем вельмі размаітыя адносіны з беларускімі арганізацыямі: рэгулярна запрашаем нашых беларускіх партнэраў у Чэскую Рэспубліку на розныя сэмінары і сустрэчы, прысьвечаныя беларускай тэматыцы. Мы ведаем, што патрэба ў такіх формах супрацоўніцтва істотная, бо ў Беларусі доступ да лепшай адукацыі, інфармацыі мае абмежаванае кола людзей. А бліжэй да выбараў мы маем намер далучыцца да маніторынгавых групаў і назіральнікаў”.

(Кар.: ) “Чэхія і Беларусь цяпер рухаюцца ў розных накірунках. Чым вы тлумачыце такое пільнае зацікаўленьне чэскіх моладзевых арганізацыяў тым, што адбываецца ў Беларусі?”

(Шоўпал :) “Мы памятаем, што да 89-90 гадоў краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы былі ў прынцыпе ў падобнай сытуацыі. І тое, што мы робім сёньня, мы разглядаем, як працяг дапамогі, якую самі ўсходнеэўрапейскія краіны атрымлівалі ад Захаду да 89 году. І мы ня хочам заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі, а наадварот – стараемся падтрымліваць сілы, якія змагаюцца за дэмакратычныя пераўтварэньні, каб прывесьці Беларусь да дэмакратычных стандартаў Эўропы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG