Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АШМЯНАХ ЗЬБІЛІ СЯБРА ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ СЯМЁНА ДОМАША


Альгерд Невяроўскі, Менск

Мінулай суботай увечары сябар ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша спадар Паўсьцюк зьбіраў подпісы ў адным з дамоў па Чывонаармейскай вуліцы ў Ашмянах. Ён пазваніў у кватэру сям'і Казлоўскіх ды прапанаваў расьпісацца ў падпісным лісьце. Жонка гаспадара падпісвацца адмовілася, і Віктар Паўсьцюк пайшоў далей, па іншых кватэрах.

Але на выхадзе з пад'езду зьбіральніка подпісаў чакаў разьюшаны 60-гадовы Валер Казлоўскі, які з крыкам "Я стары камуніст, а ты прадаўся імпэрыялістам за 10 даляраў і хочаш у Беларусі вайны!" пачаў зьбіваць Віктара Паўсьцюка.

(Паўсьцюк: ) "У мяне пацямнела ў вачах, і я ледзь не паваліўся. Ён убачыў, што я хіснуўся і трохі адстаў. Ён мяне дагнаў другі раз, ударыў, і я паваліўся ў хмызы. Хацеў у мяне забраць тэчку з дакумэнтамі, але яму не ўдалося. Я ўтрымаў".

На крыкі выбеглі жыхары дому і адцягнулі хулігана.

Віктар Паўсьцюк адразу ж пасьля нападу пайшоў у міліцыю, дзе напісаў заяву, у якой прасіў прыцягнуць нападніка да крымінальнай адказнасьці. Міліцыянты пачалі папярэдняе сьледзтва, але ці дойдзе яно да крымінальнай справы, пакуль невядома.

Гэта ня першы выпадак нападу хуліганаў на сяброў ініцыятыўных групаў апазыцыйных прэтэндэнтаў. Так, у тых жа Ашмянах невядомы спрабаваў забраць у актывіста ініцыятыўнае групы Домаша Браніслава Нурчынскага падпісныя лісты. Спробы забраць у актывістаў штабу Сямёна Домаша падпісныя лісты былі таксама ў Магілёве й Кобрыне.

Некалькі дзён таму ў Менску быў моцна зьбіты й абрабаваны актывіст ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Ігар Шапялюк.

У Менску таксама спрабавалі забраць падпісныя лісты ў дзяўчыны, што зьбірала подпісы ў падтрымку Паўла Казлоўскага. У Гомелі зьбіральнікам подпісаў за Міхаіла Чыгіра пагражалі нажом.

Каардынатар ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша па Ашмянскім раёне Іван Сташкевіч лічыць, што гэтыя напады на актывістаў невыпадковыя, бо мясцовыя ўлады пастаянна паўтараюць людзям, што ёсьць толькі адзін рэальны прэтэндэнт — Лукашэнка, а рэшта — купленыя Захадам ворагі Беларусі.

(Сташкевіч: ) " Яны адчуваюць падтрымку ўлады, таму так сябе й паводзяць. Калі б гэта ўсё было ў межах закону й не падтрымлівалася ўладамі, такога б не было, мы ў гэтым упэўненыя".

Як паведамілі нашаму радыё ў перадвыбарчых штабах Сямёна Домаша ды іншых прэтэндэнтаў, яны будуць дамагацца ўзбуджэньня крымінальных справаў па ўсіх фактах нападу на сябраў іхных ініцыятыўных групаў.
XS
SM
MD
LG