Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЗЬМІТРЫ ПЕТРУШКЕВІЧ І АЛЕГ СЛУЧАК: ЗНАЙСЬЦІ ЗАВАДЗКАГА ЖЫВОГА ШАНЦАЎ НЯМА, А ЦЯПЕР І ТРУП ЯГОНЫ – ТАКСАМА


Ірына Курапаткіна, Вашынгтон

(Курапаткіна: ) “Добры дзень, Алег і Зьміцер. Маё першае пытаньне да вас будзе – што падштурхнула вас выступіць з такімі абвінавачаньнямі? Чаму вы вырашылі гэта зрабіць? Калі ласка, Зьміцер”.

(Пертушкевіч: ) “Ну, у мяне быў стары знаёмы, Алег Случак, зь якім мы вельмі часта бачыліся. Я ведаў, што ён працуе ў праваабарончай арганізацыі, якой кіруе Алег Волчак, але з Волчакам мы ніколі ня бачыліся. Для мяне было даволі нечакана, што Волчак надрукаваў накіраваны да яго ліст, напісаны быццам бы супрацоўнікамі пракуратуры. Я не зьвярнуў на гэта ўвагу, і працягваў кантакты з Алегам Случакам. Але потым ад знаёмых мне стала вядома, што нашымі адносінамі зацікавіліся нейкія асобы. Пазьней я шмат разоў заўважаў каля свайго дома аўтамабілі з таніраваным шклом, у якіх былі невядомыя асобы. Па-першае, я напалохаўся, а па-другое, ўсё гэтае беззаконьне, якое робіць наш прэзыдэнт і ягоныя падначаленыя, гэта ўсё нагэтулькі мне надакучыла… Тое, што ў нас у краіне поўная дэспатыя – па-мойму, адназначна зразумела ўсім. У прэзыдэнта і судовая ўлада (ён прызначае ўсіх судзьзяў), і выканаўчая ўлада, і выканаўчая ўлада, і, фактычна, заканадаўчая – ягоныя дэкрэты і ўказы – гэта ўказы імпэратара. Ён ужо на сябе ўсклаў функцыі зьняцьця і прызначэньне генэральнага пракурора, хаця пракуратура – гэта адзіны ворган, які павінен ажыцьцяўляць нагляд над выкананьнем законнасьці”.

(Курапаткіна: ) “Алег, ці можаце Вы нешта дадаць?”

(Случак: ) “Калі Зьміцер распавёў, што за ім ўжо наладзілі віжаваньне, мы пачалі думаць, у чым маглі быць прычыны. Выявілася, што і ў мяне ёсьць інфармацыя, якая, ну… мае дачыненьне да справы, якую расьсьледаваў Зьміцер. Мы падзяліліся гэтай інфармацыяй і вырашылі, што нельга пакідаць яе ў сябе. Трэба распавесьці пра гэта ўсім, каб усе ведалі, што адбываецца ў нашай краіне. І таму мы вырашылі зьехаць. Таму што калі б мы апублікавалі гэта ўсё, застаўшыся ў Беларусі, дык невядома, што б з намі было”.

(Курапаткіна: ) “Вы кажаце, што два чалавекі, супрацоўнікі АМОНу, памерлі ад так званых сардэчных прыступаў пры вельмі нявызначаных абставінах…”

(Случак: ) “Адбылася невялікая “накладка…” Сапраўды, на працягу цяперашняга году два опэрупаўнаважаных крымінальнага вышуку памерлі пры незразумелых абставінах. Мы тады палічылі, што чамусьці паміраюць людзі, якія маюць нейкія адносіны… Ну, яны ажыцьцяўлялі апэратыўнае забесьпячэньне гэтай справы”.

(Курапаткіна: ) “А справа Завадскага?”

(Случак: ) “Так, і сапраўды было страшна, што пачынаюць паміраць людзі, якія маюць адносіны да гэтай справы”.

(Курапакіна: ) “Пракуратура заявіла, што Вы, Зьміцер, выконвалі ў сьледчай групе тэхнічныя функцыі. А што канкрэтна?”

(Петрушкевіч: ) “У прынцыпе, заява пракуратуры адпавядае сапраўднасьці, бо насамрэч я выконваў указаньні кіраўнікоў. Якім чынам я ўсё гэта зразумеў і пра ўсё даведаўся? Проста, сапраўды, з прычыны выкананьня маіх жа тэхнічных функцыяў. Дзеля таго, каб ўсё гэта даведацца, ня трэба было праводзіць сьледчыя дзеяньні. Празь мяне прайшлі фактычна ўсё тамы крымінальнай справы…”

(Курапаткіна: ) “Вы мелі магчымасьць пазнаёміцца з усімі дэталямі?”

(Петрушкевіч: ) “Абсалютна з усімі дэталямі. У тым ліку і ў сувязі са справай Грачова, якая была спыненая. У дзень майго ад’езду яна ляжала ў мяне ў сэйфе”.

(Курапаткіна: ) “Такім чынам, вы выконвалі тэхнічныя функцыі, але гэта былі…”

(Петрушкевіч: ) “Як тэхнічныя функцыі, гэтак і сьледчыя дзеяньні. Я сумаўляўся з усімі чатырма абвінавачанымі, якія знаходзіліся ў сьледчым ізалятары”.

(Курапаткіны: ) “Юры Сівакоў выступіў з сур’ёзнымі абвінавачаньнямі ў ваш бок – “беспрынцыпныя заявы…”, што вы ня маеце сьледчых доказаў, што вы ня маеце фактуры. Ён сказаў, што гэта – “фікальны зброс…”

(Случак: ) “У тых людзей, якіх мы абвінавацілі, застаецца толькі адно выйсьце – гэта адзінае выйсьце, якое ў іх цяпер ёсьць”.

(Петрушкевіч: ) “Сівакоў у сваім інтервію сказаў, што ёсьць юрыспрудэнцыя, ёсьць пэўныя правілы і нормы, якія “так званыя пракуроры” павінныя ведаць. Аднак Паўлючэнка быў затрыманы супрацоўнікамі КГБ з санкцыі генэральнай пракуратуры. І ён павінен быў знаходзіцца ў турме да таго моманту, пакуль ворган, які прыняў рашэньне пра ўзяцьцё яго пад варту, не скасаваў гэтае рашэньне. Аднак Лукашэнка, які ўжо ўзяў пад сябе ўсе функцыі ў дзяржаве, забыў надзяліць сябе правам выпускаць людзей з-пад варты паводле вуснага распараджэньня. Таму што ніякага пісьмовага дакумэнту, якое б пацьвярджала, што Паўлючэнка павінен быць выпушчаны з-пад варты, не было”.

(Курапаткіна: ) “У прапанаванай вамі версіі, і гэта зноў жа ў інтэрвію Сівакова таксама прагучала, ён лічыць, слабым месцам – версія з пісталетам для выкананьня судовых прысудаў, якім быццам бы карысталіся ў групе Ігнатовіча. Патлумачце, чаму гэта – самая прыдатная зброя? Чаму вы лічаце, што гэта – тая зброя, якой выконваліся гэтыя забойствы? І якім будзе ваш адказ на заявы Сівакова і пракуратуры, што гэта – абсурдная ідэя?”

(Случак: ) “Ну, па-першае, гэтую інфармацыю мне перадаў адзін з афіцэраў, які мае доступ да практычна неабмежаванай інфармацыі ў дадзенай справе. І, па другое, гэтай інфармацыі я давяраю, і перадаю яе без усялякага сумневу. Той чалавек, які аддаваў загады на зьнішчэньне пэўных асобаў, напэўна, усклаў на сябе ўсе абавязкі пракурора, судзьдзі і выканаўцы. Выкарыстаньне гэтага пісталета проста сімбалічна: “прысуд прыведзены ў выкананьне” менавіта той зброяй, якой ён павінен выконвацца ў нашай дзяржаве.

(Курапаткіна: ) “Зноў вернемся да справы. Дзьве вэрсіі. Версія сьледзтва – тое, што Завадзкага Ігнатовіч скраў, каб адпомсьціць асабіста яму за зьвесткі пра ягоную вандроўку ў Чачню. А другая вэрсія – што Лукашэнка вырашыў адпомсьціць Завадзкаму за ягоную, так бы мовіць, здраду. Раней ён быў ягоным асабістым апэратарам, а пасьля пайшоў працаваць на Шарамета. Якая, на вашую думку, вэрсія больш рэальная? І як вы думаеце, ці ёсьць шанец, што Зьміцер Завадзкі, Захаранка, Ганчар з Красоўскім – жывыя?”

(Случак: ) “Асабіста маё меркаваньне, што найбольш верагодная вэрсія – якую і выклала сьледзтва – што, сапраўды, Ігнатовіч скраў Завадзкага. Асабіста я перакананы, што шанцаў знайсьці Завадзкага сярод жывых няма ніякіх. А цяпер, я думаю, і ягоны труп таксама”.

(Курапаткіна: ) “Вернемся да вашых справаў. Распавядзіце крыху пра ваш статус”.

(Петрушкевіч: ) “Мы знаходімся у ЗША, але мы не знаходзімся ў чаканьні атрыманьня статусу палітычнага прытулку. Мы ў цяперашні час атрымалі статус проста уцекачоў”.

(Курапаткіна: ) “Наступнае пытаньне. Паводле вашай заявы, міністар Уладзімер Навумаў асабіста кантралюе паказаньні Ігнатовіча ў справе Завадзкага. Ці ведае Ігнатовіч больш за тое, чым яму загадана сказаць у судзе?”

(Петрушкевіч: ) “Тое, што Навумаў кантралюе паказаньні Ігнатовіча – гэта крыху недакладная інтэрпрэтацыя. Ён наведвае Ігнатовіча і пра нешта зь ім гутарыць, а пра што – ня ведае ніхто. Пасьля гэтага, у прынцыпе, у Ігнатовіча зьяўляецца інфармацыя аб абставінах асабістага жыцьця ўсіх людзей, якія маюць да яго адносіны. Як можна кантраляваць паказаньні чалавека, які іх і не даваў ніколі? Ігнатовіч – самаўпэўнены, нахабны чалавек, якому абсалютна напляваць на тых, хто да яго прыходзіць і хто зь ім працуе. Ён не сумняецца ў тым, што ён выйдзе на волю. І я думаю, што пасьля наведваньня Навумава ў яго могуць быць падставы для гэтага. Выпусьцілі ж Паўлючэнку. Нават калі яму вынясуць сьмяротны прысуд… Хто яго кантралюе? Навумаў, Шэйман. Іх могуць вызваліць гэтак жа, як вызвалілі Паўлючэнку. І заўтра ён будзе гуляць па вуліцах. Людзі, якія давалі паказаньні ў гэтай справе, – яны ўсе абсалютна баяцца, ды й маюць сапраўды падставы непакоіцца за ўласнае жыцьцё”.

(Курапаткіна: ) “Цяпер вы ў Вашынгтоне. Ці сустракаліся вы з журналістамі? Якая рэакцыя на вашыя расповяды?”

(Случак: ) “Усіх гэта зьдзівіла, і для ўсіх гэта – шок. Тое, што ў цэнтры Эўропы існуе такая краіна, у якой робяцца такія справы”.

(Курапаткіна: ) “У вас ёсьць магчымасьць вось цяпер адказаць на заўвагі. Я ведаю, што з моманту, калі вы зьехалі з краіны, і да цяперашняга моманту, вы ня мелі магчымасьці нават прачытаць тыя закіды, якія былі зробленыя ў ваш бок з боку пракуратуры. Цяпер вы пазнаёміліся і зь інтэрьвю Сівакова “Белорусской деловой газете”. Скажыце, калі ласка, што вы маглі б адказаць на той закід, што вы гэта зрабілі дзеля асабістых нейкіх інтарэсаў, каб зьехаць у Амэрыку, каб атрымаць палітычны прытулак?”

(Петрушкевіч: ) “Я не зьбіраўся абсалютна нікуды зьяжджаць, і калі б гэта сапраўды было так, дык я б і падрыхтаваўся. У мяне ж была магчымасьць нейкія матэрыялы крымінальнай справы забраць. Але было б агідна, калі б я нешта забраў адтуль. Калі б я сапраўды жадаў атрымаць статус нейкі, хацеў зьбегчы з асабістых інтарэсаў – у мяне была магчымасьць забраць некалькі тамоў крымінальнай справы і іх апублікаваць. Гэта б выклікала значна большы рэзананс, але я проста ў той момант вельмі моцна баяўся. Амэрыка – гэта ня райскі куток, як думае шмат хто ў Беларусі, і ехаць сюды без капейкі грошай у кішэні – гэта вельмі цяжка, паверце”.

(Курапаткіна: ) “Ну і апошняе. Ці хочаце вы нешта дадаць? Калі б цяпер вы былі ў Беларусі, і ў вас быў бы гэты выбар – выступіць з гэтай заявай ці ня выступіць? Што б вы зрабілі?”

(Случак: ) “Я б, кожным выпадку, зрабіў бы гэтак жа, таму што людзі маюць права на інфармацыю, гэта па-першае. Па-другое, колькі ланцугу не цягнуцца – канец будзе”.

(Петрушкевіч: ) “Я згодны з тым, што адсутнасьць інфармацыі нараджае беззаконьне, і некаторыя плююць на законы…”
XS
SM
MD
LG