Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ РАБОЧАЙ ГРУПЫ ПА АБСЭ СУСТРЭЛІСЯ ЗЬ БЕЛАРУСКІМІ ЧЫНОЎНІКАМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Cябры рабочай групы ў справах Беларусі прыляцелі ў Менск сёньня днём. У другой палове дня ў іх ужо адбылася першая сустрэча з кіраўніцтвам "палаты прадстаўнікоў".

Як вядома, дэпутатка нямецкага Бундэстагу Ута Цапф і парлямэнтар са Швэцыі Урбан Алін па выніках гэтай паездкі падрыхтуюць адпаведны даклад для мандатнай камісіі ПА АБСЭ. Камісія 5 ліпеня ў Парыжы павінна вырашыць — Вярхоўны Савет 13-га скліканьня ці "палата прадстаўнікоў" будзе прадстаўляць Беларусь у гэтай арганізацыі.

У "палаце" сябры дэлегацыі ПА АБСЭ, а таксама Ганс-Георг Вік сустракаліся са сьпікерам Вадзімам Паповым, ягоным намесьнікам Уладзімерам Канаплёвым, дэпутатамі Аляксеем Ваганавым, Анатолем Малафеевым ды іншымі.

Кіраўнік "палаты прадстаўнікоў" Папоў доўга рапавядаў эўрапейцам пра вынікі апошняй сэсіі, колькі прынялі законаў і ратыфікавалі міжнародных пагадненьняў. Вадзім Папоў таксама распавядаў пра тое, які прагрэсіўны закон аб Нацыянальным сходзе падрыхтавалі ягоныя калегі, але, маўляў, прыняць яго пакуль немагчыма, бо трэба праводзіць рэфэрэндум, паколькі гэты дакумэнт прадугледжвае істотнае пашырэньне паўнамоцваў "палаты".

Але сяброў рабочае групы ПА АБСЭ больш цікавілі іншыя праблемы, хаця Ута Цапф і заявіла, што вяртаньне беларускаму парлямэнту рэальных паўнамоцтваў — справа вельмі важная й неабходная.

Пасьля спадарыня Цапф пачала задаваць даволі вострыя пытаньні. Пра тое, чаму ніводны прадстаўнік апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяыў Беларусі ня трапіў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Яна спыталася, ці праўда, што Аляксандар Лукашэнка выдаў дэкрэт, паводле якога ўсе прэтэндэнты на прэзыдэнта павінны прадаставіць дэклярацыі аб даходах сваіх жонак, бацькоў, дзяцей ды ўнукаў.

Урбан Алін заявіў, што каб такі дэкрэт існаваў у Швэцыі, ён бы ніколі ня здолеў стаць дэпутатам парлямэнту. Ута Цапф сказала, што пытаньні, зьвязаныя з прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй, вельмі важныя, бо гэтыя выбары пакажуць, ці будзе рухацца Беларусь па дэмакратычным шляху разьвіцьця.

Спадары Папоў і Канаплёў былі вымушаныя прызнаць, што ўсё гэта так, але дэкрэт дзейнічае, а "палата прадстаўнікоў" будзе яго разглядаць толькі ў кастрычніку, калі прэзыдэнцкія выбары ўжо скончацца. Дэпутат Уладзімер Навасяд, які прысутнічаў на гэтай сустрэчы, лічыць, што гэты Лукашэнкаў дэкрэт хутчэй за ўсё паўплывае на рашэньне ПА АБСЭ не прызнаваць паўнамоцтваў "палаты". Гаворыць Уладзімер Навасяд:

(Навасяд: ) "Паўплывае, прычым вельмі істотна. Я яшчэ раз падцьвярджаю свой тэзыс, што выканаўчай уладзе прызнаны парлямэнт не патрэбны. Кожны раз, калі дэлегацыя едзе ў Страсбург, зьяўляецца нейкі дэкрэт ці ўказ, які робіць гэтыя дэпутацкія паездкі бессэнсоўнымі".

Сёньня сябры рабочай групы ПА АБСЭ таксама сустрэліся зь міністрам замежных справаў Беларусі Міхаілам Хвастовым і з намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандрам Абрамовічам.

Цягам двух наступных дзён сябры рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ сустрэнуцца зь лідэрамі апазыцыйных партыяў, праваабарончых арганізацыяў, а таксама з журналістамі.
XS
SM
MD
LG