Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯКЛЯЕЎ, МІНСКЕВІЧ І ВІШНЕЎ НА ЎСЯСЬВЕТНЫМ КАНГРЭСЕ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ У ФІНЛЯНДЫІ


Юрась Барысевіч, Менск

Беларускае тэлебачаньне ўпершыню прадала сваю прадукцыю за межы краіны. Расейскі тэлеканал "Культура" купіў права на двухразовы паказ 13 фільмаў пра помнікі архітэктуры й славутых мастакоў, стужкі на экалягічную тэму. Адзін з украінскіх тэлеканалаў цяпер вядзе перамовы пра закуп шматсэрыйнага мастацкага тэлефільму "Выкляты ўтульны дом", прысьвечанага антырасейскаму паўстаньню 1863 году.

У Полацкім краязнаўчым музэі праходзіць выстава жывапісу беларускіх мастакоў, што жывуць у Латвіі. Выстава мае паэтычную назву "Плешча ў сэрца Дзьвіна". Дарэчы, такую самую назву будзе мець зборнік твораў пра вялікую раку, што злучае тры краіны. Кніга вершаў і прозы беларускіх, латвійскіх і расейскіх пісьменьнікаў, што жывуць у Падзьвіньні, выйдзе налета ў выдавецтве "Юнацтва".

Беларуская акадэмія музыкі выдала нотны зборнік "Фартэпіянная музыка Беларусі XVII стагодзьдзя". Цяпер на канцэртах зноў загучаць фартэпіянныя п’есы Міхала Радзівіла, Эдварда Ванжуры, Яна Дусіка ды іншых тагачасных кампазытараў. Зборнік, які выйшаў накладам 300 асобнікаў, уклалі дацэнты акадэміі Вольга Дадзіёмава і Ўладзімер Дулаў.

У Цэнтры культуры галяндзкага гораду Флісэнгена адчынілася выстава шасьцёх беларускіх мастакоў-авангардыстаў, сябраў Асацыяцыі Сучаснага Мастацтва. Сярод экспанатаў — фантасмагарычныя здымкі беларускіх краявідаў, якія фотамастачка Людміла Кальмаева зрабіла падчас пленэру імя Язэпа Драздовіча. Артур Клінаў выставіў інсталяцыю "Экалягічнае жыцьцё" — пародыю на захапленьне эўрапейцаў натуральнымі прадуктамі й матэрыяламі (а таксама на знакаміты "Бурштынавы пакой", што зьнік падчас Другой усясьветнай вайны). Клінаў абсталяваў цэлую залю вырабамі з саломкі: зрабіў саламяны тэлевізар, саламяныя карціны на сьценах, саламяную мэблю і, натуральна, саламяных людзей.

Беларуская Музычная Альтэрнатыва выдала першы магнітаальбом дужа пэрспэктыўнага поп-гурта "Сталіца". Альбом мае назву "Гарэла сосна" й вельмі нагадвае гучаньне раньніх "Песьняроў": народныя песьні, інтэрпрэтаваныя сродкамі джаз-року.

Уладзімер Някляеў, а таксама маладыя літаратары Сяржук Мінскевіч і Зьміцер Вішнёў узялі ўдзел ва Ўсясьветным кангрэсе пісьменьнікаў, які прайшоў у Фінляндыі. На адкрыцьці кангрэсу ў гельсынскім Доме друку беларускія літаратары зладзілі ў прысутнасьці дэпутатаў Эўрапарлямэнту пэрформанс пад назвай "Труп дыктатара". Зьміцер Вішнёў загрыз ляльку, падобную да Лукашэнкі, насыпаў на яе невялічкі курган з раструшчаных цаглінаў і разьбіў аб гэты "маўзалей" пляшку гарэлкі. Некаторыя жанчыны, што бачылі акцыю, ціха плакалі ад спачуваньня ахвярам шызагеннага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG