Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БАЦЬКАЎШЧЫНА” ДЛЯ ЗЬЕЗДУ НАРЭШЦЕ ЗНАЙШЛА ПАМЯШКАНЬНЕ


Валянціна Аксак, Менск

Перашкоды распачаліся з парады арганізатарам перанесьці зьезд зь ліпеня на восень. Але гэта супярэчыць статуту Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына", таму арганізатары не пагадзіліся. Пару месяцаў таму перашкоды выявіліся ў выглядзе настойлівых рэкамэндацыяў замежным суайчыньнікам ня ехаць у Менск на зьезд. Такія рэкамэндацыі гучалі з вуснаў супрацоўнікаў амбасадаў Беларусі, да якіх замежныя суродзічы пачалі зьвяртацца па візы на ўезд.

А вядомаму дзеячу беларускае эміграцыі ў Вялікабрытаніі айцу Аляксандру Надсану наогул заявілі, што ён як сьвятарская асоба мусіць атрымаць дазвол на наведваньне бацькаўшчыны ад Дзяржкамітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. Айцец Надсан палічыў гэта за зьнявагу ды адмовіўся ад падобных прапановаў.

Месяц таму намесьнік старшыні згаданага камітэту спадар Яновіч праз газэту "Голас Радзімы" паўтарыў рэкамэндацыі замежным суайчыньнікам ня браць удзелу ў зьезьдзе, але заклікаў іх прыехаць на нейкі іншы кангрэс, які ўлады плянуюць правесьці ў наступным годзе.

Вось як на маю просьбу пракамэнтавала гэтыя дзеяньні ўладаў старшыня рабочай групы аргкамітэту Алена Макоўская:

(Макоўская: ) "Што мы можам на гэта сказаць? Гэта нядобра, таму што гэткім чынам адбываецца сапраўдны раскол беларускае дыяспары па нейкіх палітычных прыкметах. Зьезд — гэта наша статутнае мерапрыемства, мы маем права сабраць сваіх сяброў, і гэта іхнае права — сабрацца на зьездзе ў сябе на радзіме і правесьці яго так, як яны яго бачаць.

І гэты зьезд будзе так і праходзіць, таму што наш аргкамітэт яшчэ ў лютым разаслаў усім апытальнікі й паводле адказаў склаў праграму і рэглямэнт зьезду. Таму калі адбываецца падзел дыяспары, то ён адбываецца не па віне згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына", а па віне таго боку".

Пасьля таго, як стала зразумела, што перашкодзіць прыезду на зьезд бальшыні замежных беларусаў ня ўдасца, улады сталі чыніць перашкоды ў арэндзе памяшканьня для зьезду. Кіраўніцтва Нацыянальнае Акадэміі навук, канцэртнае залі "Менск" і Палаца чыгуначнікаў нічога не адказалі арганізатарам на просьбу пра арэнду.

Зь іншых заляў у цэнтры Менску станоўчы адказ прыйшоў толькі з Дома літаратара. Але на яго ня даў дазвол Менгарвыканкам. Засталася ўскраінная заля Палаца культуры "Сукно". Яе і пазначылі ў запрашальніках ды праграме працы зьезду.

Аднак 29 чэрвеня ў другой палове дня арганізатараў зьезду раптоўна паклікалі ў Савет Міністраў. Там з вуснаў намесьніка кіраўніка ўраду Міхаіла Дзямчука прагучэў цэлы шэраг прапановаў пра супольныя з урадам імпрэзы ў часе зьезду. Пасьля чаго Менгарвыканкам даў дазвол на правядзеньне Трэцяга зьезду беларусаў сьвету ў Доме літаратара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG