Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГЧЫМЫЯ КАНДЫДАТЫ НА ПРЭЗЫДЭНТА ЛІЧАЦЬ, ШТО ПОДПІСЫ ЗЬБЯРУЦЬ — НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА ПРОЦІДЗЕЯНЬНЕ ЎЛАДАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У перадвыбарчым штабе Міхаіла Чыгіра нашаму радыё сёньня паведамілі, што актывісты ініцыятыўнай групы ўжо сабралі за яго па ўсёй краіне каля 50 тысячаў подпісаў. Улады ўсяляк перашкаджаюць зьбіральнікам подпісаў.

Так, у Чачэрску і Карме Гомельскай вобласьці супрацоўнікі КГБ пагражалі актывістам ініцыятыўнай групы Чыгіра звальненьнем з працы, калі яны ня спыняць сваёй дзейнасьці. Як вынік, чатыры жанчыны былі вымушаныя здаць у штаб свае пасьведчаньні сяброў ініцыятыўнай групы.

Больш як 60 тысячаў подпісаў сабралі ўжо сябры ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка. А пра тое, якія перашкоды чыняць актывістам ягонага перадвыбарчага штабу, распавядае сам спадар Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Мы разьбіраемся, зафіксавалі факты, асабліва ў Менску, калі нейкія ня сябры ініцыятыўнае групы спрабуюць зьбіраць подпісы, у тым ліку й за мяне. Гэта ў пікетах і ў часе абходу дамоў. Вось, напрыклад, у Першамайскім раёне былі зафіксаваныя такія факты. Ёсьць раёны, дзе ўлада спрабуе мяшацца, вэртыкаль. Больш тут парушэньняў з боку прэзыдэнта ёсьць. Ягоная заява ў Жодзіне на БелАЗе — пра тое, што Ганчарык выкарыстоўвае прафсаюзныя сродкі, не пералічваюцца прафсаюзныя складкі".

Лідэр Фэдэрацыі прафсаюзаў паведаміў, што днямі прадстаўнікі ягонага штабу перададуць у Цэнтарвыбаркам адпаведную скаргу наконт заяваў прэтэндэнта Лукашэнкі.

А вось што сказаў у інтэрвію нашаму радыё іншы прэтэндэнт на прэзыдэнта Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) "Усё ідзе па пляне — колькі нам трэба будзе, зьбярэм. Але лічбы я не хачу агучваць, ёсьць пэўныя для гэтага падставы. Ідзе вялікі ўціск на членаў ініцыятыўных групаў. Гэтак было ў Гомелі, калі міліцыя ўвайшла ў той пункт, дзе былі нашыя падпісанты, наехалі на іх за тое, што яны займаюцца палітычнай дзейнасьцю. Таксама ціснулі на тых, хто працуе на прадпрыемствах: калі вы будзеце зьбіраць подпісы за Казлоўскага, мы вас звольнім з працы. І гэтак далей. Гэта практычна ва ўсіх рэгіёнах Беларусі".

У ягоным штабе мне паведамілі, што актывістаў штабу не пусьцілі днямі ў інтэрнаты менскага аўтазаводу, Беларускага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту, а таксама ў шэраг сталічных вайсковых частак. Адміністрацыя інтэрнатаў заяўляе, што іхныя жыхары будуць галасаваць толькі за Лукашэнку.

Сябры ініцыятыўнай групы Казлоўскага ў сваю чаргу накіравалі пратэст на дзеяньні камандзіраў вайсковых частак міністру абароны Беларусі Леаніду Мальцаву.

А камэндант інтэрнату менскага будаўнічага трэсту №1 не дазволіў зьбіраць сярод жыхароў подпісы за лідэра ПКБ Сяргея Калякіна. Сябры ініцыятыўнай групы Калякіна ўжо сабралі каля 35 тысячаў подпісаў за свайго прэтэндэнта.

Сёньня прэсавая служба перадвыбарчага штабу Зянона Пазьняка паведаміла, што некалькі дзён таму быў зьдзейсьнены бандыцкі напад на актывіста Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ігара Шапялюка. Калі спадар Шапялюк вяртаўся ўвечары дадому, на яго напалі 6 чалавек, зьбілі і забралі ў яго грошы, дакумэнты ды іншыя каштоўныя рэчы.

Супрацоўнікі міліцыі, якім спадар Шапялюк патэлефанаваў, каб паведаміць пра напад, пачуўшы, што ён зьбіраў подпісы за Зянона Пазьняка, адразу ж кінулі слухаўку.

А магчымы кандыдат у прэзыдэнты Сямён Домаш падаў у суд Першамайскага раёну Менску пазоў на Белтэлерадыёкампанію і Юр'я Азаронка, якія закранулі ягоныя гонар і годнасьць. Азаронак у адной са сваіх праграмаў абвінаваціў Домаша ў тым, што той даў дазвол на вываз у Літву і Нямеччыну каляровага мэталу коштам 276 тысячаў даляраў.

Сямён Домаш патрабуе абвергнуць непраўдзівую інфармацыю і спагнаць з Азаронка 1 мільён рублёў маральнае кампэнсацыі.

Яшчэ адзін прэтэндэнт на прэзыдэнта Міхаіл Марыніч выступіў сёньня з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Амбасадар Беларусі ў Латвіі, Эстоніі й Фінляндыі абвінавачвае Лукашэнку ў разбурэньні адносінаў з Расеяй ды ізаляцыі краіны ад цывілізаваных дзяржаваў. Ён патрабуе даказаць няўдзел у выкраданьні вядомых людзей, а таксама прапануе неадкладна вызваліць з турмаў усіх палітычных вязьняў і не замінаць правядзеньню свабодных і дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў.
XS
SM
MD
LG