Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ ПАРАДУ НЯ ХОЧУЦЬ


Любоў Лунёва, Менск

Менгарвыканкам зацьвердзіў плян мерапрыемстваў, якія павінны адбыцца з 1 па 3 ліпеня. Раніцай 1 ліпеня ад праспэкта Скарыны да стэлы "Менск — горад-герой" пачнецца тэатральнае шэсьце.

У 4-тысячнай калёне павінны быць прадстаўнікі кожнага раёну сталіцы. Разам зь імі пойдуць і кіраўнікі Менску. Ля стэлы старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў урачыста ўздыме нядаўна прыняты сьцяг гораду — выява гербу на блакітным полі.

На плошчах Незалежнасьці й Кастрычніцкай будуць сцэнічныя пляцоўкі. На наступны дзень жыхары Менску ўбачаць легкаатлетычны марафон, а ўвечары — фаервэрк.

Кульмінацыя сьвята будзе 3 ліпеня. А 9-й гадзіне раніцы Лукашэнка ўскладзе вянкі да помніка на плошчы Перамогі. Праз гадзіну з плошчы Незалежнасьці пачнецца парад вайсковай і грамадзянскай тэхнікі. Ужо тыдзень рэпэтыцыі параду ўвечары замінаюць гарадзкому транспарту, а ўначы грукат тэхнікі не дае спаць менчукам.

Большасьць менчукоў лічаць, што гэтыя мерапрыемствы неапраўдана дарагія, а вайсковы парад увогуле не патрэбны. Людзі выказвалі свае меркаваньні на гэты конт:

(Хлопец: ) "Каму як, а мне гэты парад не патрэбны. Каб людзям было лепей, а ад параду якая карысьць?"

(Мужчына: ) "Заробак затрымліваюць… Нашто трэба рабіць гэты парад?"

(Жанчына гадоў 50: ) "Сто гадоў не патрэбны. Асабліва ў такі цяжкі час".

(Жанчына: ) "Праводзіць такія шырокамаштабныя мерапрыемствы з парадам, з тэхнікай... Я разумею, калі б была круглая дата, а так навошта? У нашай краіне цяжкае эканамічнае становішча. Сельская гаспадарка ў цяжкім стане, заводы нерэнтабэльныя. Лепш бы гэтыя грошы накіравалі на сацыяльныя патрэбы, на эканоміку".

(Гандлярка кветкамі: ) "А дзе ж яны бяруць грошы? Вось, машына пад’яжджае ўжо пяты раз. Міліцыянты забралі бабку, якая прывезла вядзерца кветак. Яны кветкі ламаюць, забіраюць, складаюць пратакол і штраф. Дык, каб у нас іх было багата. Не ад добрага жыцьця людзі ідуць гандляваць. Ня трэба мне таго параду".

Уздоўж праспэкту Скарыны тэрмінова будуюць трыбуны, разьлічаныя на 1700 месцаў, каб лепш было назіраць за парадам. На трыбуны, зразумела, можна будзе трапіць толькі па спэцыяльных запрашэньнях. Пасьля абеду пройдзе легкаатлетычная эстафэта, магчыма, з удзелам Лукашэнкі. Пры канцы вечара — урачысты салют.

Шаснаццаць з васямнаццаці апытаных на праспэкце мінакоў лічаць, што ня трэба было марнаваць грошы на гэтыя мерапрыемствы. Вось што яны сказалі нашаму радыё:

(Сталы чалавек, гадоў за 70: ) "Казаў жа, што будзе спаборнічаць са сваімі канкурэнтамі. Будзе прабег рабіць ці то на лыжах, ці то на каньках. Пакажа, хто хворы, а хто здаровы. А нам гэтага ня трэба. А тут жа, перад гэтым парадам, нібыта ўжо камэнданцкі час. Нейкая баявая падрыхтоўка. Ужо што яны робяць, чорт іх разьбярэ. Ну, ніяк ня можа апусьціць рукі, усё трымае ўладу".

(Жанчына: ) "Не, такі парад мне не патрэбны. Грошы трэба ўкладаць у будаўніцтва і ў рамонт шпіталяў. А які ж тут настрой? Заробку не хапае, самі разумееце".

(Яе сяброўка: ) "Нават ня ведаю, як вам адказаць. Мне дык дакладна весела ня будзе. Я паеду дапамагаць сваім у вёску. Там дапамога патрэбная. А што мне той парад".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG