Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРБАН АЛІН: Я НЯ ДУМАЮ, ШТО МАНДАТНАЯ КАМІСІЯ Ў ПАРЫЖЫ ЗНОЙДЗЕ ВЫРАШЭНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ КАЛІЗІІ


Максім Лукашэвіч, Прага

Урбан Алін, намесьнік генэральнага сакратара Сацыял-дэмакратычнай партыі Швэцыі і сябар рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі ў гутарцы з намі таксама пацьвердзіў, што візыт адбудзецца з 30 чэрвеня па 2 ліпеня.

Паведамлялася, што першапачатковы склад дэлегацыі меўся быць шырэйшы, гэта значыць з удзелам “тройкі”, але паколькі ў Беларусі сьвята, дык пасылаюць толькі Цапф і Аліна. Гэтую інфармацыю Урбан Алін таксама не пацьвердзіў. Ён сказаў, што ў межах візыту адбудуцца сустрэчы зь міністрам замежных справаў Беларусі Хвастовым, з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Мясьніковічам, з дэпутатамі Нацыянальнага сходу і, само сабой, з прадстаўнікамі апазыцыі, сем’ямі зьніклых, з прафсаюзамі і журналістамі.

Мы запыталіся Ўрбана Аліна, якая галоўная мэта візыту.

(Алін: ) “Галоўная мэта – сабраць інфармацыю і вярнуцца зь ёй назад у Парыж, на чарговае паседжаньне Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. У чацьвер а трэцяй гадзіне там будзе адбывацца паседжаньне Мандатнай камісіі. Я там зраблю справаздачу аб тым, што мы пабачылі і пачулі ў Менску, дакладу нашыя меркаваньні наконт гэтага. І тады Мандатная камісія мусіць вырашыць, як разьвязаць праблему зь месцам Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі. Я ня думаю, што ўдасца вырашыць гэтую праблему, бо “палата прадстаўнікоў” не была дэмакратычна абраная, а мандат Вярхоўнага Савету скончыўся. Так што нам будзе вельмі цяжка знайсьці разьвязку гэтай праблемы”.

Мы запыталіся, ці магчыма, каб Вярхоўны Савет ізноў атрымаў сабе назад права прадстаўляць Беларусь у ПА АБСЭ.

(Алін: ) “Практычна, не, бо Расея і Армэнія не пагодзяцца з гэтым, а патрэбны кансэнсус”.

Мы запыталіся, калі разьвязкі ўсё роўна не чакаецца, дык у чым сэнс паездкі сяброў рабочай групы ў Беларусь?

(Алін: ) “Сэнс у тым, каб дайсьці да нейкага вырашэньня, якое б падштурхнула беларускія ўлады зрабіць крокі ў кірунку дэмакратызацыі, а таксама, каб мець нейкі ўплыў на ход прэыздэнцкай кампаніі”.

Дэпутат Вярхоўнага Савету Ўладзімер Нісьцюк раней выказваўся, што нельга чакаць ніякіх жорсткіх рашэньняў, бо палітыка Эўропы, у прыватнасьці Нямеччыны і Швэцыі, палягае ў тым, каб прымірыць два бакі ў Белаурсі. Што на гэты конт думае Ўрбан Алін?

(Алін: ) “Я ня думаю, што можна гаварыць аб тым, што Швэцыя і Нямеччына маюць нейкую супольную пазыцыю што да Беларусі. Справа ў тым, што і Эўразьвяз, і паасобныя краіны, і палітыкі ў Заходняй Эўропы ня так добра абазнаныя ў сытуацыі ў Беларусі. Усе яны хочуць знайсьці нейкае рашэньне, і гэта мае на ўвазе зьмяншэньне разрвыву паміж бакамі – уладай і апазыцыяй. Трэба знайсьці нейкі кампраміс. Але ня гэта ёсьць нашай цяперашняй місісяй. Як сябры рабочай групы, мы будзем сачыць за сытуацыяй, глядзець, у якім накірунку яна разьвіваецца, ці сапраўды рэгіянальныя выбарчыя камісіі складаюцца толькі з прыхільнікаў уладаў і ня маюць прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў. Вось на такіх рэчах мы засяродзім сваю ўвагу і вынесем сваё меркаваньне на паседжаньне Мандатнай камісіі ў Парыжы. А пасьля Мандатная камісія вырашыць, хто будзе мець месца ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Шчыра кажучы, я ня ведаю, як знайсьці вырашэньен гэтага пытаньня. Расея накладзе вэта супраць Вярхоўнага Савету, іншыя – супраць “палаты прадстаўнікоў”, бо яна не была дэмакратычна абраная. Можа ў рэшце рэшт рашэньне будзе такое, што будуць запрашацца прадстаўнікі абодвух парлямэнтаў, каб выступаць перад Асамблеяй, або рашэньне наагул адкаладзецца на час пасьля выбараў, каб заахвоціць улады правесьці вольныя і справядлівыя выбары. Але я ня ведаю“.
XS
SM
MD
LG