Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ ЗАЛУНАЎ НА НАЙВЫШЭЙШАЙ КРОПЦЫ ПАЎНОЧНАЙ АМЭРЫКІ — ВЯРШЫНІ МАККІНЛІ


Ігар Карней, Менск

Мэдыкі казалі, што пасьля ўзыходжаньня на васьмітысячнік Даўлагіры ў Тыбэце Ірына Вялянкова ў спорт ня вернецца. 13 начных гадзінаў на лядовым схіле каштавалі ёй ампутаваных пальцаў на нагах, частак пятачных костак, абмарожанага твару і двухгадовага курсу рэабілітацыі ў маскоўскіх клініках.

Ня верыла ў дыягназ "прафнепрыдатнасьць" з-за атрыманай інваліднасьці, бадай, толькі сама Вялянкова. Ужо праз паўгода яна распачала ўзмоцненыя трэніроўкі, зрабіла тры ўзыходжаньні на Эльбрус, а потым заявіла пра намер пакарыць МакКінлі. Зараз з гонарам распавядае, што стала першай беларускай, якая па выніках узыходжаньня атрымала адмысловы амэрыканскі сэртыфікат.

(Вялянкова: ) "Толькі ўявіце: самы паўночны шасьцітысячнік сьвету, які знаходзіцца ў надзвычай суровай ледзяной краіне; і вось на яго ўпершыню ступіла нага беларуса. Ня проста ступіла: гара дапусьціла нас да сябе, і мы стаялі на ейнай вяршыні.

Гэта надзвычай прыемна, бо я і два мае менскія спадарожнікі, якія склалі ядро беларуска-расейскай каманды, вельмі шмат рыхтаваліся. Мы ўсе працавалі адзін на аднаго, і, напэўна, таму стаялі на самай высокай адзнацы. Вы не паверыце, як гэта прыемна".

Ірына распавядае, што ў бліжэйшым да МакКінлі горадзе Талкітна адна сьцяна ў офісе экалягічнай службы — гэта вялізная мапа сьвету. Кожны, хто атрымаў допуск на ўзыходжаньне, можа прышпіліць адмысловы сьцяжок да назвы сталіцы сваёй далёкай краіны. Ірына з гонарам кажа, што Менск на мапе займаў пачэснае месца, тады як некаторыя іншыя сталіцы шматлікія падарожнікі шукалі доўга і безвынікова.

Трэба адзначыць, што дастаткова рызыкоўнае падарожжа адбылося цалкам за асабістыя ашчаджэньні спадарыні Вялянковай (збольшага яна грошы пазычыла). Дзяржава ня дужа зацікаўленая ў гэтым учынку, які працуе на рэпутацыю краіны.

(Вялянкова: ) "У нас вельмі многія гавораць пра беларускую ідэю — асабліва ў частцы абяцаньняў падтрымаць штосьці, што потым зробіць Беларусь вядомай ва ўсім сьвеце. Але ўвесь мой досьвед пераконвае: усё гэта застаецца толькі на словах.

Тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў маім праекце ад Беларусі, увасобілі мару за свае грошы. Гэта выклікала некаторыя складанасьці, бо грошай было нямнога, прыходзілася шмат ад чаго адмаўляцца. Мне заўсёды казалі: гэта прыватная справа. Таму я зразумела: зьвяртацца ў Фэдэрацыю альпінізму дарэмна. Яна нічога ня мае. Яна ня можа ўвасобіць свае пляны. Я таму й не зьвяртаюся, што мне далі зразумець: гэта ўсё роўна пустая справа".

Каб перавесьці гутарку ў больш аптымістычнае рэчышча, я пацікавіўся, якія думкі (ды й жаданьні) узьнікаюць у часе манатоннага ўзыходжаньня па лядовай пустэчы ў беларусаў, людзей з так званай "раўніннай псыхалёгіяй". І атрымаў нечаканы адказ:

(Вялянкова: ) "Калі мы прыйшлі ў апошні лягер, у мяне ўзьнікла адно непераадольнае жаданьне: я страшна захацела піва. Думала пра гэта дзень і ноч. Пасьля ўзыходжаньня жаданьне ўзмацнілася шматкроць. І як толькі мы спусьціліся ў Талкітну, хлопцы адразу ж купілі скрыню піва…"

(Карэспандэнт: ) "І які быў рэкорд па паглынаньні гэтага напою?"

(Вялянкова: ) "Дакладна ня памятаю — 2 ці 3 бляшанкі, але для мяне гэта ў любым выпадку вельмі шмат".

Адказваючы на традыцыйнае пытаньне пра далейшыя пляны, Ірына Вялянкова неахвотна, але ўсё ж раскрыла свае карты. Ейная мэта — скарыць найвышэйшыя вяршыні ўсіх кантынэнтаў Зямлі: "Шэсьць кантынэнтаў — шэсць найвышэйшых кропак".

Наступнай пасьля МакКінлі можа стаць візытоўка Паўднёвай Амэрыкі — пік Аканкагуа, які месьціцца ў горным хрыбце паміж Аргентынай і Чылі, і дзе Ірына, як і на ўсіх скораных вяршынях, зьбіраецца замацаваць бел-чырвона-белы сьцяг. А пакуль пляны куды больш празаічныя — вяртаць даўгі. А гэта якраз тыя грошы, якія й сталі пляцдармам для пасьпяховай рэалізацыі сьмелага праекту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG