Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

30 ЧЭРВЕНЯ Ў МЕНСК ПАВІННЫ ПРЫЛЯЦЕЦЬ СЯБРЫ РАБОЧАЙ ГРУПЫ Ў СПРАВАХ БЕЛАРУСІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

Першапачаткова ў Менску чакалі так званую "тройку" — гэта значыць дэлегацыю, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі трох міжнародных арганізацыяў: Парлямэнцкіх асамблеяў АБСЭ й Рады Эўропы, а таксама Эўрапарлямэнту.

Ды і асабісты статус дэлегацыі меркаваўся быць высокім. Адрыян Севярын, напрыклад, зьяўляецца старшынём усёй Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, Тэры Дэйвіс узначальвае палітычны камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Зразумела, што іхны службовы ранг патрабуе сустрэчаў з адпаведнымі асобамі з боку беларускіх уладаў. У прыватнасьці, КНГ АБСЭ ў Беларусі прасіла аб размовах з кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Міхаілам Мясьніковічам, міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым і сьпікерам "палаты прадстаўнікоў" Вадзімам Паповым.

Аднак перамовы на гэты конт паміж Кансультацыйна-назіральнай групай АБСЭ ў Беларусі й Міністэрствам замежных справаў станоўчых вынікаў не далі. Галоўнае замежнапалітычнае ведамства Беларусі са спасылкай на тое, што з 1 па 3 ліпеня сьвяточныя дні, паведаміла, што ня можа арганізаваць сустрэчы "тройкі" з высокімі чыноўнікамі. Зразумела, што візыт "тройкі" пры такіх умовах траціў сэнс.

Аднак адмяніць яго ўвогуле не выглядала б добрым рашэньнем. Справа ў тым, што 5 ліпеня мандатная камісія ПА АБСЭ мусіць разглядаць пытаньне пра тое, хто — Вярхоўны Савет 13-га скліканьня ці "палата прадстаўнікоў" — будзе прадстаўляць беларускі парлямэнт у ПА АБСЭ. Адпаведныя заяўкі ўжо паступілі ў мандатную камісію. Таму й вырашылі арганізаваць візыт у Менск толькі сябраў адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі ПА АБСЭ. У складзе гэтай групы прадстаўнікі наступных краінаў: Грузіі, Нямеччыны, Украіны, Фінляндыі, Швэцыі. У Менск жа прылятаюць толькі Ута Цапф зь Нямеччыны і Алін Урбан з Швэцыі.

Уладзімер Нісьцюк, сталы сябар дэлегацыі Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня ў ПА АБСЭ лічыць, што такі выбар невыпадковы.

(Нісьцюк: ) "На эўрапейскім кантынэнце ўжо даўно створаная агульная канцэпцыя падыходу да Беларусі, якую можна назваць швэдзка-германскай. Гэта канцэпцыя спробы прымірыць беларускую палітычную апазыцыю з уладамі, рэжымам.

Гэтая канцэпцыя вельмі настойліва працягваецца нашымі партнэрамі з Захаду ўжо некалькі гадоў. Эўропа ня хоча адштурхнуць ад сябе, жорстка адштурхнуць Лукашэнку, бо баяцца, што яго адразу падхопіць Расея, і тады ўжо Беларусь ніколі ня крочыць у Эўропу.

Таму, мне бачыцца, што прыезд гэтых прадстаўнікоў эўрапейскай сацыял-дэмакратыі будзе насіць такі характар прымірэнцаў, міратворцаў. Гэта будзе спроба зноў адшукаць нейкі кампрамісны ход. Жорсткіх рашэньняў, жорсткіх высноваў, жорсткіх выказваньняў, жорсткіх пастановаў пытаньня ня будзе. Гэта будзе эўрапейская памяркоўная павольная палітыка, якая ня вельмі патрэбная нам перад прэзыдэнцкімі выбарамі".

Перад выхадам у эфір я звязаўся з КНГ АБСЭ ў Беларусі. Мне паведамілі, што сябры рабочай групы павінны прыляцець у суботу апоўдні, але да гэтага часу невядома, хто канкрэтна з прадстаўнікоў беларускай улады будзе іх прымаць.
XS
SM
MD
LG