Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БАРЫСАВЕ ЦКУЮЦЬ НАЙБУЙНЕЙШЫ Ў РЭГІЁНЕ НЕЗАЛЕЖНЫ ТЫДНЁВІК "БАРЫСАЎСКІЯ НАВІНЫ"


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Як паведаміў Радыё Свабода галоўны рэдактар і сузаснавальнік выданьня Анатоль Букас, кіраўніцтва Барысаўскага гарвыканкаму забараніла мясцоваму вузлу сувязі пералічваць выданьню грошы чытачоў за падпіску на другое паўгодзьдзе. Разам падпіска каштавала бы блізу 12 мільёнаў беларускіх рублёў. Сума вельмі патрэбная выданьню дзеля набыцьця паперы, разьліку з друкарняй ды іншых выдаткаў.

Паводле словаў журналіста, такой незаконнай мерай гарадзкія ўлады спрабуюць паставіць калектыў рэдакцыі на мяжу банкруцтва. Канчатковая ж мэта вэртыкалі — ня даць тыднёвіку прайсьці да 1 ліпеня перарэгістрацыю. Такі тэрмін для перарэгістрацыі суб'ектаў гаспадараньня, нагадаю, вызначыў летась адным з дэкрэтаў Аляксандар Лукашэнка.

Што праўда, спадар Букас робіць усё магчымае, каб уратаваць газэту. Гаворыць Анатоль Букас:

(Букас: ) "З 1 ліпеня я буду выпускаць газэту як прадпрымальнік. Гэта ўсё ў межах закону. Дарэчы, літаральна ў панядзелак я атрымаў паперу, што гарвыканкам зьвярнуўся ў гаспадарчы суд Менскай вобласьці аб пазбаўленьні мяне пасьведчаньня на прадпрымальніцкую дзейнасьць".

Анатоль Букас распавёў, што барысаўскія ўлады ўсяляк замінаюць рэгістрацыі выданьня па тым ці іншым адрасе ў Барысаве, і рэдакцыя змушаная разьмяшчацца на прыватнай кватэры Букасаў.

Да таго ж чыняцца розныя перашкоды продажу "Барысаўскіх Навінаў" у розьніцу. Так, кіраўнікі выканкаму яшчэ вясной забаранілі дзяржаўным гастраномам ды ўнівэрсамам прадаваць газэту пакупнікам.

Як паведамілі мне ў юрыдычнай службе Дзяржкамдруку, там спадзяюцца, што барысаўскі вузел сувязі пачне абслугоўваць рэдакцыю штотыднёвіка ў самыя бліжэйшыя дні.

На жаль, размовы з начальнікам выканкамаўскага аддзелу інфармацыі спадаром Медзяльцовым і кіраўніцай справаў выканкаму спадарыняй Дронавай не атрымалася. Паводле іхнага меркаваньня , "Барысаўскія Навіны" тэндыцыйна і неаб'ектыўна асьвятляюць працу і дзейнасьць гарадзкой вэртыкалі. Іншыя пытаньні Радыё Свабода засталіся без адказу.
XS
SM
MD
LG