Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ПРАЦУЕЦЦА МЕНСКІМ ЗЬБІРАЛЬНІКАМ ПОДПІСАЎ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

Найбольшую актыўнасьць у сталіцы Беларусі праяўляе ініцыятыўная група Сямёна Домаша. Актывісты гэтай групы зьбіраюць подпісы фактычна ўвесь дзень. Прычым частка актывістаў ходзіць па кватэрах менчукоў, а частка зьбірае подпісы ў найбольш людных месцах гораду.

Раніцай я назіраў, як працуе адзін з найбольш актыўных сяброў перадвыбарчага штабу спадара Домаша Ўладзімер Бордак у менскім мікрараёне "Серабранка". Вось што сказаў спадар Бордак перад тым, як пачаць абыход кватэраў:

(Бордак: ) "Нядрэнна ідзе збор подпісаў, асабліва ў мяне. Я за 7 дзён ужо сабраў 216 подпісаў, заверыў і ўжо аддаў. Я з панядзелка да серады працаваў цэлы дзень і сабраў недзе 45, да 50 подпісаў".

У большасьці кватэраў пад’езду 9-павярховага дому людзей не было. Тыя, хто адчыняў дзьверы, рэагавалі па рознаму: нехта адмаўляўся падпісваць, нехта цікавіўся, за колькі прэтэндэнтаў яны могуць паставіць свой подпіс.

За 45 хвілін актывіст выбарчага штабу Домаша сабраў 7 подпісаў у падтрымку свайго прэтэндэнта. Вось як тлумачылі выбарцы свой выбар:

(Спадарыня: ) "Я нават ня ведаю... Ну, як зьбіраюць подпісы — дзяржаўная справа, трэба ўсім падпісвацца. Мы яшчэ не чыталі пра яго, а калі ў далейшым будзе галасаваньне, падумаем, за каго будзем галасаваць, а подпісы пакуль ставім".

(Спадар: ) "Я ўвогуле ўпершыню чую гэтае прозьвішча. Няхай будзе кандыдатам. А то будзе адзін кандыдат — што будзе? Няхай 10 кандыдатаў будзе".

(Іншы спадар: ) "Ён падыходзіць цалкам, па ўсіх парамэтрах падыходзіць. Разумны, пісьменны дзядзька. Так, што можа й выцягне нас з гэтае кабалы".

Гэткія былі меркаваньні выбарцаў, што падпісаліся за Сямёна Домаша.

Восем чалавек свае подпісы ставіць адмовіліся, прычым большасьць зь іх заявілі, што ім яшчэ трэба падумаць, а два зь іх сказалі, што ім падабаецца Аляксандар Лукашэнка. Усё ж Уладзімер Бордак задаволены такімі вынікамі.

Групы іншых кандыдатаў ходзяць па кватэрах толькі ўвечары, калі большасьць жыхароў знаходзяцца дома, а раніцай зьбіраюць подпісы выбарцаў у людных месцах.

Каля рэстарану "McDonald's" цэлы дзень стаяць актывісты ініцыятыўных групаў спадароў Домаша, Чыгіра і Ярашука. На перанасных століках, за якімі сядзяць актывісты, надпіс: "Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі". Людзі, што падыходзяць да столікаў з пашпартамі (гэта пераважна моладзь), свой выбар ужо зрабілі, і ніякай агітацыі ня трэба.

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, чаму вы вырашылі падпісацца за Міхаіла Чыгіра?"

(Спадар: ) "Я лічу, што калі чалавек у наш час адседзеў за свае перакананьні — гэта ўжо пра нешта гаворыць. Чалавек, які не пабаяўся ў турме пабываць, я лічу, мае права быць прэзыдэнтам".

Паводле зьбіральнікаў подпісаў, людзі актыўна падпісваюцца за ўсіх дэмакратычных кандыдатаў (за гадзіну яны зьбіраюць па 20-30 подпісаў), але ўсё ж трохі больш людзей пакідаюць свае подпісы за Домаша.

Непадалёк дзьве жанчыны зьбіралі подпісы за Зянона Пазьняка. Гаворыць актывістка ягонага перадвыбарчага штабу Сьвятлана Шавякова, якая за гадзіну сабрала 10 подпісаў за свайго прэтэндэнта:

(Шавякова: ) "Прапаганда, якая вядзецца супраць Пазьняка, яна, канешне, узьдзейнічае на наша грамадзтва. А разумныя людзі, інтэлігенцыя, яны разумеюць усё".

Раз-пораз каля зьбіральнікаў подпісаў за Зянона Пазьняка разгараліся спрэчкі. Людзі пыталіся, чаму спадар Пазьняк зьехаў за мяжу й да гэтага часу не вярнуўся. Тым ня менш, за паўгадзіны да актывістаў ягонага перадвыбарчага штабу падышлі некалькі чалавек, пераважна маладых, якія паставілі свае подпісы і заявілі, што альтэрнатывы Пазьняку на гэтых выбарах няма, бо толькі ён ёсьць сапраўдным патрыётам Беларусі.

XS
SM
MD
LG