Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДА 12 ЛІПЕНЯ МІЛОШАВІЧ ЗАСТАНЕЦЦА Ў БЯЛГРАДЗЕ


Сяргей Навумчык, Прага

Экс-прэзыдэнт Слабадан Мілошавіч ужо некалькі месяцаў утрымліваецца пад вартай ў Цэнтральнай бялградзскай вязьніцы. Яму прад’яўленае абвінавачаньне ў злоўжываньні службовым становішчам, рыхтуецца судовы працэс – аднак да нядаўняга часу югаслаўскія ўлады адмаўляліся выдаць яго Міжнароднаму трыбуналу, спасылаючыся на Канстытуцыю.

Канстытуцыя Югаславіі не прадугледжвае экстрадыцыі грамадзянаў. Аднак Міжнародны трубунал у справе вайсковых злачынстваў у Гаазе падпарадкоўваецца ААН, а на ААН югаслаўскія законы не распаўсюджваюцца. Ды й паводле міжнародных прававых нормаў, калі нацыянальнае заканадаўства ўступае ў супярэчнасьць зь міжнародным – перавагу мае менавіта міжнароднае.

На мінулым тыдні ўрад Югаславіі прыняў указ, у адпаведнасьці зь якім асобы, якіх падазраюць у вайсковых злачынствах, могуць быць выдадзеныя Міжнароднаму трыбуналу. Менавіта гэты
Ўказ і аспрэчваўся прадстаўнікамі Мілошавіча ў Канстытуцыйным Судзе.

Падзеі набылі асаблівую вастрыню у сувязі з тым, што заўтра ў Брусэлі распачынаецца міжнародная канфэрэнцыя ў справе эканамічнай дапамогі Югаславіі. Памер дапамогі, на якую можа разьлічваць Югаславія – экспэрты ацэньваюць у адзін мільярд трыста мільёнаў даляраў. Лідэры краінаў-удзельніцаў канфэрэнцыі настойвалі, каб Мілошавіч быў выдадзены яшчэ да яе пачатку.

У сераду ўвечары стала вядома, што Злучаныя Штаты, якія раней ня мелі намеру ўдзельнічаць у канфэрэнцыі, – вырашылі далучыцца да яе. Аднак ЗША наўпрост паставілі аб’ём амэрыканскай дапамогі ў залежнасьць ад супрацоўніцтва югаслаўскіх уладаў з Міжнародным трыбуналам.

Перад сёньняшнім паседжаньнем Старшыня Канстытуцыйнага Суду Югаславіі Мілуцін Шырдзіч падаў у адстаўку. Ён заявіў, што самае лепшае, што ён можа зрабіць у гэтай сытуацыі, – гэта ня ўдзельнічаць у паседжаньні.

Суд прыпыніў дзеяньне ўрадавага ўказу да 12 ліпеня, калі мяркуецца прыняць канчатковае рашэньне адносна адпаведнасьці яго Канстытуцыі. Суд заявіў таксама, што рэалізацыя ўказу да канчатковага вэрдыкту суду “магла б нанесьці шкоду і выклікаць незваротныя наступствы”.

Прадстаўнікі ўраду заявілі, што нязгодныя з такім рашэньнем суду і падазраюць судзьдзяў у сымпатыях да былога прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG