Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПРАВА ЗАВАДЗКАГА НЕЎЗАБАВЕ БУДЗЕ ПЕРАДАДЗЕНАЯ Ў СУД


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прэсавы сакратар рэспубліканскай пракуратуры Аляксей Таранаў заявіў сёньня Радыё Свабода, што справа аб выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага наблізілася да завяршэньня, і неўзабаве яе перададуць у суд.

Аляксей Таранаў не ўдакладніў, праз колькі дзён гэта адбудзецца, прапанаваўшы кожнаму разумець словы "ў бліжэйшы час" па-свойму. Прэсавы сакратар таксама не ўдакладніў, у які суд накіруюць справу — у Вярхоўны ці ніжэйшага ўзроўню. "Гэта вызначаць следчыя", — сказаў Аляксей Таранаў.

Між тым, пытаньне пра тое, які суд будзе разглядаць справу зьнікненьня Завадзкага, незалежным назіральнікам падаецца прынцыповым.

Паводле некаторых крыніцаў, справу зьбіраюцца накіраваць у Вярхоўны суд, каб разгледзець яе на закрытым паседжаньні і без магчымасьці перагляду. Гэты варыянт у свой час адпрацавалі на працэсе аб забойстве Яўгена Мікалуцкага.

Тады Вярхоўны суд забойцаў прэзыдэнцкага кантралёра так і не назваў, але па розных абвінавачаньнях асудзіў трох чалавек. Праз закрытасьць таго працэсу сёньня пра справу Мікалуцкага ў грамадзтве мала хто помніць. Ня выключана, што арганізатары працэсу па справе Завадзкага разьлічваюць на гэткі ж вынік.

Тым часам з пракуратуры ад дасьведчаных крыніцаў даходзяць зьвесткі пра надзвычайныя захады дзеля захаваньня сакрэтнасьці ўсіх зьвестак па справе зьніклага апэратара ОРТ.

Крыніцы сьцьвярджаюць, што Віктар Шэйман быццам бы правёў адмысловую нараду з усімі сьледчымі, якія працуюць у групе, у тым ліку з камандзіраванымі зь іншых ведамстваў. Падставай для нарады нібыта стала "здрада" сьледчых Петрушкевіча і Случака. Сьцьвярджаецца, што ўсім катэгарычна параілі ня браць за прыклад былых супрацоўнікаў пракуратуры. Калі ж не паслухаюць, пакараньне абяцаюць самае прынцыповае.

Прэсавая служба аднак абвяргае гэтыя зьвесткі. Кіраўнік прэсавай службы Аляксей Таранаў кажа, што генэральнаму пракурору няма патрэбы зьбіраць сьледчых па справе, якую курыруе адзін зь ягоных намесьнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG