Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ ІНІЦЫЯТЫЎНАЯ ГРУПА ЛУКАШЭНКІ МЕСЬЦІЦА Ў ОФІСЕ БПСМ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Па словах намесьніка старшыні аблвыканкаму Мікалая Прысады, з просьбай прадаставіць памяшканьне зьвярталіся групы Чыгіра й Машэравай. Але ім адмовілі. Што датычыць групы Аляксандра Лукашэнкі, дык яна цэлы тыдзень спакойна працавала ў гарадзкім Доме культуры. Там і правялі сход, на які з усёй вобласьці зьехалася каля 200 сяброў ініцыятыўнай групы Лукашэнкі.

Затым штаб перавялі ў больш зацішнае месца. Праўда, таксама ў цэнтры гораду. На пляцы Антонія Тызэнгаўза стаіць "крывая афіцына" — вядомы помнік архітэктуры XVIII-га стагодзьдзя. У каралеўскія часы там знаходзілася музычная акадэмія. Сёньня дзьве вялікія кватэры, злучаныя паміж сабой, займае гарадзкі камітэт БПСМ. На дзьвярах аднаго з пакояў прышпілены аркуш з надпісам: "Штаб ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі".

Цугам у пакой ідуць людзі — здаваць падпісныя лісты. Інтэлігентная пажылая жанчына, якая назвалася Валянцінай Фёдараўнай, сказала мне, што размаўляць часу зусім ня мае. Бо трэба праглядаць шмат падпісных лістоў. Пра ўмовы арэнды для штабу Лукашэнкі спытацца не было ў каго. Першы сакратар гаркаму патрыятычнага саюзу — у ад'езьдзе, другі таксама. На дошцы абвестак вісіць графік наведваньня членамі гаркаму патрыятычных "пярвічак" на прадпрыемствах гораду.

Дарэчы, аб прадпрыемствах. Адзін з ініцыятыўнікаў Сямёна Домаша, Мікола Воран, распавёў, што падчас збору подпісаў многія жыхары шматкватэрных дамоў паведамляюць, што ім загадалі прыносіць на працу пашпарты, каб падпісвацца за Лукашэнку.

Варта яшчэ адзначыць, што сябры БПСМ масава залічаныя ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў — у 16 раённых і ў абласную. А першы сакратар абкаму патрыятычнага саюзу Клімовіч даўным-даўно пачаў агітаваць за Лукашэнку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG