Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДА 1 ЛІПЕНЯ ДЗЯРЖАЎНУЮ ПЕРАРЭГІСТРАЦЫЮ ЗДОЛЕЕ ПРАЙСЬЦІ НЯ БОЛЕЙ ЗА 50% СУБ’ЕКТАЎ ГАСПАДАРАНЬНЯ


Ігар Карней, Менск

Паводле Беларускай канфэдэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, рэгістрацыю здолеюць прайсьці ня больш за 50% дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў. Прычына — неспрыяльныя эканамічныя ўмовы, створаныя цяперашнім кіраўніцтвам краіны.

Беларуская канфэдэрацыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў накіравала ліст ва ўрад, каб працягнуць працэдуру перарэгістрацыі як мінімум на два гады — да 1 ліпеня 2003 году. (Дарэчы, менавіта гэтым тэрмінам акрэсьленая перарэгістрацыя для калгасаў і саўгасаў.)

У лісьце Беларускай канфэдэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў падаецца шэраг прычынаў, па якіх фарсіраваная рэвізія ўсіх суб’ектаў эканамічнага сэктару цалкам немагчымая. Гаворыць прэсавы сакратар Канфэдэрацыі Сяргей Балыкін, які непасрэдна рыхтаваў гэты ліст да ўраду:

(Балыкін: ) "Хутчэй за ўсё дакумэнты будуць прымаць да 9 верасьня, бо ёсьць адна юрыдычная зачэпка на карысьць гаспадарнікаў. Да таго ж, усе захочуць вызначыцца з палітычнай сытуацыяй. Калі падыходзіць фармальна-юрыдычна — гэта не зусім перарэгістрацыя.

Татальная перарэгістрацыя была праведзеная пяць гадоў таму. Тады наўпрост было напісана: таму, хто не прайшоў перарэгістрацыі, дзейнасьць забароненая. Зараз таксама ёсьць пункт, што дзейнасьць безь дзяржаўнай рэгістрацыі не дапускаецца.

Але атрымліваецца нейкае замкнёнае кола. Калі дакумэнты не адпавядаюць заканадаўству, трэба на гэтай падставе выносіць рашэньне пра ліквідацыю. А пакуль рашэньня няма, суб’ект гаспадараньня мае права зьвярнуцца ў тыя ж органы рэгістрацыі з просьбай прывесьці дакумэнты ў адпаведнасьць з заканадаўствам".

(Карэспандэнт: ) "Вы ў лісьце да ўраду сьцьвярджаеце, што палова суб’ектаў гаспадараньня фізычна не пасьпее падрыхтаваць заснавальніцкія дакумэнты".

(Балыкін: ) "Ідзе гульня ў статыстыку. Так, Менгарвыканкам сьцьвярджае, што перарэгістрацыю прайшло 87% суб’ектаў гаспадараньня. Але справа ў тым, што да паловы з тых, хто зьвярнуўся, альбо ўжо прынялі рашэньне аб ліквідацыі, альбо ёсьць ўласнае рашэньне гаспадарнікаў пра самаліквідацыю. Гэта значыць, улады лічаць усіх, хто вызначыў свой лёс; мы ж лічым тых, хто выжыў. Як кажуць, ёсьць хлусьня, ёсьць вельмі вялікая хлусьня і ёсьць статыстыка".

Варта нагадаць, што 1 чэрвеня ў Міністэрстве замежных справаў скончылася аналягічная па сваёй сутнасьці рэгістрацыя прадпрыемстваў з замежнай формай уласнасьці. Калі яшчэ ў сярэдзіне 1990-х у Беларусі дзейнічала больш як 3 000 замежных прадстаўніцтваў, то цяпер рэгістрацыю прайшло толькі 1 022, прычым амаль палова зь іх — расейскія.

Цяпер ўсе зарэгістраваныя юрыдычныя асобы з доляй замежнага капіталу абавязаныя плаціць шэраг новых падаткаў: у фонд падтрымкі сельгасвытворцаў, у дарожныя фонды, у мясцовыя бюджэтныя фонды стабілізацыі эканомікі, у жыльлёва-інвэстыцыйныя фонды ды шэраг іншых. Як лічаць экспэрты, дадатковая "абавязалаўка" нэгатыўна паўплывае на (і без таго сьціплую) замежную прысутнасьць у Беларусі.
XS
SM
MD
LG