Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ Ў СТРАСБУРГУ СУСТРЭЛАСЯ СЁНЬНЯ З КЛЮЧАВЫМІ АСОБАМІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ


Алена Ціхановіч, Прага

На сувязі са Страсбургу кіраўнік дэлегацыі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Рэзалюцыя датычыцца камплектацыі выбарчых камісіяў. Для нас гэта вельмі істотна, і мы зараз парцягваем працу, каб і іншыя фракцыі далучыліся да гэтай рэзалюцыі. На сёньняшні дзень можна канстатаваць, што 82 дэпутаты, якія прадстаўляюць 32 краіны і ўваходзяць у фракцыю лібэралаў, рэфарматараў і дэмакратаў, занялі прынцыповую пазыцыю ў пытаньні плюралістычнага фармаваньня выбарчых камісіяў. Для нас гэта галоўны прыярытэт. І мы зараз працуем, каб такую ж заяву зрабіў і прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўрропы лорд Рассэл Джонсан”.

Анатоль Лябедзька паведаміў таксама, што ў дэлегацыі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня сёньня адбыліся сустрэчы з ключавымі асобамі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў стасунках зь Беларусьсю. Гэта два дакладчыкі – Палітычнага камітэту спадар Вольфганг Бэрэндт і Юрыдычнага камітэту спадар Цырыл Свобада, а таксама кіраўнік Палітычнага камітэту спадар Тэры Дэйвіс.

(Лябедзька: ) “Мы можам прагназаваць, што тыя сустрэчы, якія мы правялі, дадуць канкрэтны вынікі на працягу бліжэйшага паўтара месяца. Я толькі пералічу тыя сустрэчы, якія ў нас былі. З кіраўніком Палітычнага камітэту спадаром Тэры Дэйвісам. Зь ім была размова наконт каардынацыі дзеяньняў міжнародных структураў па беларускім пытаньні. У нас таксама была сустрэча з двума дакладчыкамі – Палітычнага камітэту спадаром Вольфгангам Бэрэндтам і Юрыдычнага камітэту спадаром Цырылам Свобадам. Вельмі цікавая была сустрэча са спадаром Свобадам. Мы размаўлялі пра фармат заўтрашніх слуханьняў на Юрыдычным камітэце па беларускай праблематыцы, а таксама пра магчымасьць атрыманьня экспэртнага заключэньня Вэнэцыянскай камісіі па двух пытаньнях, якія для нас надзвычай актуальныя і важныя. Першае – наколькі легітымная беларуская ЦВК. На нашую думку, нават сыходзячы зь дзейнага заканадаўства яе фармаваньне адбылося з парушэньнямі. Другое – на наш погляд, Лукашэнка ня мае юрыдычных падставаў для таго, каб балятавацца на пасаду прэзыдэнта. Тут ізноў патрэбная незалежная экспэртыза”.
XS
SM
MD
LG