Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАТРЫЯРХ АЛЕКСІ ІІ АТРЫМАЎ АД ЛУКАШЭНКІ Ў ПАДАРУНАК ДЗЬВЕ ХАРУГВЫ КОШТАМ 100 000$


Казімер Яноўскі, Гомель

Манумэнт Дружбы на мяжы трох краінаў быў абраны месцам для перадачы Аляксандрам Лукашэнкам дзвюх адноўленых вялікіх урачыстых харугваў для храму Хрыста Збаўцы ў Маскве. Харугвы гэтыя, расшытыя золатам, былі вырабленыя паводле заказу беларускага кіраўніка за 100 тысячаў даляраў у Маскве, адтуль прывезеныя ў Беларусь, каб зноў адправіцца ў расейскую сталіцу.

Зроблена гэта было сёньня з удзелам Алексія II і афіцыйных дэлегацыяў Гомлі, Бранску і Чарнігаву, а таксама амбасадараў: Расеі ва Ўкраіне – Чарнамырдзіна, Украіны і Расеі ў Беларусі – спадароў Дроня і Даўгова, што, пэўна ж, павінна было замацоўваць за Аляксандрам Лукашэнкам імідж новага зьбіральніка славянскіх земляў. У прамове ён, у прыватнасьці, заяўляў, што сустрэча на мяжы “падкрэсьлівае непарушнасьць і гістарычную неабходнасьць духоўнага трыадзінства брацкіх усходнеславянскіх народаў”. І цьвярдыняю гэтага адзінства нібыта выступае праваслаўная царква.
Згадаўшы пра адноўлены крыж Святой Эўфрасіньні Полацкай, Аляксандар Лукашэнка, тым ня менш, казаў, што асаблівы гонар ў яго выклікае адноўлены ў Маскве храм Хрыста Збаўцы, для якога і падрыхтаваныя вялікія ўрачыстыя харугвы.

Дзякуючы за дарунак, патрыярх Маскоўскі ў сваю чаргу прамаўляў.

(Алексі ІІ: ) “Можна фармальна стаць адной краінай, але жыць сярод супярэчнасьцяў і канфліктаў. Аднак, можна, нават застаючыся ў рамках розных дзяржаваў, быць сапраўды адным народам. Для гэтага патрэбна з новай сілай ўсьвядоміць сваё духоўнае пакліканьне, сваю самабытнасьць, сваю ўнікальную місію ў сьвеце,” – сказаў першагерарх Расейскай праваслаўнай царквы.

У гутарцы з журналістамі патрыярх Маскоўскі ня стаў ацэньваць візыт Папы Рымскага Яна Паўла II у суседнюю Ўкраіну. Спаслаўся, што ня мае поўнай інфармацыі. Не вядома яму таксама, што ў Харкаве праваслаўныя вернікі не дазволі пабудаваць рымска-каталіцкі касьцёл. Вядома першагіерарху іншае.

(Алексі ІІ: ) “Мы бачылі разгром трох праваслаўных епархіяў у заходніх рэгіёнах Украіны. Грэка-каталіцкая царква была забароненая пасьля далучэньня заходніх вобласьцяў да СССР савецкім урадам. І цягам пасьлеваенных гадоў частка грэка-каталікоў вярнулася ў праваслаўе. Частка, застаючыся грэка-каталікамі ў душы, акармлялася ў праваслаўных храмах і атрымлівала адукацыю ў нашых духоўных навучальных установах. І мне падавалася, калі прыйшла рэлігійная свабода, трэба было б царкве-сястры сказаць “дзякуй”. Аднак на хвалі дзікага нацыяналізму адбыўся разгром трох праваслаўных епархіяў. І гэта справядлівасьць не адноўленая да сёньняшняга дня,” – лічыць Маскоўскі патрыярх.

Што ж да дыялёгу паміж цэрквамі, то зараз, паводле словаў Алексія II, для перамоваў засталіся толькі дзьве тэмы – Унія і празэлітызм.
XS
SM
MD
LG