Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЎТАРА МІЛЬЁНА ГРЭКА-КАТОЛІКАЎ МАЛІЛІСЯ СЁНЬНЯ РАЗАМ ЗЬ ЯНАМ ПАЎЛАМ ІІ У ЛЬВОВЕ


Мікола Іваноў, Прага

Падчас апошняй Сьвятой Літургіі ў Львове Папа беатыфікаваў 28 украінскіх пакутнікаў за веру. 27 зь іх – гэта ахвяры камунізму.

Перад пачаткам сёньняшняй Літургіі Папа блаславіў шлюб маладой грэка-каталічкі (унучкі рэпрэсаванага грэка-каталіцкага сьвятара) з праваслаўным. Сымбалічна, што загойваньне ранаў у праваслаўна-каталіцкіх адносінах ва Ўкраіне зьяўляецца адной з галоўных мэтаў візыту Папы.

Украіна – пераважна праваслаўная краіна. Католікаў тут ўсяго прылізна 10% насельніцтва (6 млн.), пераважная бальшыня якіх пражывае ў заходняй частцы краіны. Але, як адзначаюць міжнародныя аналітыкі, тут пасьля краху Савецкага Саюзу і стварэньня незалежнай украінскай дзяржавы адраджэньне каталіцызму ідзе больш хуткімі тэмпамі, чымся праваслаў’я. І таму некаторыя праваслаўныя лідэры абвінавачваюць католікаў у экспансіі, у спробах акаталічваньня праваслаўных.

Сёньняшняя амэрыканская газэта Washington Post нават называе цяперашнія міжрэлігійныя адносіны ва Ўкраіне “рэлігійнай вайной”, вайной, якая, на шчасьце, не прымае такіх скрайніх формаў, як міжканфэсbйныя і рэлігійныя канфлікты на тэрыторыі былой Югаславіі.

Вытокі сёньняшняга рэлігійнага канфлікту паходзяць з палітыкі жорсткага перасьледу грэка-католікаў у савецкі час, калі іх царква была забароненая, а ўся царкоўная маёмасьць перададзеная Расейскай Праваслаўнай Царкве. Тысячы грэка-каталіцкіх сьвятароў сталі ахвярамі камуністычных рэпрэсіяў.

Пасьля 1989 году пачаўся працэс адраджэньня грэка-каталіцызму і вяртаньня яму захопленай маёмасьці. І не заўсёды працэс гэты адбываўся спакойна, без канфліктаў.

International Herald Tribune піша, што тэрыторыя сёньняшняй Украіны – “гэта поле бітвы этнічнага і рэлігійнага канфлікту, які народжаны стагодзьдзямі канфрантацыі і падазронасьці паміж праваслаўем і каталіцтвам”. І невыпадкова Папа зрабіў пераадоленьне гэтай варожасьці адной з галоўных мэтаў свайго цяперашняга візыту. Падчас учорашняй сьвятой імшы ў Львове Папа сказаў:

(Ян Павал ІІ: ) “Няхай жа ачышчэньне гістарычнай памяці дапаможа кожнаму працаваць для трыюмфу таго, што аб’ядноўвае над тым, што дзеліць, каб збудаваць будучыню ўзаемнай пашаны, брацкага супрацоўніцтва і сапраўднай салідарнасьці”.

Падчас візыту Папа таксама папрасіў прабачэньне ў праваслаўных за, як ён выказаўся, “памылкі мінулага”. Крок гэты пазытыўна ацаніла нават Маскоўская патрыярхія, якая неаднойчы выказвала сваё незадавальненьне візытам Папы ва Ўкраіну.

Кіраўнік грэка-каталіцкай царквы кардынал Любамір Гузар ахарэктарызаваў візыт Папы як вельмі пасьпяховы, нягледзячы (як ён выказаўся) на амаль “шалёную крытыку” яго з боку маскоўскага патрыярха Аляксея ІІ. Кардынал Гузар, аднак, ізноў зьвярнуўся з заклікам да маскоўскага патрыярха згадзіцца на асабістую сустрэчу з Папам, якая магла б дапамагчы адкрыць шлях да канчатковага яднаньня хрысьціянаў і да доўгачаканага візыту Папы ў Расею.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG