Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНЫ БАНК ЗАКЛІКАЎ БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ДА РЭФОРМАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Міжнародны банк распачаў другі раўнд кансультацыяў у справе падрыхтоўцы новай стратэгіі супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Вось што паведаміў на гэты конт рэгіянальны дырэктар банку Люка Барбонэ:

(Барбонэ: ) "Стратэгію, якую мы прапаноўваем і якая будзе абмяркоўвацца Радай выканаўчых дырэктараў банку прыблізна ў сьнежні, мае тры кірункі. Першы зьвязаны зь мерапрыемствамі глябальнага характару, але якія вельмі важныя й для Беларусі. Другі кірунак — сацыяльны. І трэці — падтрымка разьвіцьця малых і сярэдніх прадпрыемстваў".

Паводле словаў спадара Барбонэ, падчас цяперашніх перамоваў місіі Міжнароднага банку з прадстаўнікамі ўраду абмеркавалі ўмовы вяртаньня бакоў да паўнамаштабнага супрацоўніцтва. Беларускія ўлады на гэтых перамовах выказалі жаданьне, каб банк прадаставіў фінансавую дапамогу.

Аднак, як вынікае са словаў спадара Барбонэ, місія ў адказ запатрабавала ад афіцыйнага Менску стварэньня ў краіне цывілізаваных эканамічных парадкаў. І найперш у сфэры эканамічнай свабоды.

(Барбонэ: ) "Мы абсалютна не задаволеныя тымі ўмовамі для разьвіцьця бізнэсу, што маюць месца ў краіне. У Беларусі існуе абсурдны прынцып: усё, што не ліцэнзаванае, тое забароненае.

У Беларусі самыя складаныя ў сьвеце правілы рэгістрацыі прадпрыемстваў, якія, магчыма, толькі крыху лепшыя, чым у Паўночнай Карэі. Гэта несумяшчальна ні з сучасным сьветам, ні з каштоўнасьцямі Эўропы", — заявіў рэгіянальны дырэктар Міжнароднага банку.

Як вынікае са словаў спадара Барбонэ, банк каардынуе сваю дзейнасьць у Беларусі зь іншымі міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. У прыватнасці, зь Міжнародным валютным фондам, які дамагаецца ад беларускіх уладаў стварэньня ў краіне спрыяльнага макраэканамічнага клімату.

Што да магчымага згортваньня ў Беларусі дзейнасьці Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, пра што заявіў учора ў Страсбургу ягоны прэзыдэнт Жан Лем’ер, то спадар Барбонэ назваў такое выказваньне цалкам абгрунтаваным з пункту гледжаньня статуту гэтай установы.

Адрозна ад Міжнароднага банку, Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця працуе толькі з дэмакратычнымі дзяржавамі і таму мусіць папярэджваць Беларусь аб захаваньні дэмакратычнага працэсу на прэзыдэнцкіх выбарах.
XS
SM
MD
LG