Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВААХОЎНІКІ НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ ПРОЦІДЗЕЙНІЧАЮЦЬ ЗЬБІРАЛЬНІКАМ ПОДПІСАЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня ў Кобрыньскую мiжраённую пракуратуру падаў скаргу мясцовы жыхар Ягор Вяршыла. Ён уваходзiць у iнiцыятыўную групу, што зьбiрае подпiсы за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Сямёна Домаша.

24 чэрвеня мiлiцыянты затрымалi Ягора Вяршылу на Кобрыньскiм гарадзкiм рынку i абвiнавацiлi ў правядзеньнi несанкцыянаванага пiкету. Супрацоўнiкам праваахоўчых органаў не спадабалася, што спадар Вяршыла ўсталяваў каля рынку прыладу з выявай Домаша i запрашэньнем падпiсвацца за ягонае вылучэньне.

Мiлiцыянты палiчылi, што гэта ёсьць агiтацыяй за аднаго з прэтэндэнтаў, весьцi якую яшчэ забаронена. Як вынiк, Ягора Вяршылу завезьлi ў пастарунак, дзе зьняважліва загадалi больш нiколi не выходзiць у горад з гэтымi прыладамi, бо ягоныя дзеяньнi будуць квалiфiкаваць як хулiганства. Спадар Вяршыла прапануе пракурору правесьцi праверку па гэтым здарэньні i пакараць мiлiцыянтаў, якія сьвядома парушылi нормы адмiнiстрацыйнага i выбарчага заканадаўства.

Гэта ня першы на Берасьцейшчыне выпадак, калi праваахоўчыя органы перашкаджаюць збору подпiсаў за магчымых кандыдатаў на прэзыдэнта, якія знаходзяцца ў апазыцыi да Аляксандра Лукашэнкi.

За апошнiя днi зьвесткi пра ўмяшальнiцтва мiлiцыянтаў i cупрацоўнiкаў КГБ у працэс вылучэньня кандыдатаў прыйшлi са Столiну, Драгiчыну ды Мiкашэвiчаў. Праблемы ўзьнiкаюць ня толькi ў iнiцыятыўнай групы Сямёна Домаша, але i ў iншых апазыцыйных кандыдатаў. Гаворыць каардынатар iнiцыятыўнай групы па вылучэньні Ўладзiмера Ганчарыка па Берасьцейскай вобласьцi Анатоль Ляўковiч:

(Ляўковiч: ) "Адна з галоўных праблем — некаторыя сябры нашай iнiцыятыўнай групы пачалi адмаўляцца ад збору подпiсаў. Самае цiкавае, што напярэдаднi яны напiсалi заявы, што будуць зьбiраць подпiсы. Цяпер яны адмаўляюцца i тлумачаць гэта тым, што ёсьць нейкi цiск на iх. Канкрэтных фактаў не называюць, а проста адмаўляюцца".

(Карэспандэнт: ) "Гэта перашкаджае збору подпiсаў?"

(Ляўковiч: ) "Подпiсы мы ўсё роўна зьбярэм. У нас вельмi вялiкая iнiцыятыўнай група, каля 700 чалавек, i тое, што некаторыя сышлi, не пашкодзiць нам сабраць подпiсы. Подпiсы зьбiраюцца дынамiчна, узрастае дынамiка збору подпiсаў, усё iдзе добра".

Згодна з папярэднімі зьвесткамі, за вылучэньне Ўладзiмера Ганчарыка кандыдатам у прэзыдэнты толькi на Берасьцейшчыне ўжо сабралі больш за 6 тысячаў подпiсаў.
XS
SM
MD
LG