Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОНКА ЦІЦЯНКОВА ЗЬВЯРНУЛАСЯ ЗЬ ЛІСТОМ ДА ЛУКАШЭНКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Беларускі журналіст Павал Шарамет, які цяпер працуе на расейскім тэлеканале ОРТ, падзяліўся з Радыё Свабода зьвесткамі пра ліст Галіны Ціцянковай да Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле гэтага ліста, мужу Галіны Ціцянковай, ёй і сынам пагражае небясьпека, якая быццам зыходзіць ад сілавых структураў Беларусі. Яна называе кіраўніка пракуратуры Беларусі Віктара Шэймана — маўляў, Лукашэнка даў яму загад "разабрацца зь Ціцянковым", а калі ня знойдуць яго, то "ў яго ёсьць дзеці, сям'я".

Учора ліст быў дасланы адрасату. Павал Шарамет сьцьвярджае, што мае копію ліста Галіны Ціцянковай і каб пацьвердзіць гэта, працытаваў ліст для Радыё Свабода.

(Шарамет: ) "25 чэрвеня 2001 году позна вечарам мне патэлефанавалі зь Менску і паведамілі, што вы быццам бы далі ўказаньне генэральнаму пракурору Шэйману В.В. наступнага зместу..." — гэта Павал Шарамет зачытваў ліст Галіны Ціцянковай да Лукашэнкі.

Наймацней у гэтым лісьце ўражвае тое месца, дзе жанчына непакоіцца за жыцьцё сыноў.

"Цяжка ўявіць, які лёс рыхтуе генэральны пракурор маім дзецям. Магчыма нехта зь іх апынецца ў турме за наркотыкі ці за скрадзеныя запчасткі, а магчыма іх скрадуць, каб зламаць бацькоў", — піша Галіна Ціцянкова і заклікае Лукашэнку адмяніць свой загад, "пакуль не адбылося непапраўнага".

Знайсьці Галіну Ціцянкову, каб спраўдзіць ейны факт звароту да Лукашэнкі, мне не ўдалося. Сям'я Ціцянковых другі год жыве ў Маскве, але нумары тэлефонаў Ціцянковых ведае абмежаванае кола людзей.

Паводле крыніцаў, Галіна Ціцянкова нядаўна прыяжджала ў Менск і раптоўна яго пакінула. Яна нібыта заўважыла, што за ёй сочаць невядомыя асобы, кінула ўсе справы і вярнулася ў Маскву.

Між тым, сёньня ліст з аналягічным тэкстам зьявіўся таксама ў "Белоруской деловой газете", што дае дадатковыя падставы лічыць яго праўдзівым. Калі гэтак, то паўстае пытаньне: чым так небясьпечны для Аляксандра Лукашэнкі ягоны некалі найбліжэйшы сябар і паплечнік Іван Ціцянкоў? Вось як адказвае на гэтае пытаньне Павал Шарамет:

(Шарамет: ) "Ціцянкоў небясьпечны Лукашэнку па некалькіх пунктах: як уладальнік фінансавых сакрэтаў, як уладальнік прыватных сакрэтаў, як сябар Бажэлкі, як сябар іншых людзей, якія засталіся ў вэртыкалі, на месцах і ў Менску, і нарэшце як чалавек, які можа арганізаваць працу з тым альбо іншым кандыдатам у прэзыдэнты, які будзе змагацца з Лукашэнкам. Вось гэтыя прычыны ягонага перасьледу мне падаюцца галоўнымі".

Павал Шарамет ня ведае, дзе зараз знаходзіцца Іван Ціцянкоў, але перакананы, што той не ў Маскве, бо там для яго таксама існуе пагроза.

Паводле інфармацыі Шарамета, нядаўна ў газавую кампанію "Ітэра", дзе раней працаваў Ціцянкоў, зь Менску прыяжджалі супрацоўнікі спэцслужбаў і цікавіліся, дзе ён зараз. "Гэта дало мне падставы меркаваць, што загад "разабрацца зь Ціцянковым" не жаночыя жахі, а рэальнасьць", — перакананы Павал Шарамет.
XS
SM
MD
LG