Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕАНІД СІНІЦЫН АДМАЎЛЯЕЦЦА ЎДЗЕЛЬНІЧАЦЬ У ДЭМАКРАТЫЧНАЙ КААЛІЦЫІ


Ігар Карней, Менск

Упершыню ў сумесным паседжаньні прынялі ўдзел адразу 12 прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкае крэсла. Але спроба акрэсьліць агульную тактыку ў часе прэзыдэнцкай гонкі скончылася збольшага няўдала: нечакана радыкальны выступ Леаніда Сініцына прынес маральны дыскамфорт у зьнешне стройныя шэрагі кандыдатаў.

Вось што распавёў прэсавы сакратар руху "За новую Беларусь" Аляксандар Коктыш:

(Коктыш: ) "Асноўнай задачай паседжаньня было выяўленьне пазыцыі кандыдатаў з тым, каб урэшце прыйсьці да адной роўніцы. І тое, што Сініцын загадзя прыйшоў са сваім сцэнаром (дэманстратыўна матам пакрыў усіх прысутных, у тым ліку й жанчын) — гэта паказала ўсе карты, якія ён мае на руках".

(Карэспандэнт: ) "Такім чынам, ягоная пазыцыя такая: ён ня мае намеру ўдзельнічаць у дэмакратычнай кааліцыі?"

(Коктыш: ) "Абсалютна так. І гэта зразумелі ўсе прысутныя. Яны былі адзіныя ў сваім меркаваньні, што Сініцын з гэтага моманту, па-першае, адмовіўся ад супрацоўніцтва з дэмакратычнымі арганізацыямі; а па-другое, гэта й ёсьць "лашадка", засланая тымі сіламі, якія ня хочуць кардынальных пераўтварэньняў у краіне".

Спадар Коктыш лічыць, што паседжаньне не было безвыніковым. Прынамсі, прынялі зварот да беларускага народу й міжнароднай супольнасьці, у якім адзначылі шматлікія парушэньні ў часе фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў, а таксама падкрэсьлілі, што Аляксандар Лукашэнка фактычна распачаў сваю перадвыбарчую кампанію, схіляючыся да фальсыфікацыі выбараў.

Апроч таго чакалі, што падымуць пытаньне наконт адзінага кандыдата ад пяцёркі, але самі кандыдаты вырашылі сабраць з гэтай нагоды асобнае паседжаньне. Магчыма, нейкія вынікі будуць вядомыя ўжо заўтра.

А вось як ацэньвае ўчорашнія падзеі вакол Леаніда Сініцына кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Калякін:

(Калякін: ) "Для чалавека зь вялікім досьведам палітычнай дзейнасьці паводзіны не зразумелыя. Хоць па сутнасьці ніякай пазыцыі ягоны выступ ня меў. Чалавек прыйшоў, аблаяў усіх матам і пайшоў. Прычым, лаяўся не зразумела пра што, зь якой нагоды. Я не лічу, што так павінен сябе паводзіць чалавек, які прыйшоў на дзелавую сустрэчу. Тады чаго хадзіў наогул?"

У перадвыбарчым штабе самога Леаніда Сініцына сёньня цішыня. Прынамсі, ніводзін з тэлефонаў не адказвае, на пэйджэрныя пасланьні ніхто не адгукаецца. Паводле староньніх назіральнікаў, пакуль актывісты штабу самі ня ведаюць, як рэагаваць на паводзіны свайго кандыдата ў прэзыдэнты, а таму ад нейкіх камэнтароў устрымліваюцца.
XS
SM
MD
LG