Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ НАДАЛЕЙ ЕДЗЕ ЎЗДОЎЖ БЕЛАРУСКАЙ МЯЖЫ З УКРАІНАЙ


Казімер Яноўскі, Гомель

Шлях патрыярха як бы калькуе ўсю паўднёвую мяжу Беларусі з Украінай і праходзіць адначасна зь візытам ва Ўкраіну Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Адрозьненьне хіба ў тым, што на сустрэчу з Папам Рымскім ад’ехала шмат беларускіх паломнікаў-каталікоў, а патрыярха Маскоўскага сустракаюць пераважна афіцыйныя дзяржаўныя чыноўнікі і сьвятары памежных епархіяў і кіраўніцтвам беларускага эгзархату разам зь мітрапалітам Філярэтам.

У Тураве Алексі ІІ наведаў старажытнае замчышча, дзе стаіць помнік знакамітаму епіскапу і асьветніку Кірылу Тураўскаму. Ля помніка патрыярх вітаў прысутных, сказаў, што беларуская зямля надзвычай пацярпела і ад мінулай вайны, і ад радыяцыі. Пра тое, што ў 17 стагодзьдзі сам Тураў быў спустошаны на тры чвэрці ў выніку 12-гадовай вайны з Масковіяй, Алексі ІІ не згадаў. Хутка ён наагул ад’ехаў на адпачынак у Мазыр у прафілякторыю “Сосны”, што належыць нафтаперапрацоўчаму заводу.

Крыху больш за тыдзень таму разьмяшчэньне Маскоўскага патрыярха і яго сьвіты ў “Соснах” абмяркоўвалася ў Мазырскім гарвыканкаме з удзелам беларускага прэм’ер-міністра Ярмошына. Адзін з намесьнікаў старшыні Гомельскага аблвыканкаму інфармаваў тады прэм’ера, што толькі сталовага посуду для прыёма царкоўнага гіерарха трэба купіць на 17 мільёнаў рублёў. Відаць, не ўлічылі, што візыт якраз прыпадае на Пятроў пост.

Сёньня Алексі ІІ заставаўся ў Мазыры, дзе наведаў капліцу мыжчынскай турмы, асьвяціў камень на месцы пабудовы новай бажніцы непадалёк Палацу культуру нафтавікоў, служыў малебен у Сьвята-Міхайлаўскім саборы, ускаладаў кветкі да помніку загіблым.

У рэстарацыі гатэля “Прыпяць” гарвыканкам наладзіў прыём з нагоды візыту патрыярха.

У другой палове дня Алексі ІІ на 15 хвілінаў завітаў у Сьвята-Казанскую царкву Калінкавічаў і ад’ехаў у Хойнікі, дзе ля помніку пахаваным чарнобыльскім вёскам адслужыў невялікі малебен.

Заўтра візыт Алексія ІІ на Гомельшчыну завершыцца чарговай сустрэчай з Аляксандрам Лукашэнкам ля манумэнту дружбы на мяжы Беларусі, Расеі і Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG