Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНЭРАЛ КГБ ВАЛЕРЫ КЕЗ ПАПЯРЭДЖВАЕ ПРА НАЦЫЯНАЛЬНУЮ КАТАСТРОФУ


Аляксандар Лукашук, Прага

З рэзкай ацэнкай дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі выступіў у менскай газэце “День” былы намесьнік дзяржсакратара Рады бясьпекі Беларусі генэрал КГБ Валеры Кез. Ён заявіў, што далейшае знаходжаньне Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе прывядзе краіну да нацыянальнай катастрофы. Генэрал Кез таксама заявіў, што ў КГБ ёсьць сумленныя і адданыя народу афіцэры, якія разумеюць антынародную сутнасьць палітыкі Лукашэнкі.

Генэрал Кез прызнае, што быў у ліку актыўных прыхільнікаў Лукашэнкі, як і шмат якія сумленныя людзі, але хутка зразумеў цынізм новай улады. Як хутка? Калі газэты выйшлі зь белымі плямамі? Калі зьбівалі дэпутатаў, што галадалі за беларускую мову? Калі касавалі канстытуцыю, у кроў зьбівалі дэманстрантаў, тапталі амонаўскім ботам ў аўтазаках? Калі пачалі зьнікаць людзі?.. Але: лепш позна, чым ніколі.

Справа ў іншым. Зьяўленьне прадстаўнікоў КГБ на першых палітычных ролях на постсавецкай прасторы звычайна суправаджаецца іх дэклярацыямі ў адданасьці дэмакратыі, свабодзе слова, цярпімасьці да іншадумства. Супрацоўнікі службаў бясьпекі выступаюць у ролі прафэсіяналаў, якія клапоцяцца пра законнасьць. Такі імідж даволі добра спрацоўвае – узяць хоць бы самы сьвежы фэнамэнальны прыклад цяперашняга расейскага прэзыдэнта.

Што, аднак, насьцярожвае ў заявах пра нібыта мноства сумленных афіцэраў у беларускіх спэцслужбах – гэта іхныя паводзіны падчас панаваньня цяперашняга рэжыму. Цяжка меркаваць, ці разабраліся афіцэры, як сьвярджае іх былы кіраўнік генэрал Кез, у антынароднай сутнасьці рэжыму. Цалкм магчыма – усё ж людзі з прававой адукацыяй, чаму б ім не зразумець тое, што даўно зразумелі падлеткі з Маладога Фронту.

Але, шчыра кажучы, іхныя думкі ня маюць асаблівага значэньня, пакуль яны выконваюць свае функцыі – падслухоўваюць перамовы палітыкаў, займаюцца палітычным сачэньнем, дапытваюць журналістаў, складаюць аналітычныя даведкі, здабываюць дакумэнты, на падставе якіх потым рыхтуюцца прапагандысцкія перадачы беларускага тэлебачаньня. Іншымі словамі – служаць. І не закону, а ўладзе. А тое, што пры перамене ўласнага лёсу ці ўлады высьвятляецца, што яны ў душы думалі іначай – гэта факт прыемны, але выключна для хатняга ўжытку.
XS
SM
MD
LG