Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЕРШЫ ДЗЕНЬ СЭСІІ Ў СТРАСБУРГУ БЫЎ ПЛЁННЫМ ДЛЯ БЕЛАРУСКІХ АПАЗЫЦЫЯНЭРАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Анатоль Лябедзька й сакратар дэлегацыі Яраслаў Раманчук выступілі сёньня на паседжаньні дзьвюх фракцыяў Парляманцкай асамблеі Рады Эўропы -- кансэрватараў і лібэралаў-рэфарматараў. На сувязі са Страсбургу Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Цікавасьць да выступу была вельмі вялікая, велізарная проста, і пасьля выступу было багата пытаньняў. У першую чаргу мы выдзялілі два прыярытэты. Фармаваньне выбарчых камісіяў на парытэтных пачатках, каб там абавязкова прысутнічалі людзі ня толькі ад Лукашэнкі ці тыя, хто мае фінансава-эканамічную залежнасьць ад беларускага рэжыму. А другі прыярытэт гэта праходжаньне працэдуры рэгістрацыі альтэрнатыўнымі кандыдатамі ад шырокай грамадзянскай кааліцыі".

Кіраўнік апазыцыйнай дэлегацыі гаворыць, што ў часе выступу яму ўдалося паінфармаваць сябраў Парлямэнцкай асамблеі пра сапраўднае становішча, якое склалася ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Апазыцыянэры нават прапанавалі зьвярнуцца да сябраў уплывовай Венецыянскай камісіі з просьбай прааналізаваць беларускае заканадаўства і зрабіць выснову, можа Аляксандар Лукашэнка браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, ці не.

Прысутныя на паседжаньні дэпутаты г.зв. Палаты прадстаўнікоў Андрэй Лосеў і Ўладзімер Навасяд, спрабавалі давесьці сябрам Парлямэнцкай асамблеі, што выбарчая кампанія праходзіць у дэмакратычных умовах. Увогуле ж, паводле Анатоля Лябедзькі, яны фактычна не кантактуюць з сябрамі дзяржаўнай дэлегацыі пад кіраўніцтвам Уладзімера Канаплёва.

Сёньня прадстаўнікі апазыцыі таксама сустрэліся з кіраўніком парлямэнцкай дэлегацыі Расеі Дзьміртрыем Рагозіным. Анатоль Лябедзька працягвае:

(Лябедзька: ) "Прагаворвалі нашы далейшыя крокі, якія былі б скіраваныя на тое, каб у Беларусі насамрэч адбыліся сапраўдныя выбары, якія б былі прызнаныя як унутры краіны, так і за яе межамі. Кіраўнік расейскай дэлегацыі сп.Рагозін сыходзіць з таго, што выбары, якія адбудуцца ў Беларусі, калі яны будуць міжнародна прызнанымі, гэта адпавядае стратэгічным інтарэсам Расеі. Ён прыхільнік такога падыходу, што расейскія ўлады павінны працаваць ня толькі з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску, але таксама й з палітычнай апазыцыяй".

Вельмі важнымі будуць сустрэчы спадароў Лябедзькі й Раманчука з кіраўніком палітычнага камітэту ПА Рады Эўропы Тэры Дэйвісам, а таксама з дакладчыкамі па Беларусі Вольфгангам Бэрэндтам і Цырылам Свобадам.

Сёньня ўвечары Анатоль Лябедзька й Яраслаў Раманчук запрошаныя на вячэру да прэзыдэнта ПА Рады Эўропы лорда Расэла Джонсана. У часе гэтай сустрэчы апазыцыянэры перададуць сп.Джонсану зварот, падпісаны пяцёркай прэтэндэнтаў і кіраўнікамі апазыцыйных партыяў з просьбай аказаць ціск на беларускія ўлады ў справе правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў.

Альгерд Невяроўскі, Менск.






XS
SM
MD
LG