Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТАБ-КВАТЭРЫ ПАТЭНЦЫЙНЫХ КАНДЫДАТАЎ ПЕРАВАЖНА ПРАСЯКНУТЫЯ АПТЫМІЗМАМ


Віталь Цыганкоў, Менск

Падыход ініцыятыўных групаў да інфармаваньня прэсы пра ход выбарчай кампаніі вельмі неаднолькавы. Большасьць зь іх, безумоўна, жадае, каб імя іхнага кандыдата трапіла ў СМІ, але некаторыя захоўваюць заслону таемнасьці.

Напрыклад, намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў паведаміў нашаму Радыё, што ініцыятыўная група Зянона Пазьняка ня будзе паведамляць прэсе колькасьць сабраных подпісаў да заканчэньня гэтага этапу выбарчай кампаніі.

Дарэчы, гэткае самае рашэньне прынялі ў штаб-кватэры Леаніда Сініцына. Прынамсі, так сьцьвярджае Аляксандар Фядута, адзін з блізкіх паплечнікаў спадара Сініцына. Выглядае, што Сініцын зрабіў стаўку на расейскія тэлеканалы, пра што ён і паведаміў у нядзелю ў праграме ОРТ "Времена".

Аднак прадстаўнікі ініцыятыўных групаў іншых прэтэндэнтаў больш ахвотна паведамляюць прэсе пра ход выбарчай кампаніі. Вось што распавяла кіраўніца ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) "Першыя дні паказалі, што ў 50 адсотках кватэраў адчыняюць дзьверы, і ў палове адкрытых кватэраў, а можа і ў дзьвюх трацінах, аддаюць подпісы за Ганчарыка. 22 чэрвеня ў нас ужо было 18 тысячаў подпісаў.

Але мы ня толькі зьбіраем подпісы, але і праводзім свой маніторынг. Мы пытаемся ў людзей у кватэрах: за каго яны будуць галасаваць. Паводле маніторынгу, у Менску за Лукашэнку будзе галасаваць 12%, па Беларусі — 18%.

Мы сёньня абмяркоўвалі, што людзі нічога ня ведаюць. Яны не чытаюць газэтаў. Таму нашая задача, асабліва ў рэгіёнах — інфармаваць людзей наагул пра выбары".

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша Яўген Лабановіч паведаміў, што вынікі збору подпісаў за тыдзень падводзяць шточацьвер.

(Лабановіч: ) "Таму мы толькі ў пятніцу будзем ведаць, колькі подпісаў сабралі за тыдзень. Але я ўжо меў адпаведныя размовы зь некаторымі кіраўнікамі раённых штабоў і магу сказаць, што, напрыклад, у Баранавічах за два дні сабралі 500 подпісаў, у Воршы — 600 подпісаў. Ёсьць праблемы ў Кобрыне, дзе ўчора некалькі разоў затрымлівалі актывістаў ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша і потым адпусьцілі.

Што тычыцца стаўленьня да кандыдатуры спадара Домаша, то можна сказаць, што больш як 70% людзей у Менску, калі ім распавядаюць, хто такі Домаш, што ён адзін з галоўных, хто выступае супраць Лукашэнкі, ставяць свой подпіс".

Такім чынам, можна зазначыць, што штаб-кватэры патэнцыйных кандыдатаў пераважна прасякнутыя аптымізмам. Але найбольшым аптымізмам вылучаецца перадвыбарчы штаб Сяргея Гайдукевіча. Там паведамляюць, што за кіраўніка ЛДПБ ужо сабралі звыш 30 тысячаў подпісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG