Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЛЯ ЛУКАШЭНКІ СЮРПРЫЗ ПРАБЛЕМЫ Ў ПРАМЫСЛОВАСЬЦІ


Алег Супрунюк, Берасьце

Учора і сёньня Лукашэнка знаходзіўся ў Берасьці. У нядзелю ён шмат часу правёў з Патрыярхам Алексіем ІІ. Разам яны ня толькі наведвалі праваслаўныя храмы гораду, але й бралі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі “Памяць”, што ладзілася на тэрыторыі Берасьцейскай крэпасьці. У часе наведаньня Лукашэнкам гэтага мэмарыяльнага комплексу, у крэпасьці і на вуліцах, што знаходзяцца побач, распаўсюджваліся адмысловыя налепкі. На іх былі ўзгаданыя словы першага беларускага прэзыдэнта пра тое, што ня толькі ўсё дрэннае было зьвязана ў Нямеччыне з Адольфам Гітлерам.

Сам Лукашэнка запэўніваў Маскоўскага Патрыярха, што цяперашняя дзяржаўная ідэалёгія ў Беларусі амаль цалкам супадае з хрысьціянскім вучэньнем, і што ён і надалей будзе падтрымліваць праваслаўную царкву.

Сёньня Лукашэнка наведаў шэраг прадпрыемстваў Берасьця і быў зьдзіўлены, што ў прамысловасьці гораду існуе шмат праблемаў. Асабліва яго зьбянтэжыла інфармацыя пра стан справаў на электрамеханічным заводзе. Лукашэнка паабяцаў звольніць з працы дырэктара прадпрыемства і міністра прамысловасьці, калі да канца году тут ня будзе павялічаны заробак і колькасьць працоўных месцаў.

І ўсё ж асноўная тэма прамоваў Лукашэнкі ў часе наведаньня Берасьця тычылася прэзыдэнцкіх выбараў. Ён запэўніваў, што не зьбіраецца прасіць берасьцейскіх выбаршчыкаў, каб яны галасавалі менавіта за яго. “Больш за 20 чалавек жадаюць сесьці ў прэзыдэнцкае крэсла – выбірайце любога, каго хочаце,” – гаварыў Лукашэнка.

Што да сваіх апанэнтаў па выбарчай кампаніі, дык Лукашэнка чарговы раз абвінаваціў іх у тым, што яны езьдзяць на Захад і паліваюць брудам Беларусь. “Хутка яны да вас прыедуць, – зьвяртаўся Лукашэнка да берасьцейцаў. – Вы спытайце, дзе іхныя дзеці, дзе самі гэтыя прэтэндэнты працуюць і дзе бяруць грошы, каб весьці выбарчую кампанію?”

Нешта спытаць у самога Лукашэнкі берасьцейцы магчымасьці так і не атрымалі.
XS
SM
MD
LG