Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАТРЫЯРХ АПАСАЕЦЦА ПАЛЯЎНІЧЫХ-УНІЯТАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

У Пінск Алексій ІІ прыехаў увечары, каля паловы на дзясятую. У цэнтры гораду, каля царквы Ўваскрашэньня Славушчага, натоўп вернікаў чакаў патрыярха каля дзьвюх гадзінаў, бо напярэдадні паведамілі, што служба зь ягоным удзелам распачнецца а восьмай гадзіне.

Яшчэ раней праваслаўныя прасілі старшыню Пінскага гарвыканкаму Васіля Шуста абвесьціць дзень прыезду Алексія выхадным днём. Аднак жа гэтага не адбылося.

Бадай, ніколі Пінск ня бачыў гэтулькі шыкоўных аўтамабіляў ды ахоўнікаў у цывільным. А шматлікія міліцыянты ды вайскоўцы перакрылі пад'езды да цэнтру гораду і не пускалі простых пінчукоў блізка да царквы. Таму добрая частка ўрачыста апранутых вернікаў вымушаная была стаяць за царкоўнай агароджай.

Напярэдадні ў горадзе пафарбавалі некалькі будынкаў і платоў, прыбралі сьмецьце ды пакасілі траву паабапал вуліцаў, дзе мусіў быў праехаць першагерарх Расейскае праваслаўнае царквы.

На пад'ездах дамоў, што блізка царквы Ўваскрашэньня Славушчага, камунальнікі павесілі аб'явы з просьбай да жыхароў паздымаць з балконаў бялізну ды ня вешаць яе два дні.

Яшчэ адна цікавая падзея адбылася перад прыездам Алексія ІІ. Да прыхажаніна мясцовай уніяцкай парафіі Паўла Аляхновіча, які ёсьць заўзятым паляўнічым, прыйшлі міліцыянты з аддзелу дазволаў і аплямбавалі сэйф, дзе захоўваецца паляўнічая зброя. Паводле спадара Аляхновіча, да ягоных калегаў па паляваньні ніхто не прыходзіў. Спадар Аляхновіч паведаміў, што сёньня пінскія ўніяты паедуць у Кіеў на сустрэчу з папам Рымскім Янам Паўлам ІІ-м.

Сёньня раніцай Алексій ІІ асьвяціў яшчэ недабудаваны Сьвята-Феадораўскі сабор у гарадзкім мікрараёне Лугі. Падчас кароткае прамовы да прыхажанаў патрыярх адзначыў, што пінскі сабор падобны да храма Хрыста Збаўцы ў Маскве. Ён таксама некалькі разоў назваў "нашай" зямлю, на якой пабудаваны новы сабор.

Па абедзе перашагерарх Расейскай праваслаўнай царквы наведаў пінскі Дом міласэрнасьці.

Прыкладна на палову пятай картэж патрыярха накіраваўся праз Столін, Давыд-Гарадок і Тураў у Мазыр.
XS
SM
MD
LG